Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрый Шулейка павіншаваў вучняў Казлоўшчынскай сярэдняй школы з Днём ведаў
02.09.2024На Дзятлаўшчыне сёлета за парты сеў 2091 навучэнец.
Кветкі, усмешкі, прыемныя сустрэчы, так для падрастаючага пакалення нашай краіны традыцыйна пачынаюцца першыя дні восені.
2 верасня ў школах Беларусі празвінелі першыя званкі, якія далі старт 2024-2025 навучальнаму году, што праходзіць пад знакам якасці. На Дзятлаўшчыне сёлета за парты сеў 2091 навучэнец, з іх 151 першакласнік, піша diatlovonews.by.
У Дзень ведаў Казлоўшчынская сярэдняя школа сустракала гасцей. Удзел у вераснёўскай лінейцы разам з 212 навучэнцамі гэтай установы прынялі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрый Шулейка, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы пратаіерэй Георгій Ярмоліч, настаяцель касцёла Сэрца Пана Езуса ксёндз Андрэй Пышынскі.
Права пад гукі гімна ўзняць Дзяржаўны сцяг і тым самым адкрыць свята было прадастаўлена пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па матэматыцы, прызёру раённага этапу рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” Аляксандры Лішык і прызёру абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, члену ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць” Сямёну Адамчыку.
Юрый Шулейка падарыў Казлоўшчынскай сярэдняй школе два мульціборды, якія дапамогуць зрабіць падарожжа па краіне ведаў яшчэ больш запамінальным і цікавым.
Да віншаванняў намесніка прэм’ер-міністра далучыўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Сённяшняе свята выклікае асаблівыя пачуцці, вельмі хочацца, каб яго атмасферу мы перадавалі з пакалення ў пакаленне. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую педагогам раёна, дзякуючы якім падрыхтаваныя і абноўленыя ўстановы зноў сустракаюць сваіх вучняў, а таксама калектыву Казлоўшчынскай сярэдняй школы, які па выніках работы ў 2023 годзе занесены на раённую Дошку гонару. Паважаныя бацькі, для вас гэты дзень таксама святочны. Спадзяюся новы навучальны год мы пройдзем ва ўзаемадзеянні і дасягнём найлепшых вынікаў. Навучэнцам я жадаю, каб год стаў паспяховым і плённым, а раённая ўлада заўсёды гатова падставіць вам надзейнае плячо. У добры шлях!
Кіраўнік раёна перадаў дырэктару ўстановы Ігару Данільчыку падарачны сертыфікат на пяць тысяч рублёў.
Удзельнікаў і гасцей святочнай лінейкі творча павіталі самыя юныя і самыя дарослыя школьнікі – навучэнцы першых і адзінаццатых класаў.
Прыемным момантам урачыстасці стала ўручэнне малечы сімвалічнага ключа ведаў.
Атрымалі першакласнікі і традыцыйны падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі – падарачнае выданне кнігі “Беларусь – наша Радзіма”. Асобнікі ім перадалі адзінаццацікласнікі і госці свята.
Першы ў гэтым навучальным годзе званок для казлоўшчынскіх школьнікаў прагучаў у выкананні адзінаццацікласніка Уладзіслава Нічыпаровіча і першакласніцы Алены Лазута. Ён паклікаў навучэнцаў за парты на адзіны рэспубліканскі ўрок “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы”.
Источник: https://grodnonews.by