Як працуе метадычная служба Іўеўскага раёна і наладжана работа з маладымі педагогамі
14.08.2024Лета для настаўніка — час адпачынку, новых уражанняў і разам з тым час для вучобы, павышэння кваліфікацыі, самаўдасканалення. Пра тое, як працуе ў гэты перыяд метадычная служба Іўеўскага раёна, пра зробленае ў мінулым навучальным годзе і планы на будучыню карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Бакуновіч.
І аналіз, і кантроль
— З надыходам першага працоўнага летняга дня нашы метадысты ўключыліся ў работу па кантролі за арганізацыяй і правядзеннем выніковай атэстацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі за 2023/2024 навучальны год, а таксама ў арганізацыю і правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі. Дарэчы, аздараўленне дзяцей праходзіць пад дэвізам “Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!”. Усяго запланавана аздаравіць 794 навучэнцы раёна ад 6 да 18 гадоў.
Каб наступны навучальны год выдаўся не менш паспяховым, падводзім вынікі работы раённых метадычных фарміраванняў, аналізуем, што асабліва ўдалося ў метадычнай рабоце, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. Сфарміраваная сетка раённай метадычнай службы летась уключала 29 метадычных фарміраванняў (пазалетась — 45), у тым ліку 12 вучэбна-метадычных аб’яднанняў, 10 метадычных аб’яднанняў. Зменшылася колькасць творчых груп — з 7 да 2. Працавалі творчая група выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па азнаямленні дзяцей з нацыянальнымі традыцыямі беларускага народа праз гульнявую дзейнасць (кіраўнік — М.Балбатун, дзіцячы сад № 3 Іўя), творчая група настаўнікаў пачатковых класаў па фарміраванні асобасных і метапрадметных кампетэнцый вучняў у працэсе навучання вучэбным прадметам (кіраўнік — А.Таміла, Ліпнішкаўская сярэдняя школа). Аптымізаваны школа педагагічнага майстэрства настаўнікаў пачатковых класаў, школа педагагічнага майстэрства выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, школа маладога выхавальніка дашкольнай адукацыі. Працягнулі дзейнасць школа кіравання (кіраўнік — Г.Алешчык, Лелюкінская сярэдняя школа), школа кіравання ўстановай дашкольнай адукацыі (кіраўнік — М.Алабіна, дзіцячы сад аг. Геранёны). З верасня 2023 года арганізавана дзейнасць школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства для педагогаў, якія рыхтуюцца да атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (кіраўнік — М.Пачынская, гімназія № 1 Іўя). 18 настаўнікаў з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй атрымалі алгарытм і рэкамендацыі па вызначэнні тэмы і апісанні ўласнага вопыту педагагічнай дзейнасці.
— Таццяна Васільеўна, а якая сёння роля метадыста ў раёне? Гэта памочнік і дарадчык настаўніка альбо правяраючы?
— Роля метадыста — дасведчана выбудоўваць метадычную работу з педагогамі. Каб гэтая
работа была паспяховай, яна павінна мець сістэмны, мэтанакіраваны, планамерны і праблемна-арыентаваны характар, а таксама будавацца на дыягностыка-аналітычнай аснове праблем, выяўленых у працэсе ажыццяўлення метадычнага маніторынгу. Менавіта таму ў метадычнай рабоце вельмі складана размежаваць кантроль і аналіз работы. Гэты напрамак — важны складнік дзейнасці не толькі метадыста, але і кіраўніка метадычнага фарміравання.
Каб метадычная служба працавала эфектыўна, лічу, неабходна ацэньваць вынікі дзейнасці за пэўны прамежак часу, выяўляць пазітыўныя тэндэнцыі. Так, у практыку ўведзена вывучэнне метадыстамі і кіраўнікамі раённых метадычных фарміраванняў пытанняў выканання рэкамендацый, выпрацаваных падчас правядзення заняткаў метадаб’яднанняў. Вынікі вывучэння заслухоўваюцца і абмяркоўваюцца на пасяджэннях метадычнага савета. І калі аналіз паказвае, што вынікі работы кожнага асобнага метадычнага фарміравання выкарыстоўваюцца педагогамі на практыцы, робім выснову аб прадукцыйнасці метадычнай работы.
