Навучэнцы пачатковых класаў засвояць азбуку маральнасці
05.04.2024Вучэбная праграма факультатыву «Азбука маральнасці» для 2–3 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 25 студзеня 2024 г. № 12. Факультатыў накіраваны на фарміраваннеў школьнікаў уяўленняў аб маральных асновахз носін, развіццё маральных пачуццяў, выхаванне высокіх маральных якасцей (дабрыні, міласэрнасці, сумленнасці, справядлівасці і інш.), фарміраванне норм паводзін (ветлівасці, тактоўнасці, чалавечай годнасці, павагі да старэйшых і інш.) з дапамогай дзіцячай літаратуры, мультыплікацыйных фільмаў, музычных твораў, прыказак і прымавак.
Праграма складаецца з васьмі модуляў: «Уводзіны», «З чаго пачынаецца Радзіма?», «Маральныя асновы зносін. Культура зносін», «Добрымі справамі мы напоўнім свет», «Азбука маральнасці ў сям’і», «Азбука маральнасці ў школе», «Экалагічная культура чалавека», «Чалавек працай славіцца». Пры засваенні зместу кожнага з іх адбываецца эмацыянальнае, усвядомленае разуменне навучэнцамі маральных пачуццяў, якасцей і норм паводзін. Так, модуль «З чаго пачынаецца Радзіма?» садзейнічае паважліваму стаўленню да дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, знаёміць дзяцей з маральнымі асновамі подзвігу, маральнай ацэнкай гераічных учынкаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Модуль «Добрымі справамі мы напоўнім свет» спрыяе засваенню паняццяў дабра і зла, праўдзівасці і сумленнасці, добрых і дрэнных учынкаў. Ён прадугледжвае стварэнне калектыўнага праекта «Дрэва добрых спраў» і вядзенне пачаткоўцамі індывідуальнага нататніка «Дзённічак добрых спраў», прызначанага для запісу прыказак і прымавак, складання пераліку добрых спраў і г.д. А модуль «Чалавек працай славіцца» раскрывае паняцце працавітасці, садзейнічае фарміраванню паважлівага стаўлення да вынікаў уласнай і чужой працы, пашырае веды вучняў аб прафесіях.
Праграма разлічана на 69 гадзін: 2 клас – 34 гадзіны, 3 клас – 35 гадзін (па адной гадзіне ў тыдзень). Колькасць вучэбных гадзін, прадугледжаная на засваенне матэрыялу адпаведнай тэмы, з’яўляецца прыкладнай і залежыць ад пераваг настаўніка ў выбары метадаў навучання і выхавання, відаў дзейнасці і вучэбна-пазнавальных магчымасцей дзяцей. Эфектыўнымі на занятках факультатыву будуць этычныя гутаркі, аналіз жыццёвых сітуацый, работа з тэкстам, інтэрактыўныя гульні (у тым ліку сюжэтна-ролевыя, гульні-падарожжы, настольныя віктарыны), мадэляванне і інсцэніроўка сітуацый па матывах твораў, заняткі-трэнінгі, вусныя часопісы, чытацкія канферэнцыі і інш.
Источник: https://nastgaz.by