Прынята рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі каледжаў Беларусі і Расіі
21.05.2024Прынята рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі каледжаў Беларусі і Расіі. Пра гэта стала вядома падчас сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі на чале з кіраўнікамі ведамстваў Андрэем Іванцом і Сяргеем Краўцовым.
Падчас калегіі, якая прайшла ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, былі абмеркаваны пытанні рэалізацыі сумеснага плана мерапрыемстваў двух міністэрстваў на 2023—2024 гады, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў з сярэдняй прафесійнай адукацыяй для сучасных вытворчасцей Расіі і Беларусі, арганізацыя абмену лепшымі практыкамі ў галіне інклюзіўнай адукацыі, комплекс мер, накіраваных на патрыятычнае выхаванне (у рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы), дзейнасць педагагічных класаў, праекты Асацыяцыі школ Беларусі і Расіі, а таксама супрацоўніцтва ў сферы лічбавізацыі.
— Паміж нашымі міністэрствамі выбудавана цесная сувязь, ёсць поўнае ўзаемаразуменне па ўсіх пытаннях, — адзначыў Андрэй Іванец. — Ужо на працягу чатырох гадоў дзейнічае Асацыяцыя школ Беларусі і Расіі. У яе ўваходзіць каля 500 школ. Толькі летась праведзена больш за 180 мерапрыемстваў. Яшчэ адзін немалаважны аспект — падрыхтоўка кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы праводзім работу па ўніфікацыі адукацыйных праграм, навукова-метадычнага забеспячэння, каб спецыялісты, якія рыхтуюцца ў нашых каледжах і выходзяць на рынак працы, валодалі адзінымі ведамі і кампетэнцыямі. Таму ў рамках пасяджэння калегіі прынята рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі каледжаў Беларусі і Расіі, што дазволіць інтэграваць адпаведныя ўзроўні адукацыі дзвюх краін. І яшчэ адно важнае пытанне, пра якое мы гаварылі, — гэта выхаванне асобы навучэнцаў. Мы бачым адпаведны патэнцыял, які ёсць не толькі ў школах, але і ва ўстановах, якія ажыццяўляюць аздараўленне, работу студэнцкіх атрадаў, узаемадзеянне з бацькамі.
— Складана развіваць эканомікі нашых краін без цеснага супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы кадраў, — заўважыў Сяргей Краўцоў. — Таму рашэнне па інтэграцыі сістэм сярэдняй спецыяльнай адукацыі і стварэнне Асацыяцыі каледжаў надзвычай важнае. Таксама мы дамовіліся аб арганізацыі школьных абменаў, распрацоўцы адукацыйных маршрутаў для навучэнцаў. Абмеркавалі пытанні інфармацыйнага ўзаемадзеяння. У Расіі ёсць дзяржаўная інфармацыйная сістэма “Мая школа”, якую мы перадаём для выкарыстання ў беларускія школы.
— Размова аб падрыхтоўцы рабочых кадраў для рэальнай вытворчасці будзе працягнута і пашырана на пляцоўках перадавых вытворчых аб’яднанняў дзвюх краін, — расказаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. — Прэстыж рабочай прафесіі, асабліва зараз, калі паспяховасць адзінай прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы даказала сваю эфектыўнасць, усё больш актуальны. Бо стаіць задача па забеспячэнні канкурэнтаздольнасці, імпартазамяшчэнні.
— Неад’емнымі элементамі агульнай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы сталі папулярныя ў дзяцей і моладзі праекты: конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “Таленты XXI стагоддзя”, турзлёт навучэнцаў, грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена “За гонар Айчыны” ў НДЦ “Зубраня”, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Рэалізуюцца праекты і праграмы, у рамках якіх выпускнікі дзіцячага тэхнапарка праходзяць навучанне ў расійскім адукацыйным цэнтры “Сірыус”. Школьнікі з Расіі прымаюць удзел у нашым форуме маладых даследчыкаў “Шлях у навуку” на базе Цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Асаблівае значэнне мае беларуска-расійскі патрыятычны праект “Цягнік Памяці”. У жніўні гэтага года запланавана правядзенне фестывалю ваенна-патрыятычных лагераў і клубаў “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што абараняць!”. Значным з’яўляецца праект па сумесным навучанні і выхаванні навучэнцаў Расіі і Беларусі, які плануецца рэалізаваць у Полацкім кадэцкім вучылішчы. Развіваюцца кантакты вучоных і педагогаў-практыкаў, праводзяцца сумесныя навуковыя і педфорумы, навукова-практычныя адукацыйныя і асветніцкія мерапрыемствы, падпісваюцца дакументы аб супрацоўніцтве ўстаноў адукацыі. У нашых дзяржаў ёсць вопыт сумеснай падрыхтоўкі вучэбна-метадычнага забеспячэння для ўстаноў адукацыі, супрацоўніцтва па пытаннях ацэнкі якасці адукацыі, даўніверсітэцкай прафадукацыі, лічбавізацыі.
Ва ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці”. Мэтазгодна наладзіць супрацоўніцтва па пытаннях павышэння кваліфікацыі педкадраў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР, стварыць секцыю спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі ў рамках Асацыяцыі школ Беларусі і Расіі. Таксама ў структуры асацыяцыі прапаноўваецца адкрыць секцыю інжынерных і Курчатаўскіх класаў.
Сёння функцыянуе сумесная расійска-беларуская рабочая група па пытаннях бесперапыннай прафадукацыі для тэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей нашых краін. Ёсць вынікі яе дзейнасці па арганізацыі павышэння кваліфікацыі педагогаў, развіцці чэмпіянатнага руху, правядзенні даследаванняў, абмену вопытам і г.д.
— На правах базавай арганізацыі СНД Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі штогод арганізоўвае каардынацыю прамых кантактаў устаноў адукацыі Расіі і Беларусі, — расказаў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі. — На пастаяннай аснове праводзяцца конкурсы прафмайстэрства на нацыянальным узроўні з запрашэннем да ўдзелу прадстаўнікоў Расіі і міжнародныя чэмпіянаты краін ЕАЭС у Расіі, дзе Беларусь таксама ўдзельнічае.
Значная ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі педработнікаў. За паўтара года больш за 300 педагогаў з Расіі прайшлі ў РІПА курсы павышэння кваліфікацыі і стажыроўку. У гэтыя дні група дырэктараў каледжаў Беларусі вывучае адпаведны вопыт у Маскве.
Адбываюцца змяненні ў падрыхтоўцы рабочых кадраў, спецыялістаў сярэдняга звяна, абнаўляецца змест існуючых спецыяльнасцей і адкрываюцца новыя, што дазваляе рэагаваць на запыты высокатэхналагічных вытворчасцей. Для сістэмнай работы ў гэтым кірунку ўведзены механізм надання статусу “вядучы каледж” на рэспубліканскім і абласным узроўні. Ва ўзаемадзеянні з работадаўцамі ў такіх установах аналізуюцца змяненні функцый працоўных месцаў з улікам мадэрнізацыі прадпрыемстваў, распрацоўваецца змест новай мадэлі спецыяліста, абнаўляюцца існуючыя планы і праграмы. На базе такіх каледжаў функцыянуюць цэнтры кампетэнцый, якія дааснашчаюцца абсталяваннем пад абноўлены змест. Развіваецца сеткавае ўзаемадзеянне з профільнымі каледжамі. На базе цэнтраў кампетэнцый арганізуюцца выязныя заняткі і практыкі для навучэнцаў. Базавымі пляцоўкамі фарміравання перадавых кампетэнцый у Расіі з’яўляюцца цэнтры апераджальнай прафесійнай падрыхтоўкі. Мэтазгодна прапрацаваць пытанне стварэння сеткі такіх цэнтраў з удзелам краін ЕАЭС.
Распаўсюджваючы перадавыя тэхналогіі прамысловых прадпрыемстваў, можна працягнуць супрацоўніцтва ў частцы распрацоўкі сумесных праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў Расіі і Беларусі з наступнай іх рэалізацыяй на базе каледжаў нашых краін, у тым ліку праграм па выхаванні, а таксама правядзенне навуковых даследаванняў у сферы прафадукацыі.
***
Сёлета знакавая падзея для Беларусі — святкаванне 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рамках Саюзнай дзяржавы запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Сімвалічна, што да пачатку пасяджэння калегіі яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да стэлы “Мінск — горад-герой” і наведалі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, яны азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і адукацыйным працэсам у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і арганізацыяй выхаваўча-адукацыйнай работы ў сярэдняй школе № 61 Мінска, дзе функцыянуюць класы ваенна-патрыятычнай і аграрнай накіраванасці, дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Юны крыміналіст”.
Источник: https://nastgaz.by