Завітаўшы ў летнік «Сузор’е», акунаешся ў атмасферу радасці, шчасця, бесклапотнага дзяцінства
12.08.2024Прыехаўшы ў лагер “Сузор’е”, дзе кожнае лета адпачываюць каля 1,5 тысячы юных жыхароў Гродзеншчыны, захацелася выпусціць вонкі ўнутранае дзіця і з разбегу нырнуць у возера, павесяліцца на батуце, пастраляць у ціры, апынуцца ў цэнтры пеннай вечарынкі, пагуляць у лазертаг, паганяць мяч і пакаштаваць салодкай ваты… Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Шэсць карпусоў лагера, у чатырох з якіх жывуць дзеці, размяшчаюцца амаль на 6 га зямлі за 30 кіламетраў ад Гродна, удалечыні ад транспартных магістралей, на беразе маляўнічага возера Малочнае ў асяроддзі сасновага бору. Уласны пясчаны пляж абсталяваны бяспечным месцам для купання. Тут жа — летні амфітэатр з зачаравальным відам на ваду. Тут часта праводзяцца дыскатэкі, кінапрагляды, а таксама праходзіць адкрыццё і закрыццё змены з абавязковым піянерскім вогнішчам (якое распальваюць у спецыяльна ўладкаваным месцы на пляжы. — Заўвага аўтара.).
— У кожную з пяці 15-дзённых змен да нас заязджаюць 272 чалавекі, яны размяркоўваюцца ў 12 атрадах. Акрамя таго, на нашай тэрыторыі адпачываюць 5 змен палатачнага 9-дзённага лагера, які за змену прымае 30 чалавек. Вось і атрымліваецца, што ўсяго летам у нас аздараўляецца больш за 1,5 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, — расказвае дырэктар лагера Ала Кіўляк, якая ўжо 5 гадоў працуе тут. — Дзеці жывуць у двух блокавых карпусах, дзе ў двухпакаёвых блоках з усімі выгодамі размяшчаецца па 6 чалавек, або ў двух карпусах секцыйнага тыпу. Свабодных месцаў ні на адну са змен не застаецца, наадварот, жадаючых намнога больш, чым мы гатовы прыняць. І гэта, бадай, найлепшы паказчык таго, што лагер запатрабаваны ў дзяцей і бацькоў.
Дарэчы, сустрэчы з бацькамі ў лагеры не прадугледжаны, як і выкарыстанне гаджэтаў. На 15 дзён дзеці адключаюцца ад знешняга свету, з галавой акунаючыся ў адпачынак. На выпадак экстранай сувязі прадугледжаны стацыянарныя тэлефоны, таксама пра жыццё сваіх дзяцей мамы і таты даведваюцца з агульнага чата, куды штодня выкладваюцца фота- і відэасправаздачы аб нясумных буднях “Сузор’я”.
Лета на беразе Малочнага возера, як і анансуе банер ля ўвахода ў лагер, сапраўды праходзіць нясумна, а яшчэ эфектыўна, з карысцю, ярка, крэатыўна! Тэрыторыя лагера абсталявана спартыўнымі пляцоўкамі для гульні ў валейбол, баскетбол, футбольным полем, бегавымі дарожкамі, гульнявымі зонамі. Для самых маленькіх выхаванцаў ёсць асобная дзіцячая пляцоўка з горкамі, арэлямі, невялікай сцяной для скалалажання. А для падлеткаў, прыхільнікаў ЗЛЖ і выдатнай фізічнай формы, прадугледжана непадалёк ад футбольнага поля варкаўт-пляцоўка, дзе яны з задавальненнем займаюцца на трэнажорах і турніках.
На кампактнай і зручнай тэрыторыі лагера ёсць і вялікія драўляныя альтанкі, у якіх дзеці праводзяць нямала часу, рыхтуючыся да ўдзелу ў конкурсах.
Ужо трэці год кіраўніцтва лагера, супрацоўнічаючы з мясцовымі прадпрымальнікамі, уладкоўвае на тэрыторыі міні-парк атракцыёнаў: надзіманыя горкі, батуты, планетарый, цір, ларок з салодкай ватай. Карыстанне імі ўваходзіць у кошт пуцёўкі. Гэта новаўвядзенне, якое стала ўжо добрай традыцыяй, вельмі падабаецца дзецям.
Кожная змена тэматычная. Так, першая была прысвечана космасу, а трэцяя — спорту. У залежнасці ад тэмы дасканала прадумваецца насычаная мерапрыемствамі праграма дзіцячага адпачынку.
На змене “СпортФэст”, каб зрабіць яе максімальна цікавай і рухавай, важатымі працавалі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, а таксама студэнты факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кожны дзень у лагеры праходзілі спаборніцтвы. Дзеці гулялі ў баскетбол, валейбол, футбол, шашкі.
Традыцыйна гасцямі лагера становяцца вядомыя персоны, яркія асобы, знакамітыя спартсмены. Госцем спартыўнай змены, напрыклад, стаў шматразовы чэмпіён свету па шашках Андрэй Валюк, які правёў з трыма дзясяткамі дзяцей сеанс адначасовай гульні ў шашкі на 15 дошках.
У летнюю спёку атрады з задавальненнем адпраўляюцца купацца на возера. Да таго ж у іх ёсць магчымасць штодня наведваць басейн суседняга санаторыя.
Яшчэ адзін важны складнік лагера — гэта сенсорны пакой, дзе як пры святле, так і ў цемры праходзяць сустрэчы з псіхолагам. Яны дапамагаюць дзецям адаптавацца ў новым калектыве. У незвычайнай абстаноўцы, утульна ўладкаваўшыся ў крэслах-мяшках або на матрацах-трансформерах, хлопчыкі і дзяўчынкі расслабляюцца і рэлаксуюць, адключаюцца ад стрэсавых стымулаў знешняга свету. Гэтаму спрыяюць і аптычныя эфекты пакоя, святло-гука-тактыльная стымуляцыя. У ход ідуць тактыльныя дарожкі, сухі душ з фібрааптычных валокнаў, аромалямпы, сухія басейны, святлопузырковая панэль. Заняткі з псіхолагам таксама спрыяюць зніжэнню агрэсіі і трывожнасці, зняццю мышачнага і эмацыянальнага напружання, карэкцыі і аднаўленню рэцэптарнай адчувальнасці і г.д.
Каля 60 працэнтаў важатых — студэнты, члены студатрада ГрДУ імя Янкі Купалы. Астатнія — педагогі з вопытам, яны прыязджаюць са школ Гродзенскага раёна. Таксама тут працуюць два студэнцкія сэрвісныя атрады. Адзін складаецца са школьнікаў 15—16 гадоў, якія займаюцца прыбіраннем памяшканняў, а другі — са студэнтаў, якія дапамагаюць на кухні.
Сярод тых, хто заняты навядзеннем парадку, 15-гадовы Арцём Абухоўскі. Бязвоблачным дзяцінства хлопца, чыя сям’я знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы, не назавеш. У дачыненні да юнака зараз праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Пры гэтым ён працуе ў лагеры ўжо другою змену і, па словах дырэктара, вельмі старанна.
— Калі спачатку Арцём часам працаваў як мокрае гарыць і яму даводзілася не раз паказваць на недахопы, прасіць усё перарабіць, то цяпер ён выдатна спраўляецца. Я гэта ўвесь час адзначаю і не скуплюся на пахвалу. Ён вельмі хоча застацца на чарговую змену і марыць назбіраць грошай на новы ноўтбук, — падкрэслівае Ала
Вікенцьеўна.
За кожным атрадам, куды ўваходзяць 20—30 дзяцей, замацаваны па тры выхавальнікі. Прычым адзін з іх — дасведчаны настаўнік, які дзеліцца вопытам з важатымі-студэнтамі. Асабліва маюць патрэбу ў вопытных педагогах малодшыя атрады, дзе збіраюцца дзеці да 10 гадоў.
Марыя Жук і Наталля Шкута
Напрыклад, у атрадзе № 1, які сабраў дзетак 7—8 гадоў, настаўніца пачатковых класаў з 35-гадовым стажам Наталля Шкута са Свіслацкай сярэдняй школы працуе разам з маладым спецыялістам з той жа ўстановы адукацыі Марыяй Жук, настаўніцай англійскай мовы.
— Чаму вучыце маладых калег? — цікаўлюся я.
— Выхаванцаў трэба любіць, як родных: дзесьці быць строгай, а дзесьці замяніць маму, бабулю, па якіх яны сумуюць, асабліва ў першыя дні. Усім дзецям важна ўдзяляць увагу, — адказвае Наталля Фёдараўна. — А наогул, у нас хутчэй ідзе абмен вопытам, мы дапаўняем адна адну. Пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, напрыклад, інтэлектуальных гульняў-гутарак, Марыя адказвае за наглядны складнік, а я падводжу хлопчыкаў і дзяўчынак да разважанняў на самыя розныя тэмы. Так, абмяркоўваючы, які багаж кожны ўзяў з сабой у лагер і чым ён можа падзяліцца з астатнімі, дзеці прыйшлі да высновы, што гэта добры настрой, станоўчыя эмоцыі. У гэты момант ім важна напоўніцца пазітывам. Вось і шукаеш патрэбныя словы для кожнага. Усе ж прыехалі ў лагер адпачыць не толькі целам, але і душой.
Сярод важатых-студэнтаў шмат тых, хто не першы раз праводзіць лета, працуючы ў летніку. Кажуць, ён валодае нейкай асаблівай прыцягальнай сілай.
Выпускніца педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Марыя Швяцова — адна з самых вопытных важатых-студэнтаў і камісар студатрада. За чатыры гады студэнцтва ў гэтай ролі дзяўчына правяла ў “Сузор’і” 8 змен і двойчы, яшчэ будучы дзіцем, адпачывала тут.
— Памятаю, у дзяцінстве я зразумела, што не змагу жыць без гэтага месца і вярнуся сюды працаваць. У лагеры асаблівая, незабыўная атмасфера. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, я сама нібы акунаюся ў дзяцінства, — канстатуе Марыя.
Трэцякурсніца Вікторыя Арцукевіч дзеліцца падобнымі пачуццямі. Лагер таксама яе ніяк не адпускае. Яна 9 змен правяла тут у дзяцінстве і ўжо два гады запар працуе ў лагеры выхавальніцай. Як і ўсе важатыя, яна праходзіла на працягу некалькіх месяцаў школу важацкага майстэрства, а таксама была ўдзельніцай школы камандзіраў і камісараў.
Чырвоныя і зялёныя футболкі з кепкамі, атрыманыя ў падарунак, — нязменныя атрыбуты ўсіх агульналагерных свят
— У першыя дні, калі дзеці толькі знаёмяцца, мы праводзім мноства гульняў і заданняў, каб з’яднаць атрад. Таксама стараемся зацікавіць кожнае дзіця быць удзельнікам усіх актыўнасцей, праяўляць ініцыятыву. І зусім хутка мы становімся сапраўднай дружнай сям’ёй, — дзеліцца няхітрымі важацкімі сакрэтамі Вікторыя. — Сярод упадабаных забаў школьнікаў творчыя конкурсы “Хвіліна славы”, “Міс і містар “Сузор’е”, конкурс флэш-мобаў, пенная вечарынка. У прыярытэце ў хлопчыкаў спартыўныя спаборніцтвы.
Наперадзе яшчэ амаль месяц лета, а дырэктар летніка ўжо выношвае планы на наступны год, жадаючы зрабіць адпачынак дзяцей яшчэ больш камфортным, яркім і насычаным:
— Кожны год у нас з’яўляецца нешта новае. Сёлета мы ўладкавалі яшчэ адну дзіцячую пляцоўку. У планах, прызнацца, ёсць дзве задумы. Першая і вельмі затратная — LEGO-цэнтр, а другая — уладкаванне на малазадзейнічанай тэрыторыі яблыневага саду стацыянарнай шматфункцыянальнай альтанкі на 150 квадратных метраў, дзе днём дзеці маглі б займацца развіццёвымі гульнямі, а дажджлівымі вечарамі збірацца на дыскатэку.
Назапашваючы за актыўны ўдзел у жыцці лагера мясцовую валюту “сузоркі”, юныя адпачывальнікі выкарыстоўваюць яе ў канцы змены, каб набыць на таргах такія лоты, як “Вячэрняя прагулка з выхавальнікам”, “Дзяжурства з начальнікам лагера”, “Падаўжэнне дыскатэкі” і г.д.
***
У ліку ўзнагарод “Сузор’я” — ганаровая грамата Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва за перамогу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер 2023 года ў намінацыі “Лепшы аздараўленчы лагер у арганізацыі спартыўна-аздараўленчай работы”, а таксама дыплом II ступені Міністэрства адукацыі за перамогу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зрабі лета ярчэйшым”.
Источник: https://nastgaz.by