Як прывесці вучня да 100-бальнага выніку па хіміі, ведае настаўніца Вольга Амельяновіч
27.06.2024Сёлета выпускнікі гімназіі № 1 Навагрудка Павел Мантуш і Настасся Сусла атрымалі запаветныя стабальныя вынікі на ЦЭ па хіміі. А прывяла іх да такога поспеху настаўніца Вольга Амельяновіч. Як педагогу ўдаецца захапіць навучэнцаў прадметам, паказаць прыкладны характар хіміі і якую ролю ў гэтым адыгрываюць кінастужкі і мастацкая літаратура, Вольга Лаўрэнцьеўна расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.
— Я не збіралася быць настаўніцай, не марыла пра гэта ў дзяцінстве. У самым пачатку выпускнога класа я выпадкова трапіла на заняткі па хіміі ў клуб па месцы жыхарства “Равеснік”, якія вяла заслужаная настаўніца хіміі Марыя Іванаўна Галоўчыц. Гэта былі заняткі па тэме “Перыядычны закон і перыядычная сістэма Д.І.Мендзялеева”. На іх я ўпершыню зразумела, як на самай справе пабудава сістэма хімічных элементаў, як ёй правільна карыстацца, якія элементы ёсць у табліцы і якімі ўласцівасцямі яны валодаюць, як перыядычны закон змяніў вывучэнне хіміі. Ніколі раней я не чула, каб настаўніца так лёгка і захоплена расказвала складаную тэму. І я ўлюбілася ў гэты прадмет адразу і назаўжды. За год вывучыла ўсю школьную праграму па хіміі, навучылася рашаць складаныя задачы. Я прысвячала вывучэнню гэтага прадмета амаль увесь свой вольны час і паступіла на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння не адразу прыйшла працаваць у школу, але калі трапіла ў гэтае асаблівае настаўніцкае асяроддзе, то зразумела, што менавіта тут маё месца. Вось ужо 16 гадоў працую настаўніцай хіміі. Мой галоўны дэвіз у жыцці і выкладанні — “Не варта ўскладняць. Усё прасцей, чым здаецца. Пачні рабіць гэта цяпер”.
— Вольга Лаўрэнцьеўна, што прыцягвае вас у рабоце з дзецьмі?
— Работа з дзецьмі — гэта пастаянныя зносіны, пошук чагосьці новага, творчасць, натхненне, рашэнне нестандартных задач, вечны рух, развіццё. Асноўны прынцып, якім я кіруюся ў сваёй рабоце, — любіць тое, чым займаешся. Мне здаецца, што толькі той чалавек, які шчыра захоплены сваёй дзейнасцю, можа стаць
станоўчым прыкладам для іншых. Важным у рабоце настаўніка таксама лічу ўменне знаходзіць агульную мову з рознымі вучнямі. Ад таго, якія ўзаемаадносіны склаліся з навучэнцамі, залежыць стаўленне да прадмета, іх поспехі і дасягненні, іх прадукцыйнасць на ўроку. Тут важна ўмець праявіць цярпенне і разуменне, быць шчырым, валодаць здаровым пачуццём гумару, імкнуцца зразумець кожнага вучня.
— Наколькі сучасныя дзеці праяўляюць цікавасць да хіміі? Як фарміруеце матывацыю да яе вывучэння?
— Па-першае, усе дзеці розныя. Не варта чакаць, што кожны вучань будзе гэтак жа, як і ты, любіць твой прадмет. Калі ж гаварыць пра агульныя тэндэнцыі, то цікавасць да вывучэння хіміі часцей выяўляецца ў старшых класах, калі навучэнцы пачынаюць задумвацца аб сваёй будучай прафесіі. Кожны год у нашай гімназіі ёсць вучні, якія выбіраюць хімію як адзін з профільных прадметаў для вывучэння. Працаваць з такімі навучэнцамі, вядома, адно задавальненне. Для ўсіх астатніх вучняў патрэбна матывацыя да вывучэння прадмета. Матывацыя — гэта складаны працэс, з якім трэба працаваць на кожным уроку, пры пераходзе ад аднаго яго этапу да іншага. Хімія — вельмі цікавая і займальная навука, але, як правіла, з-за вялікага аб’ёму вывучаемага тэарэтычнага матэрыялу навучэнцы перастаюць разумець, навошта наогул патрэбны гэты прадмет, дзе можна выкарыстоўваць атрыманыя веды, лічаць хімію сумнай і аднастайнай.
Даступная форма падачы матэрыялу, добразычлівая атмасфера, стварэнне сітуацыі поспеху на ўроку — усё гэта спрыяе лепшаму засваенню складанага матэрыялу.
З самага першага ўрока хіміі ў 7 класе стараюся паказаць вучням, што хімія — гэта навука пра ўсё, што нас акружае, што для вырашэння многіх самых простых і надзённых праблем патрэбны веды па ёй. Часта ўключаю ў свае ўрокі цікавыя факты або звесткі аб рэчывах, гісторыі іх атрымання і прымянення. Ілюструючы матэрыял простымі прыкладамі, можна не толькі дасягнуць лепшага разумення прадмета, але і выклікаць да яго больш глыбокую цікавасць. Пры кожным зручным выпадку на ўроку стараюся прыводзіць прыклады з жыцця, выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі, праблемныя пытанні.
— Вы сказалі, што для таго, каб захапіць дзяцей прадметам, трэба дэманстраваць яго прыкладны характар. Раскажыце падрабязней, як вы гэта робіце.
— На сваіх уроках стараюся даваць дзецям веды аб хімічных вытворчасцях і тэхналогіях, аб складзе жывых арганізмаў і працэсах, якія ў іх праходзяць, аб прыёмах бяспечнага ўзаемадзеяння з хімічнымі рэагентамі, звесткі, якія раскрываюць хімічныя аспекты пытанняў захавання і ўмацавання ўласнага здароўя, і інш. Для ўключэння гэтых ведаў у працэс навучання выкарыстоўваю разліковыя задачы практыка-арыентаванага характару, праблемныя пытанні, хімічны эксперымент, творчыя дамашнія заданні, даследчыя праекты, наглядныя матэрыялы (схемы, графікі, табліцы), даведачную і мастацкую літаратуру, фрагменты відэафільмаў, анатацыйныя тэксты на розныя віды тавараў і паслуг і інш.
— Вольга Лаўрэнцьеўна, якім методыкам, тэхналогіям аддаяце перавагу?
— Вядома, у сваёй рабоце выкарыстоўваю многія педагагічныя тэхналогіі, але адной з самых любімых ужо доўгі час з’яўляюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Развіваю інфармацыйную кампетэнцыю навучэнцаў праз наступныя ўменні: шукаць і адбіраць неабходную інфармацыю, працаваць з інфармацыяй і прадстаўляць інфармацыю ў розных знакавых сістэмах (тэкст, табліца, графік, малюнак, схема, дыяграма), тлумачыць і апісваць назіраемыя з’явы і працэсы, фармуляваць высновы. Для развіцця ўмення шукаць і адбіраць неабходную інфармацыю па зададзенай тэме прапаноўваю навучэнцам выкарыстоўваць розныя крыніцы сеткі інтэрнэт, дадатковую літаратуру. Вялікую ўвагу ўдзяляю форме прадстаўлення вынікаў пошуку з дапамогай розных праграмных прадуктаў. Напрыклад, пры абагульненні ведаў і ўменняў па тэме “Вуглевадароды, спірты і фенолы, альдэгіды і карбонавыя кіслоты” ў 10 класе выкарыстоўваю анлайн-дошку для размяшчэння на ёй інфармацыі аб імянных рэакцыях, якія ўжо былі вывучаны, аб навукоўцах, якія адкрылі гэтыя рэакцыі, для дэманстрацыі прыкладаў рэакцый. Навучэнцы, падзяліўшыся на групы, ажыццяўляюць пошук інфармацыі і адлюстроўваюць яе на дошцы. Усе групы могуць працаваць адначасова, тады адразу бачны вынікі работы кожнай групы. Інфармацыя, прадстаўленая на дошцы, дазваляе паўтарыць асноўныя імянныя рэакцыі, а таксама атрымаць новыя веды аб вучоных-хіміках.
Для развіцця ўмення прадстаўляць інфармацыю ў розных знакавых сістэмах выкарыстоўваю розныя сродкі ІКТ. Напрыклад, на этапе абагульнення і сістэматызацыі матэрыялу пры вывучэнні тэмы “Алкены. Будову алкену” ў 10 класе (профільным) прапаноўваю навучэнцам самастойна запоўніць табліцу (макет ствараю загадзя), у якой прыведзены асноўныя характарыстыкі алкану і алкену. Такім жа чынам можна арганізаваць работу вучняў пры параўнанні ўласцівасцей глюкозы і фруктозы, крухмалу і цэлюлозы, розных класаў вуглевадародаў і інш. На сваіх занятках вельмі часта выкарыстоўваю прыём “Запоўні пропускі”, дзе навучэнцам неабходна, самастойна азнаёміўшыся з тэарэтычным матэрыялам, запоўніць пропускі ў тэксце і атрыманы апорны канспект выкарыстоўваць пры адказе. Для развіцця ўмення працаваць з інфармацыяй, прадстаўленай у розных знакавых сістэмах, прапаноўваю вучням схемы, дыяграмы, табліцы, малюнкі і прашу скласці звязны тэкст па іх (напрыклад, дыяграма распаўсюджанасці металаў у зямной кары, схема прыбора для атрымання газу, малюнак структуры бялку і інш.), дэманструю навучэнцам інфармацыю пры дапамозе інтэрактыўнай сэнсарнай панэлі. Для развіцця ўмення тлумачыць і апісваць з’явы і працэсы, фармуляваць высновы выкарыстоўваю розныя
спосабы. Пры правядзенні заняткаў актыўна прымяняю відэадоследы, віртуальныя лабараторыі, інтэрактыўныя модулі. Напрыклад, пры тлумачэнні донарна-акцэптарнага механізму ўтварэння сувязі ў 11 класе выкарыстоўваю канструктар анімацый. Навучэнцам неабходна сканструяваць пакрокавую анімацыю, якая ілюструе ўтварэнне чацвёртай сувязі ў іоне амонію па донарна-акцэптарным механізме і падрыхтаваць выступленне “Будова амонію” з выкарыстаннем створанай анімацыі. Таксама выкарыстоўваю прыём “Агучка”, калі паказваю навучэнцам відэа без гуку, а затым прашу апісаць, што адбывалася ў гэтым доследзе, сфармуляваць высновы. Прымяняю групавыя формы работы з дапамогай анлайн-дошак. Напрыклад, пры вывучэнні тыпаў хімічных рэакцый (7, 8 клас) размяшчаю на такой дошцы відэаролікі па колькасці груп у класе. Заданне для кожнай групы аднолькавае: уважліва паглядзець відэаролік, у якім паказана праходжанне рэакцыі, і запісаць ураўненне рэакцыі, якая працякае, апісаць прыметы рэакцыі, пазначыць яе тып.
— У практыцы работы вы актыўна прымяняеце і відэафрагменты?
— Не сакрэт, што сярод сучасных школьнікаў вялікая частка — візуалы. Гэта азначае, што наяўнасць відэа ў інфармацыйным паведамленні прыцягвае значна больш увагі. Да фільмаў або відэа трэба ставіцца крытычна. Некаторыя мастацкія фільмы і серыялы ўтрымліваюць мноства фантазій, якія супярэчаць законам хіміі, а некаторыя змяшчаюць вельмі карысную інфармацыю, якую можна выкарыстоўваць на ўроках. Напрыклад, урывак з фільма “Дзяўчаты”, у якім галоўны герой вельмі падрабязна расказвае пра тое, што можна зрабіць з дрэва, дапушчальна выкарыстоўваць пры вывучэнні тэмы “Цэлюлоза”. Ва ўрыўку з фільма “Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка” можна ўбачыць, як адбываецца працэс закісання ў цесце. Фрагмент з фільма “Мядовы месяц Камілы” можна паказаць пры вывучэнні тэмы “Альдэгіды”, а затым абмеркаваць, якія правілы бяспекі парушыў герой, выкарыстоўваючы фармальдэгід, успомніць аб фізічных уласцівасцях альдэгідаў. Пры вывучэнні тэмы “Выдзяленне вадароду ў рэакцыях кіслот з металамі” можна прадэманстраваць фрагмент з фільма “Жуль Верн. Падарожжа даўжынёю ў жыццё”, а затым паставіць праблемнае пытанне “Як вы думаеце, які газ можа быць выкарыстаны для запаўнення такога шара?”.