Майстар-клас — гэта для нас
— Назавіце формы метадычнай работы, якія сёння найбольш запатрабаваны настаўнікамі раёна. У якой дапамозе маюць патрэбу педагогі?
— Сёння яны маюць патрэбу ў метадычнай дапамозе, якая адпавядае іх запытам. Нашым ВМК на дыягнастычнай аснове вызначана мэта метадычнай работы. Гэта аказанне практычнай дапамогі педагогам у павышэнні іх педмайстэрства, паспяховым засваенні сучасных адукацыйных тэхналогій для забеспячэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу і якасці адукацыі. З 1 верасня 2023 года намаганні метадычнай службы накіроўваліся на вырашэнне пытання ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях выхавання і развіцця асобы навучэнца. На працягу навучальнага года арганізавана 99 адукацыйных мерапрыемстваў, уключаючы семінары, практыкумы, круглыя сталы, дзелавыя гульні. Падыходы да рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу сродкамі вучэбных прадметаў разгледзелі настаўнікі матэматыкі, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, пачатковых класаў, а таксама настаўнікі пачатковых класаў, якія працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. На фарміраванні функцыянальнай адукаванасці асобы навучэнцаў з дапамогай выкладання вучэбных прадметаў акцэнтавалі ўвагу настаўнікі геаграфіі, замежнай мовы, пачатковых класаў, гісторыі і грамадазнаўства. Складнікі і крытэрыі паспяховасці сучаснага ўрока былі актуалізаваны на занятках раённых метадычных фарміраванняў настаўнікаў замежнай мовы, матэматыкі, інфарматыкі, гісторыі і грамадазнаўства, беларускай мовы і літаратуры. Праектную і вучэбна-даследчую дзейнасць як рэсурс адзінства навучання, выхавання і развіцця асобы навучэнца абмеркавалі выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, настаўнікі рускай мовы і літаратуры, хіміі, біялогіі, фізікі і астраноміі.
Пад кіраўніцтвам Таццяны Бакуновіч у Іўеўскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце творча і натхнёна працуюць метадысты Таццяна Шумакова, Таццяна Журко, Наталля Пуцілоўская і Настасся Цыдзік
Як паказвае практыка, найбольш запатрабаванай формай метадычнай работы ў раёне з’яўляецца майстар-клас як форма дэманстрацыі, абагульнення і распаўсюджвання вопыту. Праводзячы майстар-клас, педагог-майстар не проста перадае пэўныя веды, ён дзейнічае разам з удзельнікамі, імкнецца ўцягнуць іх у працэс практычнай дзейнасці. На працягу навучальнага года праведзены майстар-класы “Велікодны дэкор” (А.Кільчэўская, настаўніца працоўнага навучання Іўеўскай сярэдняй школы), “Скрайбінг як інструмент візуалізацыі мыслення” (С.Жытко, выхавальніца групы прадоўжанага дня Іўеўскай сярэдняй школы), “Сторытэлінг як інтэрактыўны метад узаемадзеяння навучэнцаў” (Н.Петрашэвіч, выхавальніца групы прадоўжанага дня Юрацішкаўскай сярэдняй школы), “Canvas як дыдактычны інструмент выхавання актыўнасці і самастойнасці навучэнцаў” (А.Халява, настаўніца інфарматыкі Іўеўскай сярэдняй школы), “Кінезіялагічныя практыкаванні для актыўнага развіцця дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту” (Н.Бутурля, выхавальніца дзіцячага сада аг. Суботнікі).
— Таццяна Васільеўна, як наладжана работа з маладымі педагогамі? Якія мерапрыемствы арганізоўваюцца для іх і садзейнічаюць прафесійнаму росту?
— Якасць метадычнага суправаджэння і стварэнне ўмоў для замацавання маладых спецыялістаў — прыярытэтны напрамак работы метадычнай службы раёна. Пад кіраўніцтвам вопытнага метадыста Таццяны Журко дзейнічае клуб “Жураўлік”, які аб’ядноўвае педагогаў са стажам работы да 2 гадоў.
Арганізавана настаўніцтва: за кожным маладым педагогам, які прыбыў на першае працоўнае месца ва ўстановы адукацыі раёна, замацоўваецца вопытны педагог, які мае дасягненні ў прафесійнай дзейнасці.
Штогод маладыя педагогі ўшаноўваюцца на жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў раёна, прымаюць удзел у тыдні маладога педагога.
Для маладых спецыялістаў са стажам работы да 2 гадоў у рамках работы раённых метадычных фарміраванняў у мінулым навучальным годзе на дыферэнцыраванай аснове былі праведзены семінары-практыкумы “Арганізацыя кантрольна-ацэначнай і рэфлексіўнай дзейнасці настаўніка і навучэнцаў” (для настаўнікаў пачатковых класаў), “Методыка выкладання ўрока інфарматыкі”, кансультацыі “Сучасны ўрок матэматыкі: нарматыўныя прававыя і дыдактычныя патрабаванні праектавання, правядзення, самааналізу”, “Асаблівасці правядзення практычных і лабараторных работ па біялогіі, хіміі”. Фарміраванне асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту сродкамі адукацыйных галін вучэбнай праграмы стала тэмай абмеркавання маладых педагогаў-дашкольнікаў, а ўніверсальныя вучэбныя дзеянні былі ў цэнтры ўвагі настаўнікаў замежнай мовы.
З мэтай павышэння ўзроўню IT-кампетэнтнасці маладых педагогаў у кастрычніку — лістападзе Аліна Бялько (Лелюкінская сярэдняя школа), Таццяна Пашэль і Андрэй Станулевіч (Трабская сярэдняя школа) прынялі ўдзел у рабоце абласной школы інфармацыйна-камунікацыйнай адукаванасці. Навучанне ў абласной школе маладога педагога “Формула поспеху” для настаўнікаў-прадметнікаў са стажам работы да 2 гадоў прайшлі Дзмітрый Міцкевіч (Геранёнская сярэдняя школа), Таццяна Пашэль (Трабская сярэдняя школа). Сняжана Рубель з Юрацішкаўскай сярэдняй школы прыняла ўдзел у педагагічных майстэрнях “Педагагічныя рэцэпты падрыхтоўкі сучаснага ўрока, ці Як зрабіць урок эфектным і эфектыўным”, арганізаваных Гродзенскім абласным ІРА на базе сярэдняй школы № 16 Ліды для настаўнікаў хіміі і біялогіі.
Мы ганарымся дасягненнямі нашых маладых спецыялістаў. Андрэй Станулевіч удастоены дыплома ІІ ступені па выніках удзелу ў міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе для настаўнікаў матэматыкі “Формула поспеху”, арганізаванай Інстытутам развіцця адукацыі Омскай вобласці. У кастрычніку 2023 года занесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці настаўніца пачатковых класаў Лелюкінскай сярэдняй школы Кацярына Трыпуцька.
На новым старце
— На фінішную прамую выходзіць падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Якімі клопатамі жыве зараз вучэбна-метадычны кабінет?
— Яшчэ ў чэрвені ўсе метадысты і кіраўнікі раённых метадычных фарміраванняў сталі ўдзельнікамі серыі вэбінараў “Змест і арганізацыя метадычнай работы ў 2024/2025 навучальным годзе”, арганізаваных Акадэміяй адукацыі, на якіх былі акрэслены прыярытэтныя напрамкі дзейнасці.
У цяперашні час ужо ідзе сур’ёзная падрыхтоўка да правядзення жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, якая стане не толькі стартавай пляцоўкай, але і арыенцірам для чарговага этапу дзейнасці метадычнай службы раёна ў новым навучальным годзе.
Источник: https://nastgaz.by