З клопатам і ўвагай: як будаваць работу з асаблівымі дзецьмі, расказалі ў ЦКРНіР Слонімскага раёна
28.05.2024Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Слонімскага раёна ўжо шмат гадоў будуе сваю работу па асаблівым прынцыпе: дзейнасць будзе паспяховай, калі патрэбы дзяцей вызначаны правільна, а ўмовы, неабходныя для іх рэалізацыі, своечасова створаны.
Адукацыйны маршрут
У дзейнасці ЦКРНіР Слонімскага раёна вялікая роля адводзіцца рабоце службы ранняй комплекснай дапамогі. Менавіта яна спрыяе знаёмству выхаванцаў і іх будучых настаўнікаў, наладжванню кантактаў.
“Першая сустрэча з малышом і яго адаптацыя пачынаюцца з раздзявалкі службы ранняй комплекснай дапамогі, — расказвае настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Слонімскага раёна Ала Варгіна. — Тут мы, спецыялісты цэнтра, можам назіраць, як узаемадзейнічаюць мама з малышом, калі пераступаюць парог цэнтра. Мы бачым, якое дзіця да нас прыйшло па характары, тэмпераменце, што яму цікава, як яно сябе паводзіць у новай прасторы. Дзякуючы зоне інфармавання, якая створана ў цэнтры, мамы могуць больш дасканала вывучыць нашу работу, паглядзець, з чаго яна будзе складацца ў адносінах да дзіцяці”.
Служба ранняй комплекснай дапамогі ў ЦКРНіР працуе амаль 20 гадоў. Ключавым арыенцірам у рабоце яе спецыялісты называюць выяўленне патрэб дзяцей ранняга ўзросту, стварэнне спецыяльных умоў і дружалюбнай, даверлівай атмасферы для максімальна мяккай адаптацыі малышоў у новым акружэнні.
“У Слонімскім раёне наладжана ўзаемадзеянне ЦКРНіР і ўстаноў аховы здароўя, — адзначае Ала Анатольеўна. — Мы працуем па сістэме пераемнасці, якая накіравана на ранняе выяўленне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і на аказанне ім дапамогі. Усе нашы спецыялісты — гэта каманда, таму што мы імкнёмся да адной агульнай мэты — дапамагчы дзецям”.
Для таго каб як мага раней выявіць дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, спецыялісты цэнтра выязджаюць у дашкольныя ўстановы, дзе праводзяць скрынінгавую дыягностыку. Сёлета яе ўдзельнікамі сталі 214 дзяцей, 17 з якіх неабходна прайсці камісію і скласці індывідуальны адукацыйны маршрут. Гэты крок абавязковы, як і кансультацыя для бацькоў на пэўным этапе, бо яны ў першую чаргу павінны ведаць, што адбываецца з іх дзіцем.
“Мы актыўна супрацоўнічаем з урачамі-педыятрамі, прыходзім на прыём, каб падтрымаць бацькоў, якім гэта неабходна, расказаць пра наш цэнтр, — працягвае аповед пра сацыяльнае ўзаемадзеянне з партнёрамі А.Варгіна. — Таксама падтрымліваем трывалую сувязь з педагогам-дэфектолагам цэнтра ранняга ўмяшання дзіцячай паліклінікі. Так, з 30 дзяцей, якія сёлета былі залічаны ў ЦКРНіР, прыкладна палова даведалася пра нас менавіта ў названым цэнтры”.
Каб арганізаваць дапамогу кожнаму дзіцяці, спецыялісты цэнтра ў першую чаргу звяртаюцца з запытам да сям’і. Тое, наколькі эфектыўным будзе шлях, пройдзены дзіцем, напрамую залежыць ад уцягнутасці бацькоў у працэс, ад іх зацікаўленасці і падтрымкі малыша. Калі сувязь з бацькамі ўстаноўлена, спецыялісты ЦКРНіР робяць наступны крок — праводзяць паглыбленую дыягностыку свайго падапечнага. Сюды адносяцца сенсорнае і рухальнае развіццё, базавыя навыкі і ўменні, эмацыянальны стан. Апошняму, дарэчы, адводзіцца ўсё большае значэнне. Пасля таго як дыягностыка завершана, разам з бацькамі складаецца індывідуальная праграма карэкцыйнай дапамогі.
“Бацькі абавязкова прысутнічаюць, калі мы складаем план дапамогі, бо яны нашы першыя і галоўныя памочнікі, — запэўнівае Ала Анатольеўна. — Мы вучым іх таму, як працаваць з дзіцем. Улічваючы тое, што некаторыя навыкі трэба замацоўваць на працягу доўгага часу, без удзелу мам і татаў не абысціся. Праграма работы з выхаванцам можа карэкціравацца: гэта залежыць ад вынікаў, якія паказваюць дзеці. Ёсць малышы, якія хутка праходзяць пэўныя крокі, а ёсць дзеткі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі”.
У выхаванні дзяцей з множнымі парушэннямі эфектыўную ролю адыгрывае музыка. Падчас музычных заняткаў у арганізме актывізуюцца шматлікія працэсы, стымулюецца маўленне, і гэта заканамерна: музыка спрыяе таму, што дзеці спрабуюць прагаворваць гукі, словы ў розных танальнасцях.
Простае — складанае
Уменні кіраваць сваімі эмоцыямі, кантраляваць рухі неабходны дзіцяці не толькі для ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, але і для пазнання самога сябе, сваіх магчымасцей. Не так даўно ў ЦКРНіР з’явіўся ўнікальны сенсорна-дынамічны комплекс “Дом савы”, які накіраваны на тое, каб дапамагчы малым развіць названыя навыкі.
“Комплекс “Дом савы” — гэта антыгравітацыйнае абсталяванне, унікальная прастора, якая дазваляе дзіцяці спазнаць свой унутраны і навакольны свет праз рух, магчымасці цела, — тлумачыць педагог-дэфектолаг. — Падчас заняткаў з прымяненнем комплексу дзіця эфектыўна асвойвае рухальныя навыкі. Часта дзеці паводзяць сябе дрэнна, бо не адчуваюць цела: бегаюць, мітусяцца і не ведаюць, калі і як спыніцца. Наш комплекс дапамагае вырашыць гэтую праблему, стабілізаваць стан выхаванца”.
Разнастайныя варыяцыі выкарыстання снарадаў комплексу спрыяюць развіццю не толькі фізічнай сілы, але і цялеснай пластыкі, спрыту, балансу і каардынацыі малыша. Падчас заняткаў з прымяненнем сенсорна-дынамічнага комплексу развіваецца не толькі цела, але і мозг. Дзякуючы разнастайным спосабам выкарыстання трэнажора, дзіцяці прапаноўваюцца шматлікія задачы, якія яно вырашае не толькі за кошт рухальнай актыўнасці, але і ў выніку таго, што пачынае думаць, шукаць рашэнні.
“Комплекс “Дом савы” арганізаваны такім чынам, што падчас заняткаў у дзіцяці паляпшаецца здольнасць кантраляваць сябе, — дапаўняе спецыяліст цэнтра. — Падтрыманне балансу і каардынацыі актывізуе работу левага і правага паўшар’яў. Акрамя гэтага, комплекс спрыяе паляпшэнню ўсіх кагнітыўных працэсаў. Як вынік — паспяховасць выхаванца павялічваецца”.
Яшчэ адна перавага новага абсталявання — рэалізацыя прынцыпу “ад простага да складанага”. Дзякуючы шматлікім варыяцыям яго прымянення, з дзецьмі можна арганізоўваць заняткі на развіццё статыкі. Малыш думае, што з ім гуляюць, а на самай справе з ім займаецца спецыяліст, развівае яго.
“На трэнажоры выконваюцца такія рухі, якія ў штодзённасці мы не заўважаем, але пры іх выкананні фарміруюцца новыя нейронныя сувязі, — пералічвае перавагі комплексу “Дом савы” спецыяліст. — Тыя дзеці, якія эмацыянальна і псіхалагічна ўзбуджаны, супакойваюцца, займаючыся на трэнажорах. А тыя, хто адчувае скаванасць, пачынаюць больш рухацца. Нашы выхаванцы вельмі любяць прыходзіць сюды, а мы рады, што ў нас з’явіўся яшчэ адзін эфектыўны сродак развіцця дзяцей і дапамогі ім”.
Пагаварыць з “Люстэркам”
У ЦКРНіР мамам не даюць застацца сам-насам у выхаванні асаблівага малыша. Побач заўсёды ёсць псіхолагі, якія праводзяць індывідуальнае кансультаванне і трэнінгі. Значную падтрымку ў стабілізацыі псіхалагічнага і эмацыянальнага стану дарослыя могуць атрымаць у клубе “Люстэрка”.
“Падчас пасяджэння псіхалагічнага клуба наладжваюцца даверлівыя адносіны са спецыялістамі, — зазначае настаўнік-дэфектолаг. — Мамы і таты, прыходзячы сюды, бачаць такіх жа бацькоў, чуюць іх гісторыі. Спачатку, калі даведваюцца пра дыягназ дзіцяці, яны не хочуць прымаць гэтую інфармацыю. Толькі дзякуючы правільна выбудаванай рабоце з псіхолагам, сям’я пераходзіць у стадыю прыняцця і пачынае адэкватна ўспрымаць рэальнасць”.
Самы часты запыт, з якім мамы прыходзяць да педагога-псіхолага, — гэта адхіленні ў паводзінах дзіцяці. Бацькі вельмі баяцца заўважыць у сваіх дачок ці сыноў прыметы аўтызму. Тым не менш не заўсёды парушэнні ў паводзінах сведчаць пра тое, што ў дзіцяці расстройства аўтыстычнага спектра.
“Страх пачуць, што ў дзіцяці аўтызм, прымушае мам жыць у напружанні, таму першае, што неабходна зрабіць, — самой звярнуцца да псіхолага, а малога паказаць спецыялістам. І ўжо потым, калі ўсё стане зразумела, рабіць наступныя крокі для вырашэння праблемы, калі раптам яе выявяць”, — падбадзёрвае А.Вар-
гіна.
Источник: https://nastgaz.by