Фестываль педагагічных ідэй аб’яднаў у Гродне каля ста маладых педагогаў
16.05.2024Фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” аб’яднаў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі каля ста маладых педагогаў з усіх куткоў Прынямоння і некалькіх рэгіёнаў Мінскай вобласці.
І гэта толькі ў вочным фармаце. Па відэасувязі ў дыялог аб педагагічнай прафесіі ўключыліся маладыя настаўнікі з Гомеля, а таксама расійскіх Ульянаўска і гарадоў Курганскай і Омскай абласцей.
— У кожнага з вас сёння ёсць вялікая колькасць траекторый для самарэалізацыі ў сістэме адукацыі. Галоўнае — вызначыцца з кірункамі, атрымліваць задавальненне ад сваёй работы і ніколі не забываць, навошта вы прыйшлі ў яе: дзяліцца ведамі і выхоўваць, фарміраваць дзіцячы калектыў і правільнае чалавечнае стаўленне да жыцця. Высокі гуманістычны ідэал нашай прафесіі часам патрабуе аддаваць больш, чым мы атрымліваем у адказ. Але менавіта гэта называюць прызваннем — калі ты не можаш па-іншаму, — звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
Сёлетні фестываль прайшоў ужо 13-ы раз і па традыцыі для маладых педагогаў са стажам работы не больш за тры гады стаў платформай для абмену вопытам і інавацыйнымі ідэямі па арганізацыі педагагічнага працэсу ва ўстановах адукацыі. На гэты раз яго ўдзельнікамі сталі не толькі выкладчыкі школ і гімназій, але і маладыя настаўнікі з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій.
— Сістэма работы з маладымі педагогамі на Гродзеншчыне выбудавана ўзроўнева, пачынаючы з установы адукацыі, раёна. Апафеозам гэтай дзейнасці з’яўляецца фестываль педагагічных ідэй. Акрамя таго, кожныя канікулы на працягу навучальнага года маладыя педагогі праходзяць павышэнне кваліфікацыі на базе нашага інстытута. Прычым навінкай гэтага года стала тое, што паралельна з маладымі педагогамі праходзяць павышэнне кваліфікацыі настаўнікі-метадысты. Гэта добрая магчымасць для прадукцыйнага ўзаемаабмену, калі вопытныя педагогі праводзяць практычныя заняткі для маладых калег, — расказала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Дабрадушанка.
У гэтым годзе ў аснове канцэпцыі ўсіх адукацыйных мерапрыемстваў фестывалю былі пытанні функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. У ГрАІРА ў форме лекцый удзельнікі фестывалю даведаліся аб развіцці навыкаў і кампетэнцый ХХІ стагоддзя сродкамі сучасных адукацыйных тэхналогій, аб развіцці функцыянальнай дасведчанасці. Маладыя педагогі азнаёміліся з прымяненнем тэарэтычных ведаў падчас майстар-класаў ад настаўнікаў-метадыстаў Гродзеншчыны. Сярод іх, дарэчы, лаўрэаты і фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
Праграма фестывалю прадугледжвала і максімальную ўцягнутасць маладых педагогаў. Па выніках майстар-класаў яны ўжо самі канструявалі заданні, накіраваныя на фарміраванне ў навучэнцаў розных відаў функцыянальнай дасведчанасці.
— Гэта такое надпрадметнае заданне, якое інтэгруе ўсе галіны ведаў і дае магчымасць паказаць дзецям, што ў школе мы вывучаем прадметы не проста для таго, каб здаць ЦТ або ЦЭ, а каб гэтыя веды прымяняць у жыцці, — патлумачыла Марына Дабрадушанка.
І ўсё ж адной з самых яркіх старонак фестывалю стала самапрэзентацыя каманд. У гэтым годзе ключавым сімвалам творчага прадстаўлення ўдзельнікаў была жар-птушка як крыніца вечных пошукаў педагога — рэалізацыі сябе ў прафесіі і таленту ў дзецях. Напрыклад, выступленне каманды маладых настаўнікаў з сярэдняй школы № 3 Скідзеля імя Я.М.Шаўчэнка завяршылася думкай, з якой складана не пагадзіцца і якая адгукнулася ўсім удзельнікам мерапрыемства: “Быць настаўнікам — гэта гарэць, каб запальваць сэрцы дзяцей”.
У гэтым годзе ў аснове канцэпцыі ўсіх адукацыйных мерапрыемстваў фестывалю былі пытанні функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. У ГрАІРА ў форме лекцый удзельнікі фестывалю даведаліся аб развіцці навыкаў і кампетэнцый ХХІ стагоддзя сродкамі сучасных адукацыйных тэхналогій, аб развіцці функцыянальнай дасведчанасці.
У прафесію — па прыкладзе
Слонімскі раён на фестывалі прадставіла каманда маладых педагогаў адразу з некалькіх устаноў адукацыі.
Настасся Палкіна, Аляксандр Пятчыц і Ганна Роўгач з сярэдняй школы № 8 Слоніма, а таксама Карына Геваркян са школы № 9 райцэнтра — усе яны настаўнікі-прадметнікі розных дысцыплін, якіх аб’ядноўвае любоў да прафесіі і ўпэўненасць у правільнасці свайго выбару на карысць педагогікі. А з нядаўняга часу яшчэ і сумесная перамога на названым фестывалі.
Падчас размовы з журналістам усе ўдзельнікі каманды аб выбранай прафесіі гаварылі толькі словамі з прыстаўкай “най-“ і з адпаведнай семантыкай. Яны былі салідарныя ў тым, што хлеб педагога — не з лёгкіх, але гэты шлях адзін з самых займальных і высакародных.
У дыялогу з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” галоўную ініцыятыву члены каманды зноў жа салідарна аддалі мужчыну — настаўніку беларускай мовы і літаратуры слонімскай сярэдняй школы № 8 Аляксандру Пятчыцу.
Малады чалавек шчыра перакананы, што ў яго выпадку настаўнік у сугуччы з назвай фестывалю — менавіта прызванне.
— Прафесію педагога выбраў свядома і мэтанакіравана яшчэ ў 8 класе, — падзяліўся Аляксандр Пятчыц.
Падчас работы з дзецьмі ён толькі ўмацаваўся ў сваім выбары, які ён зрабіў дзякуючы прыкладу. У яго жыцці такіх было адразу некалькі. Перш за ўсё гэта маці Ганна Казіміраўна Пятчыц, якая шмат гадоў выкладае ў Шылавіцкай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна. Педагагічны шлях выбрала і родная цётка Аляксандра.
Разам з тым значны ўплыў на прафесійнае самавызначэнне аказаў першы настаўнік.
— У пачатковых класах заўсёды з інтарэсам і вялікім жаданнем спяшаўся на ўрокі Рычарда Баляслававіча Седляра. Мабыць, яго прыклад і ўплыў паспрыялі шчыраму перакананню, што педагогіка — гэта і пра мужчын, — з усмешкай дадае суразмоўнік.
Ён прызнаецца, што ў першы год работы не раз сутыкаўся са складанасцямі рознага характару. Нярэдка па параду звяртаўся да самага аўтарытэтнага ў яго жыцці педагога — мамы. Дарэчы, разлічваць на падтрымку і словам, і справай ён заўсёды можа і ва ўжо родным педагагічным калектыве 8-й школы.
Для Аляксандра бягучы навучальны год — другі прафесійны. На прапанову журналіста даць параду тым, хто толькі плануе ўстаць на педагагічны шлях, ён адразу адказаў:
— Быць упэўненым у сабе і не баяцца цяжкасцей. А галоўнае — пастаянны рух наперад. Калі не імкнуцца да самаразвіцця, складана размаўляць з дзецьмі на цікавай для іх мове.
Ён упэўнены, што важны вынік узаемадзеяння на ўзроўні “педагог — вучань” — не проста веды, а абавязкова веды ў суме з энергіяй. І калі такой энергіяй гатовы і хоча дзяліцца педагог, дзіцячая аўдыторыя заўсёды адказвае ўзаемнасцю.
Вольга Кур’ян, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 7 Навагрудка:
— Не першы год удзельнічаем у фестывалі і штораз прыязджаем на яго з задавальненнем. Аб высокім узроўні правядзення мерапрыемства і яго значнасці сведчыць тое, што сёлета пасля слоў “прызванне — педагог” сярод маладых настаўнікаў было паднята адразу чатыры рукі. І гэта відавочна, бо фестываль — не толькі выдатная пляцоўка для запазычання прафесійнага вопыту, але і магчымасць яшчэ раз адчуць сябе важнай часткай вялікай педагагічнай сям’і Гродзеншчыны.
Гаворачы аб педагогах нашай установы адукацыі, трэба адзначыць, што гэта людзі, якія ўжо не ўяўляюць сябе без школы — часта па прыкладзе сваіх больш вопытных калег. Зрэшты, такое ўзаемадзеянне заўсёды ўзаемавыгаднае: дзякуючы новым кадрам педкалектыву, мы маладзеем, а яны ў сваю чаргу набываюць вопыт.
У нашай школе даўно створана і паспяхова функцыянуе школа маладога педагога, за кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнік. Яшчэ адна форма традыцыйнай і эфектыўнай работы — правядзенне тыдняў маладога педагога. І як вынік — добрая замацавальнасць ва ўстанове.
Наша моладзь лепшая. Літаральна нядаўна на Навагрудчыне праходзіў конкурс сярод педагогаў горада і раёна “Мы маладыя, мы таленавітыя”, і 1-е месца ў ім заняў наш малады спецыяліст.
Источник: https://nastgaz.by