Нам даверана памяць. “Пісьмо пра Беларусь”: Радзіма вачамі юных грамадзян
17.05.2024На Дзятлаўшчыне рэалізуецца выхаваўча-патрыятычнае мерапрыемства “Пісьмо пра Беларусь”, сустрэчы ў рамках якога прайшлі ў Гезгалаўскім дзіцячым садзе і дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава.
Паколькі праект падрыхтаваны па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, то ў дзіцячыя сады накіраваліся намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч і метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.
Як расказала Кацярына Аляксандраўна, такія мерапрыемствы скіраваны на прывіццё дзецям патрыятызму і любові да Радзімы, нацыянальнай самасвядомасці, заадно яны дапамагаюць тлумачыць выхаванцам дашкольных установаў у даступнай для іх форме інфармацыю, звязаную з расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.
– Педагогамі дашкольных установаў раёна вядзецца сістэмная планамерная выхаваўчая работа, – звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемстваў Кацярына Гайдук. – Сёння якраз убачым, якое “зярнятка” мы сеем і што робім, каб вырасціць з маленькіх грамадзян вялікіх грамадзян нашай краіны. Сімвалічна, што наша сустрэча праходзіць напярэдадні вялікага, светлага, слёзнага і адначасова радаснага свята – Дня Перамогі.
Падарожжа скрозь гады ў дні пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дні гарачых баёў за вызваленне Радзімы, подзвігаў герояў, зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў доўгачаканы святочны май 1944 года выхаванцы дзіцячых садоў са сваімі выхавальнікамі ажыццявілі праз вершы, танцы, удзел у інтэрактыўных заданнях. Не абышлі яны ўвагай і мірнае будаўніцтва, развіццё і станаўленне нашай роднай Беларусі, расказалі пра яе дзяржаўныя сімвалы, хорам праспявалі гімн.
На памяць аб сустрэчы Сяргей Аляшкевіч падарыў хлопчыкам і дзяўчынкам сцяжкі – маленькія сімвалы вялікага сцяга Айчыны.
– Мы знаходзімся на парозе аднаго з самых значных для Беларусі святаў – Дня Перамогі, з якім шчыра ўсіх віншую, – падвёў вынікі сустрэч намеснік пракурора. – Сучаснае пакаленне павінна памятаць, якой цаной дасталіся нашым дзядам і прадзедам мір і спакой на роднай зямлі, шанаваць і берагчы іх, любіць сваю Радзіму.
Источник: https://diatlovonews.by