Вялікую дапамогу ў развіцці інфармацыйнай адукаванасці вучняў можа аказаць мастацкая літаратура, якая спрыяе наладжванню міжпрадметных сувязей. Заданні могуць быць рознымі: знайсці памылку ў тлумачэнні з’явы, якая апісваецца аўтарам твора, або адказаць на пытанне, аб якой з’яве ідзе гаворка, і г.д. Напрыклад, расказваючы аб працэсе крышталізацыі, можна выкарыстоўваць урывак з аповесці К.Г.Паўстоўскага “Залатая ружа”: “Ёсць вельмі насычаныя мінеральныя крыніцы. Варта пакласці ў такую крыніцу галінку або цвік, што заўгодна, як праз кароткі час яны абрастуць мноствам белых крышталяў і ператворацца ў сапраўдныя творы мастацтва”. Пасля чытання ўрыўка можна задаць дзецям пытанне “Растлумачце апісаную з’яву. Як яна выкарыстоўваецца ў тэхніцы?”.
— Якім павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню?
— На ўроку павінна быць камфортна ўсім яго ўдзельнікам. Важным лічу ўменне настаўніка стварыць пазітыўную атмасферу на ўроку. На сваіх занятках стараюся часцей усміхацца, жартаваць, быць адкрытай, добразычлівай.
Урок павінен быць цікавым. Імкнуся на кожных занятках уносіць нечаканыя і незвычайныя моманты, здзіўляць вучняў якімі-небудзь цікавымі фактамі, пра якія яны не ведалі.
Вучэбная дзейнасць на ўроку павінна быць кіруемай. На працягу заняткаў трэба мяняць віды дзейнасці, пераходзіць ад аднаго віду заданняў да іншага, што дазволіць утрымліваць увагу вучняў. Галоўны складнік паспяховага ўрока — папярэдняя падрыхтоўка да яго: планаванне, вызначэнне мэт, чаканняў, структуры ўрока, прадумванне паслядоўнасці дзеянняў, выбар метадаў і форм работы, падбор заданняў.
— Як адпачываеце ад працы? Падзяліцеся сваімі планамі на найбліжэйшую будучыню.
— Падтрымліваю распаўсюджанае меркаванне, што лепшы адпачынак — гэта змена дзейнасці. Аднак і ў вольны ад работы час люблю парашаць складаныя хімічныя задачы. А калі ўжо зусім адпачываць, то тут для мяне можа быць некалькі варыянтаў. Я люблю чытаць, прычым літаратура можа быць рознай: медыцынскія раманы, класічныя творы, літаратура па псіхалогіі і самаразвіцці і інш. Мне падабаецца чытаць кнігі менавіта ў папяровым варыянце. У гэтым ёсць свая асаблівая атмасфера. Апошняя прачытаная мной кніга — “Сэрца хірурга” Ф.Углова. Яшчэ адно маё захапленне ўжо шмат гадоў — гэта вязанне. Гэты від рукадзелля з’яўляецца добрым адпачынкам для тых, чыя работа звязана з напружанай разумовай дзейнасцю, бо манатонныя дзеянні дапамагаюць расслабіцца, супакоіцца, прывесці думкі ў парадак. Цаню таксама час, праведзены з сям’ёй і сябрамі.
Наперадзе час адпачынку. Вядома, я буду адпачываць ад працы, школы, вучняў. Але, як кажуць мае сябры і сваякі, настаўнік — гэта не прафесія, а дыягназ. Таму ў планах на найбліжэйшы час — стварэнне электроннага каталога заданняў з цэнтралізаванага і рэпетыцыйнага тэсціравання па хіміі мінулых гадоў, дзе будуць сістэматызаваны ўсе заданні па тэмах і ўзроўнях складанасці. Такі каталог патрэбны мне для асабістага карыстання, ён дапаможа ў выкладанні прадмета ў профільных класах.
Источник: https://nastgaz.by