Да першага верасня ў школах з’явяцца тры новыя навучальныя дапаможнікі
22.08.2024Ранцы вучняў пацяжэюць — другакласнікі дададуць у іх дапаможнік па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Асновы дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі будуць вывучаць навучэнцы дзявятых класаў, кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і Сувораўскага вучылішча. Найцікавейшая, на думку складальнікаў, выдаўцоў, спецыялістаў Мінадукацыі і настаўнікаў, «Гісторыя Беларусі ў кантэксце Сусветнай гісторыі» падрыхтавана для дзесяцікласнікаў.
Папулярныя і запатрабаваныя
Да пачатку новага навучальнага года засталіся лічаныя тыдні, таму ва ўсіх, хто задзейнічаны ў працэсе забеспячэння падручнікамі і дапаможнікамі школьнікаў, гарачая пара. Аднак начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір АНДРЫЕВІЧ упэўнены, што ўсе запланаваныя да выпуску школьныя выданні дзеці атрымаюць своечасова.
— Трэба паспець да 1 верасня выдаць усе неабходныя падручнікі. Паліграфкамбінат і Дом друку — вядучыя нашы паліграфічныя прадпрыемствы, цяпер актыўна і эфектыўна працуюць над вырашэннем гэтага пытання, і школьнікі атрымаюць своечасова ўсе падручнікі, якія запланаваны да выдання сёлета. Больш за палову ўсяго кнігавыдання Беларусі складае навучальная і вучэбна-метадычная літаратура. Гэта па найменнях. Што датычыцца тыражоў, то гэта больш як 70 працэнтаў. У мінулым годзе агульным тыражом навучальных і вучэбна-метадычных выданняў убачыла свет больш за 15 мільёнаў экзэмпляраў. Гэта сведчыць аб тым, што беларусы — нацыя адукаваная, імкнецца да адукацыі.
Настаўніцка-выкладчыцкі склад актыўна працуе над тым, каб пашырыць веды дзяцей не толькі па падручніках, але і даць ім метадычны дапаможнік, дадатковую літаратуру, каб можна было працаваць дома, каб выявіць зацікаўленасць дзяцей нават у прафесійным плане, — распавёў начальнік упраўлення.
Паводле яго слоў, сярод вучэбнай літаратуры шмат папулярных і запатрабаваных у школьнікаў, выкладчыкаў і іх бацькоў кніг. Ён асабліва адзначыў серыю «Школьная бібліятэка», у выданні якой удзельнічала Міністэрства адукацыі. У гэтай серыі мастацкія творы, якія вывучаюць у рамках школьнай праграмы і на пазакласным чытанні, — як дадатковы матэрыял.
— Шмат мастацкай літаратуры ў зборніках, сёлета яны прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. У нас ёсць творы на беларускай мове, што вельмі важна для падрастаючага пакалення, — адзначыў Уладзімір Андрыевіч.
Асаблівая ўвага сёлета была ўдзелена тэме Вялікай Айчыннай вайны і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так, да пачатку навучальнага года папоўніцца серыя кніг «Права на памяць», выйшла кніга «Жывы боль вайны» Ларысы Кучаравай, а таксама кніга «Аб тых, хто Сонца ў бітве абараніў: грузінскія воіны ў бітвах за Беларусь».
Для асаблівых дзяцей
Акцэнт на вучэбную літаратуру сёлета зрабіла выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Дзецям да пачатку новага навучальнага года яно яшчэ і сюрпрыз падрыхтавала — настольную гульню пра Беларусь. Галоўны рэдактар выдавецтва Наталля ЦВІРКО расказвае:
— Літаратуру рыхтавалі для ўсіх тыпаў устаноў адукацыі: ад агульнай сярэдняй да вышэйшай. Асаблівая ўвага — выданню вучэбнай літаратуры для спецыяльных школ, у тым ліку тых, у якіх вучацца асаблівыя дзеці.
Гэта вялікая адказнасць, таму што прамаляваць такую кнігу — сапраўды складаная, карпатлівая праца. Але мы выканаем задачы, якія стаяць перад намі, і ўсе падручнікі паступяць у навучальныя ўстановы своечасова, — запэўніла галоўны рэдактар і спынілася на некаторых асноўных цікавых навінках выдавецтва.
У прыватнасці, на пілотным праекце настольнай адукацыйнай гульні-віктарыны, якая мае ўсё, каб цікава гуляць і адначасова развівацца і пазнаваць нешта новае: гульнявое поле, фішкі і блок абсалютна розных пытанняў па гісторыі, эканоміцы, геаграфіі, культуры і славутасцях. На думку Наталлі Цвірко, гульня будзе вельмі запатрабавана ў нашых установах адукацыі.
Працягваючы расказ аб навінках, галоўны рэдактар выдавецтва праанансавала кнігу «Нацыянальны набытак Рэспублікі Беларусь»:
— Гэта навукова-папулярнае выданне аб гісторыі і культуры. У ім прадэманстраваны нашых найлепшыя архітэктурныя помнікі, палаца-паркавыя комплексы, прадпрыемствы прамысловасці. Усё тое, што мы павінны максімальна паказваць нашым дзецям, бо шлях, які прайшла Беларусь у такі кароткі час сваёй незалежнасці, вельмі дастойны, і мы павінны і можам ганарыцца тым, што ў нас ёсць.
Асаблівая ўвага сёлета была ўдзелена тэме Вялікай Айчыннай вайны і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так, да пачатку навучальнага года папоўніцца серыя кніг «Права на памяць», выйшла кніга «Жывы боль вайны» Ларысы Кучаравай, а таксама кніга «Аб тых, хто Сонца ў бітве абараніў: грузінскія воіны ў бітвах за Беларусь».
Галоўная кніга ў краіне
Як згадвалася вышэй, у новы навучальны год школьнікі трох розных узроставых катэгорый атрымаюць новых памагатых. Падручнікі апрабаваны ў 14 мінскіх школах і запушчаны ў масавы тыраж.
Але, як заўважыла начальнік метадычнага цэнтра Акадэміі адукацыі Людміла РАМАНОЎСКАЯ, гэта далёка не ўсе навіны, якія датычацца падручнікаў і дапаможнікаў:
— Для чацвёртага класа выпусцілі падручнікі па беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і кітайскай мовах, а таксама «Літаратурнае чытанне». Навучэнцы пятых класаў будуць вучыцца па перавыдадзеным падручніку беларускай мовы, а для шасцікласнікаў абнавілі навучальныя дапаможнікі па інфарматыцы і іспанскай мове. Новым тыражом выпусцілі падручнік па Сусветнай гісторыі і мастацтве для сёмага класа. Для навучэнцаў восьмага перавыдалі адразу шэсць падручнікаў: па хіміі, алгебры, геаметрыі, беларускай літаратуры, фізіцы, рускай мове.
— Мы паставілі сябе на месца вучня, напрыклад, восьмага класа. У яго партфелі — «Хімія», «Фізіка», «Геаграфія», «Алгебра», «Геаметрыя» і гэтак далей. Навігацыйны апарат, рубрыкі, знакі, сімвалы ў кожным падручніку розныя, і не заўсёды гэта дапамагае яму ў адукацыйным працэсе. Таму прынялі рашэнне, што навігацыйны апарат лепш аптымізаваць, а рубрыкі, якія маюць падобны сэнс і прызначэнне ў розных навучальных дапаможніках, зрабіць скразнымі, гэта значыць аднолькава пазначыць, — растлумачыла мэтазгоднасць змяненняў у падручніках Людміла Раманоўская.
Распавяла яна і аб навацыях, напрыклад, аб тым, што цяпер кожны навучальны дапаможнік на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі — з пятага да адзінаццатага класа — цяпер змяшчае ўступны артыкул «Як працаваць з навучальным дапаможнікам». А тэрміны і паняцці, якія школьнікі абавязаны ведаць на памяць, надрукаваны паўтлустым курсівам. Гэта значна палягчае працу не толькі самога школьніка, але і бацькоў, якія дапамагаюць дзецям з дамашнімі заданнямі. Таксама пры перавыданні навучальных
дапаможнікаў вырашалася задача па нарошчванні выхаваўчага патэнцыялу падручніка.
— Мы разумеем, што падручнік — гэта галоўная кніга ў краіне, — адзначыла Людміла Раманоўская. — І ад таго, які падручнік ці дапаможнік у руках дзіцяці, у пэўнай ступені залежыць наша будучыня і тое, каго мы выгадуем з нашых сённяшніх школьнікаў.
Па словах кіраўніка цэнтра, былі прыкладзены ўсе намаганні, каб структурныя кампаненты навучальных дапаможнікаў рэалізоўвалі менавіта такі выхаваўчы патэнцыял. Яму павінны падпарадкоўвацца і асноўны тэкст, і дадатковы, і ілюстрацыі. Яна зазначыла, што ў падручніках і навучальных дапаможніках новага навучальнага года пашырана колькасць заданняў, тэкстаў, практыкаванняў, якія расказваюць нашым дзецям аб дасягненнях Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця: медыцыне, спорце, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Што важна — істотна адкарэкціраваны ілюстрацыйны матэрыял. Ён насыціўся традыцыйнымі арнаментальнымі матывамі ў афармленні, а сюжэтныя карцінкі дэманструюць тавары беларускай вытворчасці.
«Для чацвёртага класа выпусцілі падручнікі па беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і кітайскай мовах, а таксама „Літаратурнае чытанне“. Навучэнцы пятых класаў будуць вучыцца па перавыдадзеным падручніку беларускай мовы, а для шасцікласнікаў абнавілі навучальныя дапаможнікі па інфарматыцы і іспанскай мове. Новым тыражом выпусцілі падручнік па Сусветнай гісторыі і мастацтве для сёмага класа. Для навучэнцаў восьмага перавыдалі адразу шэсць падручнікаў: па хіміі, алгебры, геаметрыі, беларускай літаратуры, фізіцы, рускай мове».
Традыцыям не змяняем
Як і ва ўсе апошнія гады, да пачатку навучальнага года выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выпусціла кнігу «Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку». Сёлетняе выданне — з аўдыягідам. Другое традыцыйнае выданне, навучальны дапаможнік «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», убачыць свет да канца 2024-га. Па словах галоўнага рэдактара выдавецтва, дапаможнік зведае некаторыя змены:
— Асноўная ідэя гэтага выдання — кожны малады беларус павінен быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Яна заўсёды была, ёсць і застанецца. Але сама падача інфармацыі мяняецца. Мы адыходзім ад статыстыкі і графікі на карысць ілюстрацыйна-тэкставай інфармацыі. Гэтая кніга пасля прачытання павінна выклікаць эмацыянальны водгук.
Ад алоўка да карты свету
Крайняй, акрамя, зразумела, школьных бібліятэк, інстанцыяй у шляху падручніка ці дапаможніка ад складальнікаў да спажыўцоў, у нашым выпадку — школьнікаў ці студэнтаў — з’яўляюцца арганізацыі гандлю. Дарэчы, яны сёння таксама ў напружаным стане: пік пакупніцкай актыўнасці школьнага асартыменту прыходзіцца менавіта на апошнюю дэкаду жніўня і першую — верасня.
Паводле слоў генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Уладзіміра МАТУСЕВІЧА, ніякі ажыятажны попыт для найбуйнейшага кнігагандлёвага прадпрыемства Беларусі не страшны.
— Пачатак новага навучальнага года — важны перыяд для ўсіх нас, — кажа кіраўнік прадпрыемства. — Мы да яго рыхтуемся, ідзе актыўнае насычэнне крам (а іх у нашай сетцы 94) усім неабходным асартыментам тавараў. Вядома ж, гэта, у першую чаргу, літаратура — вучэбна-метадычная, дадатковая — для самастойных заняткаў, навуковая і спецыяльная, мастацкая і іншая. Акрамя таго, у пераліку неабходнага для школьнікаў — дзясяткі найменняў канцтавараў. Гэта дзённікі, сшыткі, альбомы для малявання, пэндзлі і простыя алоўкі, вымяральныя прылады, пластылін, фарбы і каляровыя алоўкі...
Асобна хацеў бы спыніцца на кнігах для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Для іх асартымент не проста разнастайны — вельмі цікавы. У ім ёсць гульнявыя кнігі і настольныя гульні, кнігі для развіцця і энцыклапедыі.
Уладзімір Матусевіч падкрэсліў, што спецыялісты прадпрыемства рэгулярна манітораць і адсочваюць магчымы павышаны попыт на тую ці іншую вучэбна-метадычную літаратуру і назапашваюць яе, каб хапіла ўсім. Больш за тое, падручнікі і дапаможнікі можна набыць, не выходзячы з дому, скарыстаўшыся анлайн-каталогам.
На заканчэнне кароткай размовы задалі Уладзіміру Уладзіміравічу пытанне, якое заўсёды лунае ў паветры пры размове з тымі, хто мае дачыненне да кніг.
— На ваш погляд, сучасныя тэхналогіі і гаджэты ўсё ж такі заменяць калі-небудзь кнігу?
— Хутчэй, яны буду суіснаваць. Кніга — рэч неабходная і важная, асабліва для дзяцей. Яна дапамагае развіваць маторыку, асацыятыўнае і аналітычнае мысленне. Начытаны чалавек — як правіла, пісьменны чалавек. Гэта шанавалася заўсёды, якую б прафесію — фізіка або лірыка, ён бы сабе ні абраў. Бацькам варта памятаць пра гэта і прывучаць сваё дзіця да культуры чытання. І потым, пагадзіцеся, пах новай кнігі, свежай друкарскай фарбы ні з чым не параўнальны...
Источник: https://zviazda.by