РУС БЕЛ ENG 中文

Тэхнічнае пытанне: навучэнцы гімназіі Смаргоні ствараюць мадэлі ваеннай тэхнікі

08.05.2024

Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Максіма Фінгеруса юныя канструктары ствараюць дакладныя мадэлі машын, танкаў і іншай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я сам працяглы час зай­маўся мадэляваннем і два гады назад, калі перайшоў працаваць у гімназію, вярнуўся да гэтай справы пасля перапынку ў пару гадоў, — расказвае Максім Робертавіч. — Наша аб’яднанне па інта­рэсах прысвечана ваеннай гісторыі. Яе мы вывучаем спачатку на тэарэтычных занятках, а пасля — на практычных (ствараем ма­дэлі тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны). Па-першае, гэта цікава і мне, і маім навучэнцам. Па-другое, нас гэта аб’ядноўвае. Калі пастарацца, то можна збіраць мадэлі і ў адзіночку, але ў камандзе гэта рабіць куды зручней і цікавей. Па-трэцяе, гэта павышае ціка­васць навучэнцаў да гісторыі. А па-чацвёртае, я даўно заўважыў, што мала настаўнікаў гісторыі, якія разбіраюцца ў тэхніцы. Я не кажу пра прафесійны, канструктарскі ўзровень, а хаця б пра разуменне. Чаму гэта важна? Бясспрэчна, што ваю­юць людзі, а не машыны, таму чалавечы фактар — на першым месцы. Але, як ні круці, каб не танкі, самалёты, артылерыя, наўрад ці савецкаму народу ўдалося б перамагчы ў вайне. Подзвігі людзей ніхто не аспрэчвае: безумоўна, іх было здзейс­нена шмат. Але з добрай тэхнікай здзяйсняць подзвіг было куды зручней, чым голымі рукамі.

На вывучэнне тэхнічнага аснашчэння савецкіх салдат падчас вайны і накіравана работа аб’яднання па інтарэсах. Перш чым зрабіць мадэль, гімназісты вывучаюць гісторыю стварэння яго прататыпа, даведваюцца, дзе гэтыя машыны ваявалі, у якіх гістарычных падзеях удзельнічалі. Акрамя таго, яны ствараюць фігуркі салдат, экіпажаў (імі ўжо зроблена каля 30 фігурак). Натуральна, усё гэта дазваляе дзецям больш наглядна выву­чаць гісторыю нашай краіны, сусветную гісторыю, гісторыю тэхнікі. Да таго ж у іх развіваюцца творчыя навыкі, а таксама ўседлівасць і дробная маторыка.

— Мы збіраем інфармацыю пра тэхніку, пра тое, якія машыны і дзе ваявалі, шукаем іх фатаграфіі, схемы афарбоўкі. Мадэлі складваем з гатовых набораў, да кожнай з іх у нас ёсць інструкцыі, але ў большасці сваёй яны маюць шмат недакладнасцей. Таму інфармацыю мы шукаем у інтэрнэце ці ў кнігах, прысвечаных канкрэтным мадэлям. Канечне, дзецям пры іх вучэбнай нагрузцы я не раю чы­таць цэлую кнігу пра пэўную мадэль тэхнікі. Я сам яе чытаю, а потым галоўныя думкі расказваю выхаванцам. Напрыклад, калі мы збіралі мадэль танка Т-26, я прачытаў кнігу гісторыка танкабудаўніцтва Максіма Каламійца “Т-26: цяжкі лёс лёгкага танка” і самымі цікавымі фактамі падзяліўся з дзецьмі. Аналагічная сітуацыя была і з іншымі машынамі. Сёння і ў нашай краіне, і ў іншых актыўна ідзе пра­цэс алічбоўкі архіваў, у тым ліку і фота. Таму можна лёгка знайсці мноства слайдаў з фота ваеннай тэхнікі. Якраз такія крыніцы мы і выкарыстоўваем у першую чаргу.

Даць дзецям інфармацыю не толькі пра ход Вялікай Айчыннай вайны, падзеі, людзей, але і пра тэхніку, якая дапамагла перамагчы, — важная задача нашага аб’яднання.

Усе мадэлі, якія юныя канструктары-даследчыкі ўжо зрабілі, адносяцца да пачатковага перыяду вайны. У іх планах прасачыць, як тэхніка мянялася на працягу ўсёй вайны — ад трагічнага лета 41-га да пераможнага мая 45-га. Апошнія ж тыдні яны актыўна працуюць над стварэннем ваеннай дыярамы. Гэта своеасаблівая аб’ёмная карціна памерам з парту, глыбіню якой дзеці надаюць з дапамогай мадэлей дрэў, дамоў, тэлеграфных слупоў. Гэта ў іх ужо другая па ліку дыярама, і прысвечана яна будзе выхаду 6-га механізаванага корпуса з акружэння ў раёне Зэльвы летам 1941 года.

Источник: https://nastgaz.by