РУС БЕЛ ENG 中文

Сучасныя тэхналогіі і методыкі: у Радунскім дзіцячым садзе ствараюць усе ўмовы для развіцця выхаванцаў

28.03.2024

У Радунскім дзіцячым садзе Воранаўскага раёна ведаюць, як знайсці шлях да сэрца кожнага маленькага выхаванца. Прычым робяць гэта нязменна на лідарскіх пазіцыях. Ужо на працягу васьмі гадоў установа прызнаецца лепшай сярод дзіцячых садоў Воранаўшчыны, размешчаных у гарадской мясцовасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тут заўсёды трымаюць руку на пульсе. Як толькі ў рэгіёне з’яўляюцца актуальныя навінкі, перш за ўсё яны знаходзяць прымяненне ў Радунскім дзіцячым садзе.

— У 2004 годзе так было з мацярынскай школай як новай варыятыўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу. З 2021 года нашы педагогі — актыўныя ўдзель­нікі праекта “Інфарматыка без разеткі”, — прыводзіць прыклады загадчыца дашкольнай установы Алена Учкуроніс.

Спектр адукацыйных паслуг для 86 выхаванцаў вельмі шырокі. У распараджэнні педагогаў і дашкольнікаў інтэрактыўная дошка, а з нядаўняга часу і вельмі папулярнае сярод дзяцей адукацыйнае ноу-хау — інтэрактыўны стол. З выкарыстаннем гэтага абсталявання значна цікавейшым для сучасных дзяцей стала навучанне ў настаўнiка-дэфектолага і не толькі. Прадугледжвае навінка і правядзенне заняткаў па грамадзянска-патрыятычным, музычным, матэматычным напрамках, прычым у фармаце як індывідуальнай, так і групавой работы.

— Прытрымліваемся пазіцыі, што адукацыя дашкольнікаў павінна будавацца на базавых традыцыях і падыходах, але абавязкова з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Толькі пры такім падыходзе можна атрымаць шчырую зацікаўле­насць дзяцей да пазнавання новага, — дадае кіраўнік установы.

Моцны калектыў

Гаворачы аб калектыве Радунскага дзіцячага сада, важна адзначыць, што маладосць тут заўсёды ідзе поруч з мудрасцю. Амаль трэць яго супрацоўнікаў ва ўзросце да 30 гадоў. Вельмі важна, што ўсе яны застаюцца ў адукацыі, знаходзяць свае напрамкі для развіцця. Замацаванне маладых спецыялістаў на працягу шэрага гадоў складае 100%.

— Ганаруся сваім калектывам ініцыятыўных і актыўных людзей, — прызнаецца суразмоўніца і, амаль не мяняючы тэмпу гутаркі, пералічвае з дзясятак прозвішчаў работнікаў дашкольнай установы, падбірае прафесійныя кампліменты для кожнага з іх.

З некаторымі падчас знаёмства з установай паразмаўляла і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. Выхавальніца Алена Іосіфаўна Раманоўская, напрыклад, з дашкольнай установай непарыўна звязана з 1998 года. Яе выхаванцы ў старшых групах актыўна ўдзельнічаюць у праекце “Я — даследчык”. Чатыры іх работы станавіліся пераможнымі на раённым узроўні. На заканамернае пытанне, што ж пад сілу даследаваць дашкольнікам, педагог адказала:

— Калі не ўсё, то многае! Лічу, што галоўнае ў такой рабоце — захапіць дзяцей працэсам вывучэння новага, паспрыяць іх шчыраму жаданню самастойна сфармуляваць адказы на пытанні, як гэта ўладкавана і чаму так працуе. Усе нашы работы тычацца з’яў штодзённага жыцця і дапамагаюць не толькі сфармуляваць у дзіцячай свядомасці заканамернае пытанне “Чаму?”, але і адказаць на яго.

На шляху да развіцця

Не першы год установа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па інтэлектуальна-творчым развіцці дзяцей. З цікавасцю выхаванцы ўсіх груп займаюцца тут, напрыклад, з геаконтамі, квадратамi Васкабовіча і кубікамі Нікіціна.

Зрэшты, аб творчым падыходзе да справы радунскіх выхавальнікаў наглядна сведчыць яшчэ адзін факт: каля 90% дыдактычнага і раздатачнага матэрыялу яны ствараюць самі. Такія гульні спрыя­юць развіццю лагарытмікі, мыслення і матэматычных здольнасцей. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце і тэхналогіі візуалізацыі. Размова тут не толькі аб інтэлект-картах з выявамі аб’ектаў і з’яў на ліпучках.

— Працуем у тым ліку з кросенсамі, дзе кожная з дзевяці карцінак вучэбнага дапаможніка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная спалучае ў сабе сэнс адразу некалькіх, — захоплена расказвае Алена Раманоўская.

Яшчэ адну цікавую методыку — “Кубікі гісторый” — давялося ўбачыць у справе. З лёгкасцю выхаванцы старшай групы склалі цікавую гісторыю, па чарзе кідаючы кубікі, што выцягвалі з чара­дзейнага мяшка. Дапоўніць складзены папярэднікамі аповед кожнаму наступнаму дзіцяці трэба было, дабавіўшы ў сюжэт героя ці з’яву, што падказаў кубік гісторыі.

Творчы падыход

На працягу апошніх гадоў педагогі Радунскага дзіцячага сада выкарыстоўваюць новыя гульнявыя тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі, якія маюць парушэнні маўлення. У педагагічным арсенале настаўнiка-дэфектолага Ганны Боўшыс — біяэнергапластыка, кінезіятэрапія, а яе калегі Алы Гузнічак — нейрагульні.

— Паколькі маўленне — гэта каардынаваны рух артыкуляцыйнага апарату, то ў дзяцей з парушэннямі маўлення вельмі часта бываюць праблемы і з каардынацыяй руху. У сваёй рабоце выкарыстоўваю ў тым ліку гульні, напрыклад, з балансіровачнай дошкай. У комплексе з заняткамі па развіцці маўлення такая работа прыносіць добрыя вынікі, — дзеліцца Ала Гузнічак і працягвае аповед дэманстрацыяй дыдактычных дапаможнікаў свайго аўтарства.

Гэта візуальна рытмічныя кругі, рады… Распрацавала педагог у тым ліку комплексы артыкуляцыйнай гімнастыкі для інтэграваных груп дашкольнай установы, картатэку гульняў для работы з дзецьмі з гіперактыўнасцю. Цікава, што нават тэматычныя лэпбукі для заняткаў выкананы ёй з акцэнтам на мясцовым каларыце — тут адлюстраваны асноўныя славутасці Радуні, вядомыя дзецям лакацыі роднага пасёлка.

Пастаянна прыўносіць новае і сучаснае ў сваю педагагічную практыку і кіраўнік фізвыхавання Марына Вільчэўская. З другой малодшай групы дашкольнікі ў Радуні займаюцца на стэпах, дысках здароўя.

Развіццё алгарытмічнага мыслення дзяцей — у руках педагога Аксаны Русялевіч. Ужо на працягу трох гадоў са сваімі маленькімі выхаванцамі яна кро­чыць у гэтым напрамку ў рамках займальнага аб’яднання па інтарэсах “Інфарматыка без разеткі”.

— Распрацоўваюць нашы педагогі ў тым ліку і электронныя сродкі навучання. У скарбонцы творчага калектыву такіх ужо шэсць, — працягвае знаёміць з дасягненнямі калег загадчыца дзіцячага сада.

Асаблівую ўвагу тут удзяляюць у тым ліку грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Кожны тыдзень для радунскіх дашкольнікаў пачынаецца з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Тэматычныя куткі, прысвечаныя малой ра­дзіме і краіне ў цэлым, арганізаваны ў кожнай групе. Акрамя таго, падчас заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Вытокі” выхаванцы дзіцячага сада актыўна ўзаемадзейнічаюць з патрыятычным клубам, размешчаным непадалёк Радунскай сярэдняй школы.

У тандэме з бацькамі

Сёлета ў дашкольнай установе адной з задач вызначылі для сябе ператва­рыць бацькоў дзяцей з пасіўных назіральнікаў за адукацыйным працэсам у актыўных удзельнікаў. Распрацоўваюцца маршруты выхаднога дня, разам з выхавальнікам дзеці і бацькі наведва­юць славутасці Радуні. Да Дня маці традыцыйную форму віншавання ў выгля­дзе ранішніка дапоўніў яшчэ і тэматычны велапрабег — зноў жа з удзелам бацькоў выхаванцаў. А тыдзень роднай мовы запомніўся для іх беларускай гасцёўняй са стравамі традыцыйнай кухні. На актыўнае ўзаемадзеянне дзяцей і бацькоў працуюць і тэматычныя конкурсы.

Адукацыйнае супрацоўніцтва

Трэцi год пад кiраўнiцтвам Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі педагогі Радунскага дзіцячага сада ўдзельнічаюць у рэгіянальным праекце, накіраваным на развіццё прафесійных кампетэнцый выхавальнікаў. Сёння нават сярод памочнікаў выхавальніка ў дашкольнай установе ёсць тыя, хто мае педагагічную адукацыю або атрымлівае яе.

— У лютым гэтага года падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з дашкольнай установай горада Несцерава Калінінградскай вобласці Расіі. Сумесны праект бу­дзе садзейнічаць не толькі ўстанаўленню дружалюбных і доўгатэрміновых сувязей паміж дзвюма краінамі, але і пашырэнню культурнага кругагляду дзяцей, развіццю іх творчага патэнцыялу, — звяртае ўвагу Алена Учкуроніс.

На завяршэнне варта адзначыць, што ў Радунскім дзіцячым садзе ў літаральным сэнсе саграваюць цяплом кожнага выхаванца, а ў фігуральным — усіх, хто праязджае непадалёк па трасе М6. Справа ў тым, што дашкольная ўстанова лёгка праглядваецца з трасы, бо ў цёмны час сутак на яе фасадзе яркімі промнямі свеціцца вялікае сонца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: