РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўнік назаўжды. Ніна Паўлаўна Бакун — чалавек з агеньчыкам дабрыні ў сэрцы

13.08.2024

Настаўнік — не прафесія, а ўклад жыцця, адпаведна якому ён і жыве, спяшаючыся кожны дзень на ўрок. Настаўнікам з вялікай літары, чалавекам з агеньчыкам дабрыні ў сэрцы з’яўляецца Ніна Паўлаўна Бакун, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баліцкай базавай школы Шчучынскага раёна.

Паляшучка 

Нарадзілася ў вёсцы Табулкі Пінскага раёна. Мясціны там прыгожыя: вясною — у бела-ружовым вэлюме садоў, у водарах чаромхі і бэзу, летам — у кветкавых дыванах і пчаліным гудзе. Восенню — ягады і грыбы, якія можна было касіць…

Але галоўнае — людзі, дружныя, працавітыя. Такімі былі і яе бацькі: Марта Уладзіміраўна і Павел Андрэевіч Сцепанюк. Яны з дзяцінства прывівалі любоў да роднага краю, зямлі, роднай мовы. Гэта яны навучылі яе неацэннаму скарбу — дабрыні.

Матуля часта гаварыла: “Рабі, дачушка, дабро. Звіваецца дабро, зробленае табою, у клубочак — памяць, ляжыць да пары да часу, а здараецца бяда, можна ўхапіцца за нітачку — і дабро вернецца да цябе”.

Гэтая парада мамы ідзе з ёю па жыцці вось ужо 71 год, сорак з якіх яна аддала працы настаўніка.

І рабіла гэта з душою, таму што з дзяцінства марыла быць настаўніцай.

Збірала вакол сябе суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак і патрабавала сядзець роўненька, ціха, слухаць уважліва яе, маленькую “настаўніцу”. Мама і тата падтрымлівалі захапленне дачкі, падахвочвалі. І толькі брат часта смяяўся: “Ну што, пішы, чытай!” Але яна не звяртала на гэта ўвагу.

“Дамашнія ўрокі” моцна запалі ў дзіцячую душу, і прывяло гэта да таго, што ў 1969 го­дзе, скончыўшы Парэцкую няпоўную сярэднюю школу, яна паступіла ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум на аддзяленне “Настаўнік працы і чарчэння”. Вучылася добра, з ахвотай.

Маладая настаўніца

1971 год. Тэхнікум скончаны. У руках дыплом і накіраванне на работу ў Шчучынскі раён. Так Ніна Сцепанюк трапіла ў Біцеўскую няпоўную сярэднюю школу, дзе дырэктарам была Марыя Андрэеўна Лаўнікевіч. Гэта яна дапамагла маладой дзяўчыне адчуць сябе настаўніцай.

А яшчэ вяскоўцы. Яны з павагай прынялі яе, бо бачылі, што маладая настаўніца з ахвотай дапамагае не толькі гаспадыні, у якой жыла на кватэры, але і адзінокім старым. А ўвесь свой вольны час Ніна Паўлаўна праводзіла разам з дзецьмі. Разам з імі хадзіла ў паходы, рыхтавала канцэрты і выступала перад вяскоўцамі, ладзіла вечары, выставы.

Карацей, тры гады ў Біцеўскай школе ўспамінаюцца Ніне Паўлаўне з не­звычайнай цеплынёй.

Тады спытаеце: чаму толькі тры? Таму што выйшла замуж і трапіла ў Баліцкую базавую школу, дзе пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, бо была ўжо на трэцім курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Класны кіраўнік

І вось лёс падарыў ёй цуд. Яна ўпершыню класны кіраўнік. Адказ­насць. Ды яшчэ якая! Як успры­муць яе вучні, бацькі? І тут яна зноў успамінае словы мамы: “Дабрыня, дачушка, дабрыня!”

Дабрыня, любоў, павага да сваіх выхаванцаў і іх бацькоў дапамаглі ёй стаць сваёй сярод іх.

А як жа выкладчык беларускай мовы і літаратуры? І тут Ніна Паўлаўна адразу заваявала сэрцы калег-педагогаў, павагу і любоў да сябе з боку вучняў.

Чым жа прывабіла ўсіх гэтая хударлявая, простая дзяўчына з кароценькай стрыжкай і ледзь прыкметнымі вяснушкамі на твары? Мяркуйце самі, але замест “Здравствуйте” ўсе адразу пачалі гаварыць “Добры дзень!”, “Добрай раніцы!”.

Яна не абмяжоўвалася толькі ўрокамі мовы, якія, дарэчы, былі падобнымі на казку. Таму, напэўна, для большасці вучняў школы ўрокі беларускай мовы і літаратуры сталі любімымі.

Балічаначка

Яна любіла і выдатна спявала народныя песні. І гэта таксама ўсё ад мамы. Тады, у дзяцінстве, мама вечарам упраўлялася з гаспадаркай, садзілася каля печы з вышыўкай і пачынала спяваць. Дочкі і сын заўсёды ёй падпявалі. Пакой напаўняўся незвычайнай мелодыяй народнай песні: “З-пад каменя, з-пад белага…”

Таму і стварыла Ніна Паўлаўна ў школе фальклорны гурток “Балічаначка”. 30 хлопчыкаў і дзяўчынак наведвалі яго. Яна была рэжысёрам, сцэнарыстам, харэографам. Па драбніцах збірала ў мясцовых жыхароў песні, абрады, танцы, а потым пісала сцэнарыі мерапрыемстваў “Дажынкі”, “На вячорках у Тэклі”, “Калядкі”…

Усё гэта ставілася на сцэне мясцовага Дома культуры. Ні адно свята не абыходзілася без выступлення “Балічаначкі”. Са сцэны ў залу лілася цудоўная мелодыя беларускіх песень і танцаў.

Толькі Ніна Паўлаўна пайшла далей і ў 1986 годзе стварыла этнаграфічны музейны пакой. Яе ідэю падтрымалі не толькі вучні, але і бацькі. З гарышчаў, каморак, хлевушкоў прыносілі ў школу прадметы побыту і работы сельскіх жыхароў. Так сярод экспанатаў з’явіліся калыска, жорны, лапці, дзяжа, гліняны посуд, вышыўка, калекцыя ручнікоў.

Больш за 100 экспанатаў было прадстаўлена ў гэтым музейным пакоі. Яго пачалі наведваць вучні суседніх школ раёна, бацькі. Тэматычныя экскурсіі раскрывалі наведвальнікам адметныя рысы сялянскага побыту.

Настаўнік года

А што ж Ніна Паўлаўна? Яна зноў у творчым пошуку.

1991 год… Абласны конкурс “Настаўнік года”. Гэты конкурс право­дзіўся ўпершыню. Не ўсім педагогам хапіла смеласці ўдзельні­чаць у новым конкурсе. Хтосьці палічыў гэта несур’ёзным заняткам, хтосьці проста не паверыў у аб’ектыў­насць крытэрыяў ацэнкі канкурсантаў… А Ніна Паўлаўна Бакун рызыкнула! І не дарма.

У конкурсе ўдзельнічалі трыццаць педагогаў. Мала было проста правесці добры ўрок ці адстаяць свой пункт гледжання, ацаніць неардынарную сітуацыю са школьнага жыцця. Трэба было раскрыць сябе як асобу. І гэта ўдалося шасці пераможцам конкурсу, сярод якіх — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баліцкай няпоўнай сярэдняй школы Ніна Паўлаўна Бакун.

А потым удзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 1991”. У намінацыі “Свет маіх захапленняў” Ніна Паўлаўна заняла 1-е месца. Прымусіла прысутных і членаў журы заслухацца меладычнасцю народных песень, якія гучалі ў яе выкананні. А нацыянальны касцюм дужа хораша выглядаў на гэтай абаяльнай жанчыне.

Шчыра радаваліся вучні поспеху сваёй настаўніцы і сустракалі яе з кветкамі, усмешкамі і, вядома ж, з песняй. Іх прызнанне і любоў былі для яе найвышэйшай узнагародай.

А яшчэ, скажу па сакрэце, Ніна Паўлаўна піша цудоўныя вершы на беларускай мове. Слухаеш іх, і гордасцю поўніцца сэрца, што менавіта вучні з’яўляюцца першымі слухачамі яе новых твораў.

Матылька

Яна жыла і жыве па прынцыпе даб­рыні. Можа, таму не забываюць яе вучні. Пісьмы, тэлеграмы, паштоўкі з усіх куткоў — падзяка за ўсё тое доб­рае і прыгожае, што дала яна вучням. Для іх яна, як і раней, застаецца паважаным настаўнікам, бо вучыла іх не толькі роднай мове, але ў першую чаргу добразычлівасці, рыхтавала да жыцця з яго цяжкасцямі і радасцямі.

“Гэта наша матылька”, — гавораць пра яе суседзі.

Ніна Паўлаўна паспявае ўсюды: у садзе, у агародзе стварае сваімі рукамі цуды. Каля хаты — кветкавы рай. У гэтым раі яна сама расцвітае, становіцца маладой, лёгкай. Самая галоўная раскоша ў яе жыцці — гэта раскоша чалавечых зносін.

Можа, таму на пытанне “Што ўсё ж самае галоўнае ў жыцці?” Ніна Паўлаўна ўсміхаецца:

— Сакрэт поспеху настаўніка застаўся ранейшы: трэба любіць прадмет, які выкладаеш, любіць дзяцей. А яшчэ — дабрыня і любоў да ўсяго. Я люблю дзень сённяшні, бо не ведаю, што будзе заўтра. Люблю ўнукаў Сашку і Захара, праўнукаў Ліку і Косціка, радуюся поспехам сваіх дачок Тані і Наташы. Ганаруся тым, што жыццё пражыла нездарма, што перадала сваім дочкам любоў да роднай мовы, народнай песні, навучыла іх быць добрымі і спагадлівымі. А наогул, ведаеце, як пісаў Сяргей Грахоўскі:

Усё праходзіць, быццам дождж няроўны, —

І боль, і злосць, і дробная брыда,

А застаецца важны і галоўны

І самы светлы талент — дабрыня.

Наталля КАПТУР,
настаўніца Жалудоцкай сярэдняй школы імя В.Урублеўскага
Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці

 
поделиться в: