РУС БЕЛ ENG 中文

Слонімская школа № 2 — самая спартыўная ў раёне дзякуючы працоўнаму тандэму настаўнікаў і трэнераў ДЮСШ

23.05.2024

Калі папрасіць жыхароў Слоніма назваць самую спартыўную ў раёне ўстанову адукацыі, адказы ў большасці з іх будуць супадаць — гэта сярэдняя школа № 2. 

З 2018 года тут створаны спартыўны клас, а малодшыя вучні пачына­юць удзельнічаць у спаборніц­твах, ледзь навучыўшыся бегла чытаць. Такі імідж установы адукацыі — заслуга неабыякавых і адданых сваёй справе настаўнікаў і трэнераў спартыўнай школы, якія працуюць у тандэме.

Знаёмства з імі пачалося, зразумела, з сустрэчы ў спартзале. У кампаніі юных выдатнікаў спорту сакрэтамі поспеху дзяліліся трэнеры ДЮСШ № 3 Слоніма.

— Фактычна з 5 класа ў штотыднёвым раскладзе значыцца з дзясятак трэніровак па лёгкай атлетыцы. З улікам графіка ўдзелу ў спаборніцтвах рознага ўзроўню, спорту ў жыцці дзяцей адво­дзіцца вельмі шмат часу, — дапаўняючы адна адну, гавораць Алеся Семянчук і Святлана Зіміч.

Пра тое, які гэта прыносіць вынік, самі за сябе гавораць медалі ў руках дзесяцікласнікаў — вучняў спартыўнага класа школы. Не будзем пералічваць спаборніцтвы і перамогі — іх сапраўды мноства. Скажам толькі, што са студзеня гэтага года дзесяцікласнік слонімскай школы № 2 Аляксандр Дабрынін увахо­дзіць у склад нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы.

Яшчэ адным спартыўным героем школы з’яўляецца без пяці мінут выпускнік Ігар Дэцук. Пры падтрымцы школьнага педагога Марыны Бандалоўскай тры гады назад ён упершыню паўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны”, стаў сярэбраным прызёрам і з таго часу ні разу не апускаў планку.

— За тры гады на розных спаборніц­твах Ігар заваяваў 23 медалі. За кожным з іх стаіць вялікая праца і самадысцыпліна, — падкрэслівае Марына Іванаўна, тактоўна прамаўчаўшы пра свой уклад у поспехі вучня.

Шлях да перамог, як аказалася, ля­жыць не толькі праз добрасумленнае выкананне спартыўных заданняў, але і праз рэгулярныя заняткі са школьным настаўнікам у пазаўрочны час. За тры гады Ігар разам з педагогам аб’ез­дзілі многія куточкі Беларусі і фактычна адусюль прывозілі перамогі і ўзна­гароды.

Спартыўныя імкненні заканамерна вызначылі і планы Ігара на паступленне. Малады чалавек хоча стаць студэнтам факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы і ў плане прафесійнага самавызначэння будзе браць прыклад са свайго неабыякавага педагога.

І ўсё ж першы спартыўны інтарэс у школьнікаў 2-й слонімскай школы абу­джае педагог, які працуе выключна з пачаткоўцамі.

— Кожная вялікая перамога пачынаецца з маленькіх стартаў, — упэўнена настаўніца фізічнай культуры і здароўя Тамара Крамнік.

Зрэшты, яе юныя спартсмены завая­валі нямала ўзнагарод, у тым ліку і падчас агульнарэспубліканскіх стартаў. У розныя гады вучні Тамары Крамнік у спаборніцтвах “300 талентаў для Каралевы” паднімаліся на п’едэстал у мнагаборс­тве. Цікава, што ўдзельнікамі фінальных стартаў у гэтым рэспубліканскім спаборніцтве прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 Слоніма станавіліся з самага пачатку яго правядзення ў 2015 го­дзе. Больш за тое, зроблены падчас аднаго з пераможных выступленняў партрэт вучаніцы Таццяны Анцушкевіч быў размешчаны на старонках кнігі, якую ў мінулым годзе ў якасці падарунка ад Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь атрымалі ўсе першакласнікі краіны.

Да спартыўных перамог навучэнцаў набліжаюць не толькі ўрокі фізкультуры. Усіх вучняў пачатковых класаў аб’ядноўвае гурток “Здаравічок”, а з 2 класа — і факультатыў “Дзіцячая лёгкая атлетыка”. Непасрэдна пры падтрымцы Тамары Крамнік вучні ўдзельнічаюць у розных спартыўных спаборніцтвах пачынаючы з 1 класа. Рухальную актыўнасць яны падтрымліваюць дзякуючы творчай ініцыятыве педагога, як толькі апынаюцца ля школы.

— Некалькі гадоў назад дваровую тэрыторыю школы ўпрыгожылі класікамі на любы густ, дзе скакаць трэба па каменьчыках, літарах алфавіта, лічбах… Цікава назіраць, як дзеці ўсіх узростаў, а не толькі мае пачаткоўцы, скачуць ад брамкі да ўвахода ў школу. Хтосьці ў асабістым заліку, а хтосьці — спаборнічаючы з аднакласнікамі, — з усмешкай дадае суразмоўніца.

Свой вопыт работы з дзецьмі па арганізацыі адукацыйнай прасторы і прымяненні цікавых методык Тамара Канстанцінаўна актыўна трансліруе. Пра гэта сведчыць і цэлая папка публікацый у перыёдыцы, дзе сваё месца займае ў тым ліку “Настаўніцкая газета”.

Адным словам, на спартыўны вынік нацэлены і педагогі сярэдняй школы № 2 Слоніма, і трэнеры суседняй ДЮСШ № 3. Пры такім тандэме багацце ўзнагарод на грудзях юных спартсменаў — заканамерны вынік іх агульных намаганняў і памкненняў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: