РУС БЕЛ ENG 中文

«У наш клас Канфуцыя прыязджаюць з усяго раёна». Як у гродненскай гімназіі № 1 кітайскую мову вывучаюць

03.05.2024

У гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Гродна кітайская мова гучыць ужо амаль 10 гадоў. Яшчэ ў 2015-м тут з’явіўся першы педагог з Паднябеснай — студэнт Лю Сіньюань, у той жа час адкрыўся і гурток вывучэння кітайскай мовы. Паступова цікавасць да яе сярод навучэнцаў і іх бацькоў расла, і ў хуткім часе было падпісана пагадненне паміж гімназіяй і Інстытутам Канфуцыя ў МДЛУ. Так з’явіўся клас Канфуцыя, у якім сёння займаюцца вучні з 1 па 11 клас.

— Гэта не проста клас, а сапраўдны адукацыйны міні-цэнтр, задача якога — знаёміць дзяцей з традыцыямі і культурай Кітая, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Лукашэнка. — Што ні кажы, усходні менталітэт і беларускі вельмі розныя. Таму дзеці, ды і дарослыя, увесь час адкрываюць для сябе штосьці новае.

Адзін з выпускнікоў гімназіі, які ў ліку першых пачаў вывучаць кітайскую мову, цяпер працягвае адукацыю ў КНР.

— Сёння ні для каго не сакрэт, што кітайская мова — перспектыўная, бацькі добра гэта ведаюць і ахвотна аддаюць дзяцей на заняткі па кітайскай, — адзначае Наталля Анатольеўна. — У класе Канфуцыя займаюцца навучэнцы не толькі нашай гімназіі, але і іншых устаноў адукацыі Гродна, прыязджа­юць нават з раёна. Ёсць і група для дарослых. Кітайскую выкладаюць 3 педагогі: адзін валанцёр з Кітая і дзве беларускія настаўніцы — Людміла Мазан і Валерыя Здановіч.

Да таго ж у гімназіі рэгулярна арганізоўваюцца тэматычныя конкурсы, канцэрты, канферэнцыі, майстар-класы па мастацтве чайнай цырымоніі, вырабе арыгамі, навучэнцы прымаюць удзел у конкурсах малюнкаў, якія праводзіць Інстытут Канфуцыя МДЛУ.

— У гімназіі працуе тэатральная студыя “Паднябесная” — ставім з дзецьмі крэатыўныя спектаклі. Напрыклад, “Чаму дахі ў Кітаі выгнутыя” ці “Кітайская казка пра кажана”. Вучні перамагаюць у рэспубліканскіх алімпіядах па кітайскай мове, прымаюць удзел у міжнародных конкурсах — у нас ужо шмат дыпломаў. Радуе, што некаторыя выпускнікі не збіраюцца расставацца з кітайскай. Напрыклад, адзінаццацікласніца Паліна Рыдзецкая плануе вывучаць яе ва УВА.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: