На свіцязянскай хвалі. Чым жыве Валеўская сярэдняя школа напярэдадні свайго 155-годдзя
04.09.2024У планах — адкрыць трэці школьны музей і пракласці экасцяжынку да легендарнага возера Свіцязь. Чым жыве Валеўская сярэдняя школа Навагрудскага раёна напярэдадні свайго 155-годдзя, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Усе адценні зялёнага
Першае, што з гордасцю паказвае на прышкольнай тэрыторыі дырэктар установы адукацыі Андрэй Падліпскі, — гэта вялікі парк-дэндрарый. Ён быў закладзены ў 1961 годзе, і тут да гэтага часу растуць дрэвы і кустарнікі з розных краін свету, рэдкія для нашых мясцін.
— Атрымаўшы ў спадчыну такую выдатную прыродную базу, мы ўдзяляем асаблівую ўвагу экалагічнаму выхаванню дзяцей. З 2021 года з’яўляемся “зялёнай школай”, — адзначае Андрэй Віктаравіч. — Вучні рэалізуюць самыя розныя праекты экалагічнай накіраванасці. Іх навукова-даследчыя работы нязменна займаюць прызавыя месцы на конкурсах розных узроўняў. Агульнымі сіламі дзяцей, іх бацькоў і педагогаў мэтанакіравана робім нашу “зялёную школу” яшчэ больш зялёнай: саджаем кустарнікі, дрэвы і нават закладваем алеі. Так, нядаўна пасадзілі рабінавую алею ў гонар педагогаў-ветэранаў, алею сямейных дрэў.
Амаль кожны год парк-дэндрарый прырастае новымі пляцоўкамі. Так, на “Паляне птушак” усталяваны інфармацыйны стэнд, які знаёміць дзяцей з разнастайнасцю птушак гэтай мясцовасці, у тым ліку пяццю чырванакніжнікамі, развешаны шпакоўні і сінічнікі, зімой арганізуецца падкормка крылатых жыхароў. У “Вавёрчыным гаі”, які створаны сярод упадабаных вавёркамі дрэў, вучні могуць удосталь назіраць за гэтымі прыгожымі звяркамі, пашыраць свае веды аб іх, частаваць прысмакамі. А яшчэ тут ёсць клумба для насякомых “Матылёк”, “Лясная аптэка” і шмат чаго іншага.
Дырэктар не хавае: даглядаць вялікую, каля 5 га, тэрыторыю школе няпроста. Але агульнымі сіламі яны спраўляюцца. Актыўна задзейнічаны ў гэтым і навучэнцы. Тэрыторыя парку-дэндрарыя падзелена паміж класамі, восенню і вясной дзеці разам з настаўнікамі старанна працуюць на сваіх участках. Кожнае лета на гэтых работах задзейнічаны працоўныя брыгады школьнікаў, якія фінансуюцца за кошт дзяржаўных сродкаў.
— Ва ўстанове адукацыі працуе адно з найстарэйшых у Беларусі школьных лясніцтваў — яму ўжо амаль 60 гадоў. А шэсць гадоў назад створаны “Клуб захавальнікаў прыродных ландшафтаў”. Удзельнікі гэтых аб’яднанняў маюць актыўную прыродаахоўную пазіцыю, якая натхняе іх на многія карысныя справы, яны надзейныя памочнікі Свіцязянскага лясніцтва, — паведамляе настаўнік-дэфектолаг куратар экалагічных праектаў школы Кацярына Шапель.
Такая рознабаковая выхаваўчая работа ў кірунку экалогіі дае свой плён. Нямала выпускнікоў звязала сваё жыццё з прыродаахоўнай дзейнасцю, яны працуюць у лясніцтвах. А ўвогуле, якую прафесію ні выбралі б у будучым мясцовыя школьнікі, атрыманыя ўрокі любові да прыроды, клопату аб ёй не забудуцца ніколі.
І каменны пояс, і вогненны крыж
На высокім узроўні наладжана ў школе і работа па патрыятычным, краязнаўчым і духоўна-маральным выхаванні дзяцей. І база для гэтага тут таксама створана вельмі грунтоўная.
Заснаваны ў 1955 годзе Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей — гэта чатыры пакоі, сем аддзелаў, у якіх за доўгія гады сабраны вельмі цікавыя і нават унікальныя экспанаты розных часоў.
Тут можна пабачыць, напрыклад, вялікі, з дзіцячую галаву, зуб маманта, які ў савецкія часы вучоныя знайшлі ў гэтых мясцінах падчас раскопак і падарылі школе. Палатняную сумку і грыфельную дошку вучняў, якія спасцігалі веды ў мясцовай навучальнай установе яшчэ ў XIX стагоддзі. Частку даху аднаго з будынкаў Брэсцкай крэпасці з 120 прабоінамі ад асколкаў снарадаў — валеўскія дзеці знайшлі яе ў 1950-х гадах падчас экскурсіі ў легендарную цытадэль.
Па словах кіраўніка музея настаўніцы гісторыі Нэлы Санько, багатая база дазваляе праводзіць захапляльныя экскурсіі, музейныя ўрокі, факультатыўныя заняткі. Вялікі пласт сабраных звестак аб гісторыі краю дае настаўнікам і вучням натхненне для далейшай даследчай работы. Рэалізаваны цэлы шэраг калектыўных школьных праектаў. Так, у рамках праекта “Каменны пояс Гродзеншчыны” вучні розных класаў стварылі прыгожыя кардонныя макеты старажытных замкаў роднага краю — Навагрудскага, Мірскага, Крэўскага, Лідскага, Гальшанскага, Старога замка Гродна. У рамках другога праекта зрабілі з дрэва макет вёскі Тулічава, якую фашысты збіраліся спаліць разам з жыхарамі, але партызаны змаглі людзей вызваліць, а вось будынкі было ўжо не выратаваць.
Вучні школы даглядаюць дзевяць помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Валеўскага сельсавета. Адзін з іх знаходзіцца на тэрыторыі школы — гэта брацкая магіла чырвонаармейцаў і партызан, якія вызвалялі Валеўку ў ліпені 1944 года. А яшчэ тут знайшлі вечны спакой два салдаты Чырвонай Арміі, якіх у 1941 годзе фашысты расстралялі ў цэнтры вёскі і забаранілі мясцовым жыхарам хаваць, але яны гэта ўсё роўна зрабілі. Каб магіла не згубілася, побач пасадзілі куст бэзу. Пасля вайны чырвонаармейцаў перапахавалі ў брацкай магіле. Школьнікі пра гэтую гісторыю ведаюць, яна дадае асаблівай кранальнасці памятным мерапрыемствам, якія тут ладзяцца.
Яшчэ адзін верны шлях абудзіць у дзяцей цікавасць да старонак мінулага ляжыць праз гісторыю сям’і, падкрэслівае настаўніца гісторыі Тамара Сурага.
— У маёй сям’і захавалася каштоўная рэліквія — узнагарода продка, атрыманая ім падчас удзелу ў Айчыннай вайне 1812 года. На ўроках паказваю яе вучням і пытаюся: “А ці ведаеце вы, якія ўзнагароды продкаў ёсць у вашай сям’і?” І дзеці пачынаюць цікавіцца, пытацца ў старэйшых членаў сям’і, — расказвае суразмоўніца. — Калі даведваюцца пра ўзнагароды сваіх прадзедаў, якія яны атрымалі за ўдзел у Вялікай Айчыннай, цікавасць да яе падзей прыкметна ўзрастае. Адзін вучань высветліў, што яго продак ваяваў на руска-японскай вайне, дык ён і гісторыю гэтай вайны вывучыў, і яшчэ мастацкую літаратуру прачытаў. А адна дзяўчына даведалася, што яе бабуля мае значок удзельніцы ВДНГ у Маскве, куды яе ў савецкія гады адправілі як лепшую звеннявую калгаса. І цяпер яна добра ведае, што такое ВДНГ і як у СССР заахвочвалі выдатную працу калгаснікаў. Ці можна будзе пры такім падыходзе заставіць гэтую моладзь перапісаць нашу гісторыю? Яны гэтага не дазволяць! Таму што гісторыя для іх — не старонкі падручніка, а старонкі жыцця іх сем’яў.
Дарэчы, пра ўзнагароды. У мінулым годзе Тамара Мікалаеўна была ўдастоена медаля Францыска Скарыны. Такім чынам настаўніцу адзначылі за шматгадовую плённую працу па выхаванні падрастаючага пакалення. Акрамя ўрокаў гісторыі, яна шмат гадоў вяла факультатыў па духоўна-маральным выхаванні, адкрываючы дзецям прыгажосць нашых традыцыйных каштоўнасцей. Разам з іншымі педагогамі арганізуе змены патрыятычнай і духоўна-маральнай накіраванасці ў школьным лагеры. А яшчэ яе вучні штогод удзельнічаюць у праваслаўным балі ў Навагрудку. Кожнае лета з ахвотай адпраўляюцца ў байдарачныя паходы, якія ўзначальвае навагрудскі святар айцец Яўгеній.
Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Сяргей Мазалевіч
Аповед пра школу будзе няпоўным, калі не адзначыць яшчэ адну яе выдатную пляцоўку — музей вылічальнай і мультымедыйнай тэхнікі. Ён маладзейшы за гісторыка-краязнаўчы музей, быў створаны 10 гадоў назад. Але тут змаглі сабраць ужо больш за 350 экспанатаў.
Таму пра тое, як выглядалі першыя камп’ютары, мышкі, калькулятары і шмат чаго яшчэ, мясцовыя вучні ведаюць не па карцінках. Выдатны рэсурс для ўрокаў інфарматыкі і матэматыкі!
Шляхі і сцяжынкі
Чатыры гады запар Валеўская сярэдняя школа прызнавалася ўстановай адукацыі ўзорнай якасці і парадку. Яна па праве лічыцца культурна-адукацыйным цэнтрам аграгарадка. Тут сабраўся згуртаваны прафесіянальны калектыў, тры выдатнікі адукацыі.
— Працаваць у школе, якой хутка споўніцца 155 гадоў, цікава і адначасова адказна. Мы беражліва захоўваем традыцыі, але і сваімі дасягненнямі імкнёмся адзначыцца, каб быць годнымі нашых папярэднікаў. Хаця гэта і няпроста, бо дзяцей зараз не так шмат, як раней. У гэтым навучальным годзе за парты сеў 101 вучань, — заўважае дырэктар.
У планах установы адукацыі — адкрыць трэці школьны музей — музей лесу. А яшчэ стварыць экасцяжынку ад школы да легендарнага возера Свіцязь. Адпаведны праект ужо распрацаваны, імкнуцца знайсці пад яго фінансаванне. Пажадаем, каб усё ў юбіляраў атрымалася.
Источник: https://nastgaz.by