Ёсць пытанне: пра прысваенне вышэйшай катэгорыі настаўніку фізкультуры і не толькі
30.04.2024На пытанні адказала начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.
Ці можа настаўнік фізічнай культуры і здароўя агульнаадукацыйнай школы прэтэндаваць на датэрміновае прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (настаўнік мае першую кваліфікацыйную катэгорыю) без здачы кваліфікацыйнага экзамену на падставе пункта 20.1 дзеючай Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі ў сувязі з наяўным вынікам навучэнца на падставе пункта 30.5 вышэйназванай Інструкцыі: навучэнец у 2023 годзе заваяваў дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай спартакіядзе сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі па праграме летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Парадак правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя).
У адпаведнасці з пунктам 4 Інструкцыі для прысваення вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі праводзіцца атэстацыя ў форме кваліфікацыйнага экзамену і атэстацыйнай гутаркі.
Разам з тым у адпаведнасці з падпунктам 30.5 пункта 30 Інструкцыі педагагічныя работнікі, якія за апошніх пяць гадоў падрыхтавалі пераможцаў і прызёраў афіцыйных спартыўных спаборніцтваў, якія праводзяцца ў адпаведнасці з рэспубліканскімі каляндарнымі планамі, пры праходжанні атэстацыі на прысваенне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі вызваляюцца ад здачы кваліфікацыйнага экзамену.
Паколькі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі па праграме летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь “Гатовы да працы і абароны” ўваходзяць у Рэспубліканскі каляндарны план правядзення спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, то падрыхтоўка пераможцаў гэтых спаборніцтваў (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) дае падставу для вызвалення педагагічнага работніка ад здачы кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Згодна з пунктам 20.1 Інструкцыі, у выключным выпадку педагагічны работнік па хадайніцтве кіраўніка арганізацыі сістэмы адукацыі або атэстацыйнай камісіі без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі і (ці) стажу работы на пасадзе, па якой ён праходзіць атэстацыю, можа быць дапушчаны да атэстацыі на прысваенне першай, вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі са згоды кіраўніка структурнага падраздзялення абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі.
Згодна з часткай 2 пункта 17 Інструкцыі, рашэнне аб допуску або адмове ў допуску педагагічнага работніка да атэстацыі прымаецца адпаведнай атэстацыйнай камісіяй.
Інструкцыя не змяшчае пераліку выключных выпадкаў, калі педагагічны работнік можа быць дапушчаны да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі (першай або вышэйшай) без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі і (ці) стажу работы на пасадзе, якія прымяняюцца да пункта 20.1.
Разам з тым, па меркаванні Міністэрства адукацыі, магчымасць праходжання педагагічнымі работнікамі атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы і наяўнасці папярэдняй кваліфікацыйнай катэгорыі можа разглядацца ў адносінах да асоб, якія дасягнулі значных вынікаў у педагагічнай дзейнасці. Да гэтай катэгорыі педагагічных работнікаў могуць быць аднесены педагагічныя работнікі, якія сталі пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў педагагічнага майстэрства, педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, алімпіяд і г.д.
Адначасова не выключаецца наяўнасць іншых прычын. Такім чынам, для вырашэння пытання аб допуску да атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы і наяўнасці папярэдняй кваліфікацыйнай катэгорыі рэкамендуем звяртацца непасрэдна да кіраўніка ўстановы адукацыі і ў атэстацыйную камісію.
У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 151 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у 1 клас прымаюцца асобы, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі ўзросту шасці гадоў, або па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняй асобы з больш позняга ўзросту. Мяне цікавіць, што азначае “больш позні ўзрост” у гэтай фармулёўцы і як ён рэгламентуецца? Калі дзіця не наведвае ўстановы дашкольнай адукацыі, ці можна па рашэнні законных прадстаўнікоў аддаць дзіця ў школу з 8 гадоў? Гэта значыць, напрыклад, дзіця нарадзілася ў чэрвені — жніўні і на момант паступлення 1 верасня навучальнага года яму ўжо будзе поўных 8 гадоў?
У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 151 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), прыём (залічэнне) асоб ва ўстанову адукацыі для засваення зместу адукацыйнай праграмы пачатковай адукацыі ажыццяўляецца па дасягненні гэтымі асобамі на пачатак навучальнага года ўзросту шасці гадоў або па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняй асобы з больш позняга ўзросту.
Па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняй асобы пры наяўнасці рашэння педагагічнага савета дапускаецца прыём (залічэнне) у 1 клас асобы, якой шэсць гадоў спаўняецца ў бягучым каляндарным годзе.
Інфармуем, што тэрмін атрымання дашкольнай адукацыі вызначаецца законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў. Пры гэтым тэрмін засваення зместу адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі складае да пяці гадоў дзесяці месяцаў і можа быць павялічаны на адзін год па медыцынскіх паказаннях або па меркаванні законных прадстаўнікоў выхаванцаў (артыкул 136 Кодэкса). Зыходзячы з вышэйсказанага, узрост залічэння ў 1 клас установы адукацыі для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі можа быць павялічаны на адзін год па медыцынскіх паказаннях або па меркаванні законных прадстаўнікоў непаўналетняга.
Дадаткова інфармуем, што, згодна з пунктам 1 артыкула 265 Кодэкса, тэрмін атрымання адукацыі асобай, якая засвойвае змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, адпавядае тэрміну атрымання дашкольнай адукацыі і на падставе заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі можа быць павялічаны на тэрмін ад аднаго да двух гадоў.
Студэнт 4 курса УВА вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Цяпер узнікла неабходнасць скасавання дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста і заключэння новага дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з іншым заказчыкам (змена месца работы па месцы жыхарства і работы жонкі). Бакамі дасягнута пагадненне аб скасаванні дагавора, а новы заказчык згодзен на заключэнне дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста.
Згода ад мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на скасаванне дагавора атрымана.
Прашу растлумачыць, ці магчыма скасаванне дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста і заключэнне новага дагавора да моманту заканчэння навучальнай установы па пагадненні бакоў на падставе пункта 7 Палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад З1.08.2022 № 572 “Аб пытаннях рэалізацыі адукацыйных праграм”.
Пытанні мэтавай падрыхтоўкі рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), Палажэннем аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 г. № 572 (далей — Палажэнне).
У адпаведнасці з пунктам 8 Палажэння, у перыяд атрымання адукацыі дагавор можа быць скасаваны пры наяўнасці наступных падстаў:
- устанаўленне грамадзяніну, які не дасягнуў 18-гадовага ўзросту, інваліднасці;
- устанаўленне грамадзяніну інваліднасці I ці II групы;
- устанаўленне аднаму з бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў) або мужу (жонцы) грамадзяніна інваліднасці I ці II групы або інваліднасці дзіцяці грамадзяніна;
- узнікненне медыцынскіх супраць-
паказанняў да работы па спецыяльнасці, якую атрымлівае грамадзянін, і кваліфікацыі, што прысвойваецца; - ліквідацыя заказчыка;
- датэрміновае спыненне адукацыйных адносін па прычынах, якія не залежаць ад волі грамадзяніна, установы адукацыі.
Падпункт 1.4 пункта 1 дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (далей — Дагавор) (дадатак 3 да Палажэння) прадугледжвае абавязак грамадзяніна кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, у рэспубліканскі бюджэт у выпадку скасавання Дагавора ў перыяд атрымання адукацыі пры адсутнасці падстаў, устаноўленых урадам Рэспублікі Беларусь (пункт 8 Палажэння).
Разам з тым, у адпаведнасці з падпунктам 1.3.1 пункта 1 артыкула 76 Кодэкса, выпускнік, малады спецыяліст мае права на перанакіраванне ў выпадку ўзнікнення ў выпускніка, маладога спецыяліста, маладога рабочага (служачага) прычын, па якіх месца работы выпускніку прадастаўляецца ў парадку, прадугледжаным пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса, пры ўмове перазаключэння дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй.
Источник: https://nastgaz.by