Наперадзе лета. Час збірацца ў турыстычны паход!
23.05.2024З усёй разнастайнасці форм турыстычна-краязнаўчай дзейнасці самым любімым у вучняў з’яўляецца турыстычны паход.
Шырокія магчымасці
Турызм і краязнаўства напаўняюць школьнае жыццё рамантыкай і прыгодамі, пашыраюць кругагляд, умацоўваюць здароўе, гартуюць характар. Па назіраннях псіхолагаў, у навучэнцаў, якія часта бываюць у вандроўках, лепш развіты маўленне, памяць, мысленне, творчая фантазія, яны больш таварыскія і часта з’яўляюцца лідарамі сярод сваіх аднагодкаў.
Педагогу, які мае зносіны з навучэнцамі толькі ў сценах школы, цяжка разабрацца ў дзіцячых характарах. А ў паходзе яго падапечныя раскрываюцца часам з зусім нечаканага боку. Варта таксама нагадаць аб магчымасцях турызму ў патрыятычным, маральным, экалагічным і іншых напрамках выхавання.
Ад простага да складанага
Разам з тым няправільна меркаваць, што дастаткова пайсці ў паход — і навучэнцы адразу стануць лепшымі. Непадрыхтаваны або няправільна падрыхтаваны паход можа прынесці не карысць, а шкоду.
Адзін з асноўных педагагічных прынцыпаў турыстычна-краязнаўчай дзейнасці “ад простага да складанага”. Таму работу па правядзенні паходаў з навучэнцамі трэба пачынаць з нескладаных аднадзённых падарожжаў па тэрыторыі свайго або найбліжэйшых раёнаў, паступова павялічваючы іх працягласць і пашыраючы геаграфічныя межы.
Правядзенне турыстычных паходаў з дзецьмі рэгламентуецца пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2007 г. № 35-а, якой зацверджана Інструкцыя аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях.
Падрыхтоўка паходу пачынаецца з камплектавання групы. У кожнай павінен быць кіраўнік. Ён прызначаецца з ліку штатных педагагічных работнікаў установы адукацыі, якія маюць вопыт удзелу ў паходах. І павінен быць намеснік кіраўніка (таксама педагагічны работнік або адзін з бацькоў, якія ўдзельнічаюць у паходзе). У нескладаных адна- ці двухдзённых паходах замест намесніка кіраўніка можа быць прызначаны памочнік кіраўніка з ліку навучэнцаў. Інструкцыяй не ўстаноўлена колькасць навучэнцаў у турыстычнай групе. Гэта вызначае адміністрацыя ўстановы адукацыі з улікам вопыту кіраўніка паходу, а таксама працягласці і складанасці
маршруту.
Адзін з элементаў падрыхтоўкі паходу — вызначэнне мэты. Як правіла, у кожнага паходу іх некалькі: аздараўленчая, пазнавальная (знаёмства з краязнаўчымі аб’ектамі), сацыяльна-камунікатыўная (зносіны), даследчая (вывучэнне і збор матэрыялу для школьнага музея), экалагічнае выхаванне і г.д.
У залежнасці ад мэт паходу вызначаецца раён яго правядзення, падбіраецца картаграфічны і даведачны матэрыял аб тэрыторыі запланаванага падарожжа. Затым пачынаецца работа над маршрутам. Пры яго распрацоўцы неабходна памятаць, што маршрут павінен быць разнастайным у адносінах да прыроднага багацця, пасільным для ўдзельнікаў з улікам іх вопыту, павінен будавацца з нарастаннем нагрузкі, а ў апошняй трэці маршруту — з яе памяншэннем, з нарастаннем цікавасці (самае цікавае павінна быць у канцы ці амаль у канцы маршруту), павінен мець абмежаваную колькасць экскурсійных аб’ектаў (перагрузка, як і недагрузка, шкодная).
Выбіраючы маршрут руху, пажадана пазбягаць перамяшчэння па аўтамабільных дарогах і чыгунках або ўздоўж іх. Лепш выкарыстоўваць прасёлачныя дарогі, сцежкі, прасекі. На меркаваным маршруце вызначаюцца месцы прывалаў і начлегаў. Для арганізацыі начлегаў і абедзенных прывалаў на маршруце варта вызначаць месцы з крыніцамі прыдатнай для піцця вады і наяўнасцю дроў.
Інструкцыяй вызначаны дакументы, якія афармляюцца ўстановай адукацыі пры правядзенні турыстычнага паходу. Перш за ўсё выдаецца загад, у якім прапісваюцца тэрміны правядзення паходу, маршрут, спіс удзельнікаў, назначаюцца кіраўнік паходу (на яго ўскладаецца адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей) і намеснік (памочнік) кіраўніка. Пры здзяйсненні нескладаных адна- ці двухдзённых паходаў кіраўніку паходу выдаецца маршрутны ліст устаноўленага ўзору, завераны подпісам кіраўніка і пячаткай установы. У выпадку фінансавання паходу ўстановай адукацыі ва ўстаноўленым парадку зацвярджаецца каштарыс расходаў.
Адміністрацыя ўстановы адукацыі абавязана правесці інструктаж па бяспечным правядзенні паходу з яго кіраўніком і намеснікам, а тыя ў сваю чаргу з яго ўдзельнікамі. Кіраўнік дапускае да ўдзелу ў паходзе навучэнцаў пры пісьмовым дазволе бацькоў і наяўнасці медыцынскай даведкі аб стане здароўя.
Кіраўнік паходу павінен ведаць раён падарожжа і прадугледзець выкарыстанне на маршруце мабільнай сувязі.
Нічога не забыць
Гаворачы аб турысцкім рыштунку, важна памятаць пра выказванне на гэты конт вопытных турыстаў: “Не забыць нічога патрэбнага і не браць нічога лішняга”. Агульныя патрабаванні да турысцкага рыштунку наступныя: бяспека выкарыстання, трываласць, невялікая вага і аб’ём, прастата ў выкарыстанні, гігіенічнасць.
Увесь паходны рыштунак павінен пераносіцца ў рукзаках. У мэтах зручнасці перамяшчэння і бяспекі рукі турыста павінны быць свабодныя.
Харчаванне ў паходзе — важны аспект яго арганізацыі. У аднадзённым паходзе арганізацыя харчавання не выклікае складанасцей. У шматдзённых паходах прадукты павінны мець малую вагу, працяглыя тэрміны захоўвання ў паходных умовах і магчымасць хуткага гатавання, быць каларыйнымі і лёгказасваяльнымі. Добра, калі харчаванне будзе разнастайным. Важна правільна спакаваць і захоўваць прадукты харчавання. Для транспарціроўкі сыпкіх прадуктаў можна выкарыстоўваць пластыкавыя бутэлькі з-пад напіткаў розных аб’ёмаў. Мясныя і рыбныя прадукты ў паход бяруць у выглядзе кансерваў у бляшанках (не шкляных слоіках). Гатаванне ежы на вогнішчы патрабуе некаторых навыкаў і адрозніваецца ад гатавання ў хатніх умовах.
На маршруце
Правядзенне паходу пачынаецца з кантрольнага збору групы. У простых паходах ён праводзіцца ў дзень выхаду на маршрут за гадзіну-паўтары да пачатку ў мэтах праверкі гатоўнасці ўдзельнікаў.
Выхаду на маршрут паходу, як правіла, папярэднічае транспартны пераезд. Неабходна разлічыць час пераезду да вакзала, ведаць расклад руху. Правільна будзе нагадаць дзецям аб правілах бяспечных паводзін у грамадскім транспарце. Варта памятаць, што транспарт з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі. Пры пасадцы і высадцы з транспартнага сродку кіраўнік павінен трымаць групу ў полі зроку.
На вуліцах населеных пунктаў група рухаецца парамі, што не дазваляе ёй расцягнуцца. У лесе, полі група перабудоўваецца ў калону па адным. У галаве калоны ідуць больш слабыя ўдзельнікі, у канцы — найбольш дасведчаны і моцны ўдзельнік. Кіраўнік і яго намеснік сваё месца вызначаюць у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі.
Хадзьба ў турыстычным паходзе павінна дастаўляць задавальненне. Для раўнамернага размеркавання нагрузкі ў паходзе існуюць прывалы. Як правіла, 10—15-мінутныя прывалы ладзяць па меры неабходнасці праз кожныя
35—45 мінут руху. Частата правядзення прывалаў залежыць ад фізічнага стану ўдзельнікаў і перш за ўсё самых слабых. Кіраўніку праходу варта памятаць, што ў вучняў, асабліва ў старэйшым школьным узросце, бываюць рэзка супрацьлеглыя ўзроўні вынослівасці. Гэта патрабуе пастаяннага назірання за ступенню стомленнасці дзяцей для своечасовага рэгулявання тэмпу перамяшчэння.
Правільны адпачынак
Прывалы падчас паходу арганізоўваюць у месцах, зручных для адпачынку, закрытых ад ветру і прамых сонечных прамянёў. Для абедзеннага прывалу выбіраецца месца з наяўнасцю дроў і вады. Пры адсутнасці на стаянцы пітной вады яе варта набраць загадзя. Аналагічна выбіраюцца месцы для начлегаў. Да месца запланаванага начлегу (бівака) група павінна прыбыць не менш чым за 1,5—2 гадзіны да наступлення цемры. Галоўнае патрабаванне да выбару яго месца — бяспека. Добра, калі будзе выбрана маляўнічае месца.
Адно з патрабаванняў планіроўкі бівака — кампактнасць. Пры яго арганізацыі палаткі ставяцца на блізкай адлегласці адна ад адной. Вогнішча раскладваецца на адлегласці не бліжэй чым 5 метраў ад дрэў, для гэтага лепш выкарыстоўваць старое вогнішча. Калі такой магчымасці няма, сапёрнай рыдлёўкай здымаецца дзёран, які складваецца побач. Перад сыходам з бівака месца вогнішча паліваецца вадой і дзёран укладваецца на ранейшае месца. Нарыхтаваныя дровы складваюцца на адлегласці да 3 метраў ад вогнішча. Недалёка ад вогнішча выкопваецца яма для адходаў, а на адлегласці 70 метраў у розныя бакі ад бівака ладзяцца прыбіральні кароткачасовага карыстання (невялікай глыбіні раўкі). Пасля сыходу з месца стаянкі яма адходаў і раўкі прысыпаюцца зямлёй.
Падчас работы на стаянцы варта выконваць меры бяспекі, якія тычацца карыстання інструментам, вогнішчам, гатавання ежы.
Вячэрні час ля вогнішча можна выкарыстоўваць для падвядзення вынікаў дня, складання плана на наступны дзень, аповеду цікавых гісторый, правядзення спакойных гульняў, якія здымаюць пераўзбуджэнне і дапамагаюць падрыхтаваць дзяцей да сну.
Падвядзенне вынікаў
У любым паходзе дзеці вучацца новаму. Ацаніць іх дзеянні, выказаць заўвагі і прапановы па выпраўленні недахопаў — значыць намеціць шляхі далейшага паспяховага правядзення будучых паходаў. Падвядзенне вынікаў можа праводзіцца ў выглядзе аформленай насценнай ці фотагазеты, стварэння відэафільма. Справаздачы аб паходзе можна размясціць на сайце школы.
Наперадзе лета. Паважаныя педагогі і навучэнцы, час збірацца ў паход!
Сяргей МІТРАХОВІЧ,
метадыст Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства
Источник:https://nastgaz.by