Якія навуковыя даследаванні з’яўляюцца прыярытэтнымі для Акадэміі адукацыі
20.05.2024Новая рубрыка “Акадэмія адукацыі” — сумесны праект акадэміі і “Настаўніцкай газеты”, дзе адбудзецца знаёмства з новымі і бягучымі ініцыятывамі Акадэміі адукацыі, рабіць аналіз асноўных адукацыйных напрамкаў і гутарыць з экспертамі.
Канцэптуальныя напрамкі дзейнасці Акадэміі адукацыі сталі лейтматывам падчас размовы з яе рэктарам Ірынай Старавойтавай.
— Ірына Анатольеўна, адным з асноўных кірункаў дзейнасці акадэміі з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць у сферы адукацыі. Якія навуковыя даследаванні цяпер з’яўляюцца прыярытэтнымі і якіх вынікаў чакаеце?
— Акадэмія адукацыі з’яўляецца галаўной арганізацыяй-выканаўцай па падпраграме “Адукацыя” дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы” (2021—2025) і галіновай навукова-тэхнічнай праграме “Функцыянальная адукаванасць” (2021—2025), якая ўключана ў пералік найбольш эфектыўных і значных для развіцця эканомікі краіны навуковых праектаў (зацверджаны ДКНТ і НАН Беларусі).
Найбольш важнымі распрацоўкамі, над якімі працуе акадэмія, з’яўляюцца канцэптуальныя асновы развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, праекты адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм, дыдактычнае забеспячэнне дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі новага пакалення, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, навукова-метадычнае забеспячэнне навучання беларускай мове як замежнай і інш.
Шэраг актуальных для сістэмы адукацыі вынікаў атрымаем у ходзе выканання заданняў, накіраваных на забеспячэнне дзейнасці сістэмы адукацыі. Мы працуем над вучэбнымі праграмамі для сістэмы спецыяльнай адукацыі, навукова-метадычным забеспячэннем арганізацыі адаптыўнага гульнявога асяроддзя для маленькіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Распрацоўваем алгарытм псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ); сістэму ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі; вучэбна-метадычнае забеспячэнне факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.
Зараз наш навуковы калектыў займаецца планаваннем перспектыўных навуковых даследаванняў на новую пяцігодку. Акадэмія адукацыі атрымала пасведчанне аб акрэдытацыі навуковай арганізацыі, выдадзенае Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях ад 26.02.2024 № 280.
У якасці арыенціра выбраны актуальныя сацыяльныя задачы, вырашэнне якіх дазволіць сістэме адукацыі даць адказ на шэраг палітычных, эканамічных, сацыяльных, культурных выклікаў, якія сталі перад беларускім грамадствам і дзяржавай на новым этапе суверэннага развіцця.
— Акадэмія рыхтуе навуковыя кадры. Па якіх напрамках ажыццяўляецца падрыхтоўка?
— У аспірантуры і дактарантуры Акадэміі адукацыі вучыцца 91 чалавек: 8 — у дактарантуры і 83 — у аспірантуры. Навучанне ажыццяўляецца па 7 спецыяльнасцях: “Сацыяльная філасофія”; “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”; “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі”; “Карэкцыйная педагогіка (сурдапедагогіка і тыфлапедагогіка, алігафрэнапедагогіка і лагапедыя)”; “Агульная псіхалогія, псіхалогія асобы, гісторыя псіхалогіі”; “Сацыяльная псіхалогія”; “Педагагічная псіхалогія”.
Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі навучання з’яўляюцца 13.00.01 — “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі” і 19.00.01—“Агульная псіхалогія, псіхалогія асобы, гісторыя псіхалогіі”. У цяперашні час вырашаецца пытанне аб адкрыцці спецыяльнасці 13.00.08 — “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі”.
Асаблівая гордасць — выпускнікі аспірантуры і дактарантуры, якія ў розны час сталі супрацоўнікамі Акадэміі адукацыі. Гэта вядомыя ў Рэспубліцы Беларусь вучоныя — кандыдаты і дактары педагагічных і псіхалагічных навук.
— А якія функцыі ў Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі?
— Цэнтр вырашае найважнейшыя задачы сістэмы адукацыі нашай краіны, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем даследаванняў якасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, з узмацненнем нацыянальнага экспертнага патэнцыялу.
Першачарговымі задачамі цэнтра з’яўляюцца правядзенне якаснага аналізу вынікаў нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Цэнтрам распрацаваны аналітычныя матэрыялы па выніках вывучэння асобаснага развіцця навучэнцаў, псіхалагічных аспектаў навучання і выхавання, прафесійных кампетэнцый і адукацыйных запытаў педагогаў. Рыхтуюцца рэкамендацыі па выніках маніторынгавых даследаванняў, якія дазволяць стварыць больш спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання нашых дзяцей, павысіць іх адукацыйныя вынікі.
Такая аналітычная інфармацыя важная і для эфектыўнай арганізацыі павышэння кваліфікацыі і міжкурсавой падрыхтоўкі. З лютага 2024 года арганізавана павышэнне кваліфікацыі для 1454 слухачоў, праведзена 27 мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў (сярод іх міжнародныя канферэнцыі і семінары, метадычны семінар і вэбінары).
— Як плануеце ўдасканальваць выдавецкую дзейнасць? Гаворка пра навуковыя даследаванні і вучэбныя дапаможнікі.
— Вынікі сваіх навуковых даследаванняў аспіранты, дактаранты і саіскальнікі публікуюць у часопісах Акадэміі адукацыі “Педагагічная навука і адукацыя”, “Веснік адукацыі”, а таксама ў зборніку навуковых прац акадэміі (усе яны ўваходзяць у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь).
У “Весніку адукацыі” выдаём не толькі канцэптуальныя матэрыялы, але і вынікі даследаванняў нашых навукоўцаў у сферы адукацыі, практычныя рэкамендацыі для педагогаў, рэкамендацыі для кіраўнікоў і распрацоўкі заняткаў, майстар-класаў для настаўнікаў. Запрашаем усіх зацікаўленых да супрацоўніцтва.
У гэтым годзе плануецца выдаць 72 найменні вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 49 найменняў для ўстаноў спецыяльнай адукацыі.
Арганізоўваем шырокае абмеркаванне (з удзелам педагогаў, метадыстаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы) зместу вучэбных прадметаў, метадычнага інструментарыю вучэбных дапаможнікаў. Такі падыход зарэкамендаваў сябе і стаў эфектыўным інструментам для сумеснай работы навукоўцаў і настаўнікаў па ўдасканаленні вучэбных дапаможнікаў і стварэнні новых.
У гэтым навучальным годзе 26 вучэбных выданняў праходзяць доследную праверку. У рамках рэспубліканскага семінара для аўтараў падручнікаў і экспертаў абмеркаваны пытанні ацэнкі ступені рэалізацыі псіхолага-педагагічных патрабаванняў да вучэбнага дапаможніка.
Працягваем работу па апрабацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі новых вучэбных дапаможнікаў. Зараз такую праверку праходзяць “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа; “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” для 9 класа кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча; “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” для 2 класа.
— Ірына Анатольеўна, якія напрамкі дзейнасці рэалізуе акадэмія ў сферы сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы?
— Навукова-метадычнае суправаджэнне выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца з дапамогай метадычных рэкамендацый, дапаможнікаў для педагогаў, якія распрацоўваюцца супрацоўнікамі акадэміі. Вялікая роля адводзіцца правядзенню семінараў для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, а таксама для метадыстаў інстытутаў развіцця адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў.
У рэспубліканскім каардынацыйным плане дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў кожны педагог можа знайсці цікавую для яго тэму.
Супрацоўнікі Акадэміі адукацыі падрыхтавалі да выдання шэраг дапаможнікаў. У іх асвятляюцца надзвычай актуальныя праблемы, напрыклад, развіццё псіхасацыяльных кампетэнцый падлеткаў, сямейнае выхаванне старшакласнікаў, дапамога аднагодкам у крызіснай сітуацыі, выхаванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму.
Ажыццяўляецца падрыхтоўка метадычных рэкамендацый, інфармацыйных матэрыялаў для рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.
Важным напрамкам работы з’яўляецца падрыхтоўка матрыц адзіных урокаў да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гадавіны трагедыі ў Хатыні, Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, Міжнароднага дня палёту чалавека ў космас, да Дня Перамогі.
Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на вясновых канікулах.
Акрамя таго, неад’емнай часткай работы метадычнай службы Акадэміі адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка, арганізацыя конкурсаў, фестываляў, алімпіяд, круглых сталоў.
— Якім бачыцца развіццё Акадэміі адукацыі?
— Для паспяховага развіцця неабходна захоўваць найлепшыя традыцыі і выразна бачыць перспектывы. Актуальнымі напрамкамі нашай работы з’яўляюцца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, павышэнне якасці падручнікаў, удасканаленне адукацыйнага працэсу на аснове інклюзіўнага падыходу, развіццё прафесійнай кампетэнтнасці і асобасных якасцей педагогаў праз укараненне інавацыйных форм дадатковай адукацыі дарослых. Упэўнена, што наш высокі навуковы і метадычны патэнцыял дазволіць паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы.
Источник: https://nastgaz.by