Тэматычны факультатыў павысіць цікавасць старшакласнікаў да аграрных прафесій
22.08.2024Пастановай Міністэрства адукацыі ад 22.07.2024 № 91 зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў аграрныя прафесіі». Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Праграма разлічана на 70 гадзін (дзве ў тыдзень) у 10 класе і на 68 (дзве ў тыдзень) – у 11-м. Яе мэта — фарміраванне самавызначэння навучэнцаў да свядомага выбару аграрнай прафесіі.
Школьнікі азнаёмяцца з дзяржаўнай палітыкай развіцця АПК, пашыраць і сістэматызуюць веды аб спецыфіцы і разнастайнасці аграрнай дзейнасці, яе сацыяльнай і эканамічнай значнасці, актуалізуюць веды аб сельскагаспадарчых раслінах і жывёлах, даведаюцца пра тэхналогіі вытворчасці сельгаспрадукцыі.
Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, змест праграмы факультатыву прадстаўлены па модульна-блочным прынцыпе: тэмы разбіты на адносна самастойныя модулі, што спрыяе выбудоўванню мноства траекторый вывучэння матэрыялу. Такі прынцып прадугледжвае варыятыўнае фарміраванне адукацыйных маршрутаў з улікам магчымасцей і планавання адукацыйнай дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў комплексе, у тым ліку ў рамках узаемадзеяння з установамі вышэйшай адукацыі.
Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць метады актыўнага навучання, інтэрактыўныя метады, метады дыдактычнай эўрыстыкі (адкрытыя эўрыстычныя заданні, эўрыстычныя адукацыйныя сітуацыі), дыскусіі, метад праектаў, метады кагнітыўнай-рэфлексіўнай работы з вучэбнай інфармацыяй, гульнявыя метады, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Праграмай прадугледжаны практычныя заняткі, якія ўключаюць у сябе правядзенне семінараў, экскурсій, выязных заняткаў з мэтай замацавання атрыманых ведаў на практыцы і знаёмства з арганізацыяй аграрнай вытворчасці.
У выніку навучэнцы павінны авалодаць базавымі прафесійнымі кампетэнцыямі, азнаёміцца з сучасным узроўнем тэхналогій і зместам прафесійнай дзейнасці ў сферы АПК. Яны будуць ведаць асноўныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама элементы тэхналогій яе атрымання і перапрацоўкі, важнасць і дасягненні селекцыі і біятэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, разнастайнасць і асаблівасці выкарыстання ў сельскай гаспадарцы колавых трактароў і сельскагаспадарчых машын і інш. Галоўным вынікам павінна стаць сфарміраванасць у вучняў устойлівай цікавасці да аграрнай дзейнасці, станоўчай матывацыі і ўсвядомленай пазітыўнай устаноўкі на працяг адукацыі ў напрамку авалодання аграрнай прафесіяй.
Источник: https://nastgaz.by