РУС БЕЛ ENG 中文

Выхаванне праз гульню — ключавы напрамак у арганізацыі развіццёвага асяроддзя садзіка № 2 Ваўкавыска

06.06.2024

Гульнявым прынцыпам кіруюцца і пры правя­дзенні заняткаў у цэнтры па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай куль­туры, які дзейнічае на базе дзіцячага сада. 

Яркая вобраз­насць, нагляднасць выкліка­юць у выхаванцаў цэлы спектр адчуванняў і эмацыянальных перажыванняў. Патрыятычныя пачуцці ў дзяцей праяўляюцца праз захапленне сваёй сям’ёй, горадам, краінай.

“Дэманстрацыйны і гульнявы матэрыял у цэнтры падабраны з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей выхаванцаў. Цэнтр размяшчаецца ў двух памяшканнях, у адным з якіх арганізаваны міні-музей “Беларуская хатка”, а ў другім — гульнявы пакой з разнастайнымі экспазіцыямі. Музей дае магчымасць аб’яднаць адукацыйны працэс з рэальным жыццём, адкрываючы дос­туп да непасрэдных назіранняў, знаёмства з прадметамі і з’явамі, — расказвае загадчыца дзіцячага сада Святлана Бакавец. — Інтэр’ер музея адлюстроўвае жылое вясковае памяшканне, дзе сабраны прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асобныя экспазіцыі і дэкаратыўныя элементы мяняюцца з улікам сезона. Дзеці маюць магчымасць дакрануцца да сапраўдных экспанатаў даўніны, разгледзець іх і нават пагу­ляць з імі — адчуць важнасць і каштоўнасць народных традыцый, гісторыі і культуры нашай краіны”.

А каб выхоўваць грама­дзянскія пачуцці, педагогі да­школьнай установы стварылі экспазіцыю “Проста аб галоўным”, у якой прадстаўлены дзіцячыя кнігі пра выбары, Канстытуцыю. Тут жа размешчана серыя друкаваных выданняў “Я ганаруся!”, а таксама дзіцячая мастацкая літаратура. Аўтарскія лэпбукі выхавальнікаў з серыі “Родны край — любі i ведай!”, серыя дыдактычных гульняў “Мая малая радзіма — горад Ваўкавыск”,  “Апрані ляльку ў нацыянальны касцюм”, сюжэтна-ролевая гульня “Экурсійнае бюро “Ваўкавычанка” з’яўляюцца складнікамі экспазіцыі “Падарожнічаем, гуляем — Радзіму вывучаем!”. Немалаважная роля адводзіцца ў цэнтры і дыдактычнай ляльцы.

“Патрыятычнае выхаванне заўсёды разглядаецца інтэгральна. Яно аб’ядноўвае ў адзінае цэлае маральнае, працоўнае, разумовае, эстэтычнае, духоўнае развіццё чалавека, якое паспяхова ажыццяўляецца праз гульню, прадметную дзейнасць, зносіны, працу, навучанне. Асноўнымі формамі работы з дзецьмі ў цэнтры па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай культуры з’яўляюцца спецыяльна арганізаваная дзейнасць, гульні-заняткі, гульні-падарожжы, тэматычныя гутаркі, выяўленчая дзейнасць, святы, забавы, тэат­ралізаваныя паказы.

З выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у цэнтры право­дзяцца заняткі “Падарожжа ў часе”. Таксама дзецям прадастаўляецца магчымасць выступіць у якасці экскурсаводаў і правесці невялікі агляд па экспазіцыях або арганізаваць самастойную гульнявую дзейнасць. У выніку ў дзяцей удасканальваюцца моўныя навыкі, папаўняецца слоўнікавы запас, фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да роднай мовы”, — працягвае знаёмства з цэнтрам Святлана Міхайлаўна.

Адзін са спосабаў знаёмс­тва дзяцей з родным горадам — экскурсіі па яго вуліцах, памятных месцах, наведванне музея, бібліятэкі.

“Вялікае значэнне ў фарміраванні патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту надаём сямейным экскурсіям па горадзе. Менавіта бацькі маюць больш магчымасцей паехаць з дзіцем на экскурсію ў любую частку горада. Дзякуючы маршрутам выхаднога дня, распрацаваным для бацькоў нашымі педагогамі, кожная сям’я можа прайсціся па вуліцах Ваўкавыска, разам з сынам ці дачкой назваць вуліцы, будынкі, прадпрыемствы, расказаць пра подзвігі герояў, пра вуліцы і плошчу, названыя іх імёнамі. Сумесна з дзецьмі можна наведаць асобныя прадпрыемствы і ўстановы, у тым ліку тыя, дзе працуюць баць­кі. Затым свае эмоцыі кожная сям’я можа адлюстраваць у фотакалажы, малюнках, водгуках”, — адзначыла загадчыца.

Сёння ў дашкольнай установе функцыянуюць 9 груп (158 навучэнцаў) — 4 групы агульнага прызначэння, 2 — інтэграванага навучання і выхавання, 1 спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, а таксама 2 першыя класы.

Персанальнае суправаджэнне

У дзіцячым садзе рэалізуецца рэспубліканскі праект “Апрабацыя мадэлі дзейнасці выхавальніка, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра ва ўстановах адукацыі”.

З 1 верасня 2016 года ў дашкольнай установе функцыянуе група інтэграванага навучання і выхавання, якую на сённяшні дзень наведваюць 2 выхаванцы з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

Удзел у эксперыментальнай дзейнасці заўсёды спрыяе прафесійнаму развіццю педагогаў, стымулюе іх да творчасці і самаразвіцця, павышае якасць метадычнай работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

“Мы прааналізавалі магчымыя цяжкасці ў рэалізацыі эксперыментальнай мадэлі дзейнасці выхавальніка, які забяспеч­вае персанальнае суправаджэнне дзяцей з РАС, і выявілі шляхі іх пераадолення на ўсіх узроўнях (арганізацыйным, змястоўным, метадычным). Апрабавалі макетны ўзор прыкладнага планавання зместу дзейнасці выхавальніка ва ўмовах групы інтэграванага навучання і выхавання. Вызначылі асноўныя этапы суправаджэння дзяцей з РАС, эфектыўнасць метадаў і методык работы з імі. У выніку сфарміравалі пакет дакументаў, які ўключае ў сябе формы ўліковай і плануючай дакументацыі выхавальніка.

Абагульнены і сістэматызаваны вынікі эксперыментальнай апрабацыі па асноўных напрамках дзейнасці, такіх як адаптацыя ў прасторы ўстановы дашкольнай адукацыі; адаптацыя асяроддзя і вучэбнага матэрыялу; арганізацыя вучэбнай дзейнасці; уключэнне ў дзіцячы калектыў; дапамога ў выкананні санітарна-бытавых уменняў; карэкцыя паводзінскіх парушэнняў; развіццё камунікатыўных навыкаў, арганізацыя ўзаемадзеяння з выхаванцамі групы інтэграванага навучання і выхавання, з педагогамі (педагогам-псіхолагам, настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам дашкольнай адукацыі, музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання)”, — адзначае Святлана Міхайлаўна.

Адной з важных умоў арганізацыі эфектыўнага адукацыйнага працэсу для выхаванцаў з РАС з’яўляецца ўдасканаленне ўзаемадзеяння з іх бацькамі. Вельмі важна, каб педагогі і бацькі выступалі адзіным фронтам. Тады забяспечваецца аднастайнасць ва ўздзеянні на дзяцей, захоўваецца пераемнасць карэкцыйнай работы і замацоўваюцца атрыманыя навыкі.

Безумоўна, паспяховая рэалізацыя эксперыментальнага праекта была б немагчымай без навукова-метадычнага суправаджэння. Кансультавала педагогаў дзіцячага сада дацэнт кафедры спецыяльнай педагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ кандыдат педагагічных навук В.Ю.Светлакова. Метадычнае суправаджэнне забяспечвалі спецыялісты Ваўкавыскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

“У выніку эксперымент дазволіў педагогу падрыхтавацца да работы па суправаджэнні дзіцяці з РАС ва ўстанове дашкольнай адукацыі: спланаваць сваю дзейнасць, прадумаць задачы, напрамкі і этапы рэалізацыі, падабраць адпаведныя метады і прыёмы, а таксама сфармуля­ваць крытэрыі ацэнкі выніковасці на кожным этапе. Гэтая мадэль дасць іншым спецыялістам магчымасць быць адчувальнымі да змяненняў, якія адбываюцца ў дзіцяці з РАС, і мабільна на іх рэагаваць”, — падсумавала Святлана Бакавец.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: