Аднавіў рэтрааўтамабіль і сабраў трактар… Аляксандр Камяк з Бераставіцкага раёна — аб сваім шляху ў настаўніцтва
13.03.2024Настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Камяк з Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна па ўласных чарцяжах змайстраваў трактар, аднавіў аўтамабіль 1968 года і з захапленнем стварае творчую атмасферу ў школьных майстэрнях.
Знаёмства з выдатнікам адукацыі з Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Аляксандрам Анатольевічам Камяком пачалося ў літаральным сэнсе ля школьнага парога.
— Паліто не здымайце! Вучэбныя майстэрні ў нас размешчаны асобна, — адзначыў настаўнік.
Як аказалася, аднапавярховы будынак — гэта сэрца ўстановы адукацыі, з якой і пачалася ў Алекшыцах школьная гісторыя яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя.
Знаёмства з педагагічным вопытам героя публікацыі пачалося з запрашэння прайсці да выставы вучнёўскіх работ.
— Гэта адназначная дзясятка, — паказваючы ідэальную работу сямікласніка, гаворыць педагог і тут жа бярэ ў рукі іншую работу, якая па сваім выкананні саступае першай нават на непрафесійны погляд журналіста. — І гэта таксама дзясятка, бо за ёй стаяць вялікія намаганні вучня.
З гэтага моманту становіцца зразумела, што галоўнае для настаўніка — індывідуальны падыход. Тым часам працягваю дзівіцца работам, а суразмоўнік раз-пораз называе імёны і прозвішчы іх аўтараў — цяперашніх вучняў і ўжо выпускнікоў. Асаблівую ўвагу прыцягвае адзіная работа пад ахоўным корабам з празрыстага пластыку.
— Гэта алімпіядная, — апярэджваючы журналісцкую цікаўнасць, гаворыць Аляксандр Анатольевіч. — Усё да самых дробных дэталей у гэтым танку зроблена рукамі Рамана Фартэля — зараз ужо выпускніка нашай школы. Корпус драўляны, гусеніцы з кардону… Двойчы, у 2018 і 2019 гадах, Раман станавіўся пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
З алімпіядным прыцэлам
Пра шлях да гэтых перамог педагог расказвае так:
— Вельмі шмат займаліся, плённа і свядома, разумеючы, што на нас ускладзена адказнасць не толькі за свой раён, але і за ўсю вобласць. Мы часта заседжваліся ў майстэрні да позняга вечара, займаліся і па выхадных. Прычым Рому ніколі не трэба было прымушаць: ён сам прыходзіў, сам прасіў заданні, сам нешта прапаноўваў, таму што быў зацікаўлены.
У скарбонцы дасягненняў вучняў Аляксандра Анатольевіча больш за дзясятак перамог на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. На працягу некалькіх гадоў педагог — нязменны член журы абласнога этапу. Ён трэнер каманды, якая прадстаўляе вобласць на рэспубліцы, таму выдатна ўяўляе, якая вялікая праца стаіць за кожным алімпіядным поспехам:
— Перамога ў алімпіядзе па працоўным навучанні не саступае перамогам па любым іншым прадмеце. Гэта не толькі пра змайстраваць па чарцяжы мадэль за чатыры гадзіны ў практычным туры. Тэарэтычны тур прадугледжвае заданні, якія ўключаюць тэсты, графічныя і канструкцыйныя задачы, якія патрабуюць бездакорных ведаў па чарчэнні.
У арсенале педагога, акрамя любові да справы ўсяго жыцця, багаты інструментарый, які дапамагае зацікавіць дзяцей прадметам. Аляксандр Анатольевіч прызнаецца, што сёння ў яго майстэрні ёсць усё неабходнае для заняткаў як па праграме, так і ў алімпіядным ключы. У пацвярджэнне сваіх слоў педагог адчыняе шафу, у якой з матэматычнай дакладнасцю раскладзены па палічках розныя прылады.
Месца прыцяжэння
“Працоўная” тэрыторыя па сваім размяшчэнні выглядае амаль аўтаномна, але разам з тым, дзякуючы таленавітаму педагогу, з’яўляецца ледзь не галоўным месцам прыцяжэння для школьнікаў.
— Усе дзеці ведаюць, што па суботах я ў майстэрнях, — дзеліцца Аляксандр Анатольевіч. — Жадаючых заняцца карыснай справай у вольны час або дарабіць тое, што не паспелі ў класе, заўсёды больш, чым можа прыняць наша невялікае памяшканне. Так што прыдумаў цікавую сістэму пропуску з папраўкай на акуратнасць школьнікаў.
Усе вучні ведаюць, што ў суботу на парозе майстэрань яны пачуюць настаўніцкае “Кодавае слова?”. У дзень нашага візіту такім пропускам была наяўнасць лінейкі з гумкай у рукзаку школьніка. Калі ж усе пачнуць прыходзіць з чаканым інвентаром-кодам, пароль зменіцца.
— Неяк з жартам змяніў чаканы код на тэарэтычны. Заходзяць мае сямікласнікі, высока падняўшы руку з лінейкай і гумкай, а я ім з ходу: “Фізічныя ўласцівасці драўніны”. Апусціўшы галовы, пайшлі назад, але не разгубіліся — праз некалькі хвілін расказалі на памяць вывучаную Google-падказку, — з усмешкай успамінае Аляксандр Анатольевіч.
Навучаючы школьнікаў тэхнічнаму мысленню і прымяненню ведаў па працоўным навучанні ў жыцці, ён і сам, зразумела, падае дзецям прыклад, бо майстар на ўсе рукі.
Каб апрацоўваць участак зямлі ў пяць сотак, больш за дзясятак гадоў назад сам сабраў трактар. У пошуках дэталей аб’ехаў тады ўвесь раён і па ўласных чарцяжах змайстраваў карысную тэхніку.
Варта таксама дадаць, што для сваёй альтанкі Аляксандр Анатольевіч вырабіў 240 (!) разьбяных дэталей і аднавіў ГАЗ-69 1968 года. На ім, дарэчы, педагог вазіў выпускнікоў свайго класа па своеасаблівым крузе пашаны ўздоўж Алекшыц.
— Выпускнікоў сельскай школы звычайна ўсяго некалькі чалавек. Так што ездзілі ўсе з камфортам, — удакладняе педагог.
Шлях у настаўніцтва
Стужцы “Выпуск-2014” адведзена месца практычна ў чырвоным куце майстэрні. А побач — крыху пажоўклы чорна-белы здымак яго першага выпуску — чацвёртакласнікі Абухаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
— Так, пачаўся мой шлях у настаўніцтва з выкладання ў пачатковых класах, — расказвае Аляксандр Анатольевіч. — Гэтаму здымку 30 гадоў, а дагэтуль памятаю кожнага пайменна. Мы з імі ў паходы хадзілі з палаткамі, варылі суп з крапівы і перабіраліся праз раку Корта па канатнай дарозе. І гэта ў пачатковай школе!
Сам Аляксандр Анатольевіч нарадзіўся і вырас у Гродне, але ўсе канікулы нязменна праводзіў у бабулі ў вёсцы Свіслацкага раёна. Да класа восьмага планаваў стаць аграномам. Аднак у год паступлення па парадзе маці пераарыентаваўся на Ваўкавыскае педвучылішча.
— Пасля чатырох гадоў вучобы па размеркаванні працаваў у сярэдняй школе № 18 Гродна. Вельмі цягнула да сельскага каларыту. Пайшоў у аддзел адукацыі з просьбай перавесці ў вёску… Сёння такая гісторыя гучыць, мабыць, дзіўна, — з усмешкай робіць рэмарку суразмоўнік. — А для мяне гэта цёплыя ўспаміны.
Пасля ў яго біяграфіі былі гады завочнай вучобы ў Віцебскім педінстытуце, а з 1995 года месцам работы стала школа ў Алекшыцах. — успамінае Аляксандр Анатольевіч.
Усе гэтыя факты сведчаць пра тое, што настаўнік адчувае сябе ў педагогіцы на сваім месцы. Канчаткова пераканалі ў гэтым некалькі замалёвак у майстэрні: вучнёўскі малюнак з сэрцайкамі побач з тонка выведзенымі гравюрамі аўтарства педагога і паштоўка-падарунак са шчырым дзіцячым “Самаму лепшаму настаўніку ў СВЕЦЕ!”.
Нагода для гордасці
— А зараз пакажу сваю асаблівую гордасць, — запрашаючы ў суседняе памяшканне майстэрні, гаворыць Аляксандр Анатольевіч. — Акрамя нашага, падобны такарны станок па апрацоўцы драўніны ўсяго адзін у раёне. А гэта такарна-шрубарэзныя станкі па метале 1971 і 1974 гадоў, якія ўсё яшчэ спраўна працуюць.
Немаладыя станкі выглядаюць не па гадах добра. І ў гэтым галоўным чынам заслуга педагога. Не так даўно ён паднавіў тэхніку па ўсіх правілах афарбоўкі: спачатку апрацаваў, потым нанёс пакрыццё і замацаваў спецыяльным лакам.
— Працэс быў вельмі працаёмкім, але вынік таго варты. І важна гэта не толькі для мяне. Гэта ж эстэтычнае ўспрыманне свайго рабочага месца для школьнікаў.
Насупраць — “картатэка” расходнага матэрыялу, створаная педагогам з такой жа дакладнасцю і акуратнасцю. На шуфлядах, накшталт тых, што выкарыстоўваюцца ў бібліяграфічных аддзелах бібліятэк, акуратна выведзены надпісы: “Зубілы”, “Свердзелы”, “Абразіў”… Міжволі позірк спыняецца на шуфлядзе з надпісам “Трэба”.
— Тут усё тое, што лічыцца непатрэбным, але на нашых занятках можа стаць проста незаменным матэрыялам, — з усмешкай тлумачыць суразмоўнік.
На пытанне аб ролі настаўніка адказвае без прамаруджвання:
— Школа — гэта своеасаблівы банк, у які дзіця прыходзіць як кліент. Тое, з якім капіталам ён выходзіць, у вялікай ступені залежыць ад жадання педагога зацікавіць сваім прадметам.
Педагог расказвае, з якой цікавасцю яго вучні на ўроках майструюць з дрэва танкі з папулярнай камп’ютарнай гульні, а ў рамках тэмы “Металы” — значок-лагатып усё той жа гульні.
Источник: https://nastgaz.by