Штанга ў дзявочых руках — фішка Гожскай школы
26.02.2024Выхоўваць здаровых і вынослівых дзяцей настаўніку фізкультуры Аляксею Пілюкову дапамагае цяжкая атлетыка. Дзецям жа яна адкрывае дарогу на спартыўны алімп. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Аляксей Пілюкоў і юныя атлеты
Дастойны прыклад
Аляксей Уладзіміравіч працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Гожскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, трэнерам па цяжкай атлетыцы Скідзельскай ДЮСШ і педагогам дадатковай адукацыі па лёгкай атлетыцы Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Гэта на руку юным жыхарам Гожы, бо менавіта на базе іх школы педагог сумяшчае ўсё гэта. А для 6-класнікаў Аляксей Уладзіміравіч яшчэ і класны кіраўнік.
Для ўсіх без выключэння педагог — прыклад для паўтарэння. Ён не проста майстар спорту па цяжкай атлетыцы — ён стаў ім, калі быў яшчэ такім жа, як і яны, школьнікам. Ён у 13 гадоў прыйшоў у цяжкую атлетыку. Ёй хлопчыка зацікавіў сусед па лесвічнай пляцоўцы трэнер Мікалай Курловіч — брат вядомага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Курловіча (тады хлопчык яшчэ жыў у Гродне). Аляксей пачаў актыўна займацца ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе № 9 і ўжо праз год заваяваў серабро на рэспубліканскіх спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. Пазней, у вучылішчы алімпійскага рэзерву, ён займаўся ў заслужанага трэнера Азербайджана Уладзіміра Нікіціна, а калі ў 11 класе юнак стаў майстрам спорту, да трэніровак падключыўся і Аляксандр Курловіч. Хоць Аляксей Пілюкоў пасля школы атрымліваў адначасова і трэнерскую спецыяльнасць, і будаўнічую, усё ж з 25 гадоў стаў трэнерам для дзяцей — спачатку ў 9-й СДЮШ у Гродне, а апошнія 10 гадоў — у Гожы. На рахунку яго навучэнцаў з Гожы ўжо каля паўсотні медалёў, заваяваных на рэспубліканскіх спаборніцтвах, і звыш 300 — на турнірах абласнога ўзроўню.
Крокамі майстра
Узнагарод многа не бывае
Секцыя па цяжкай атлетыцы Аляксея Пілюкова стала візітоўкай школы і яе гордасцю. Назіраючы за спартыўнымі поспехамі педагога і яго навучэнцаў, Беларуская федэрацыя цяжкай атлетыкі і кіраўніцтва СВК “Гожа” стварылі ў школе ўсе ўмовы для трэніровак.
— База ў нас выдатная, ёсць увесь неабходны інвентар, шматфункцыянальны трэнажор, прафесійныя штангі. Ёсць нават памост у гульнявой зале, каб не псаваць падлогу штангамі. Цяпер мы можам трэніраваць спартсмена любога ўзроўню, пачынаючы ад малодшых школьнікаў і заканчваючы майстрамі спорту, — дзеліцца трэнер.
Дар’я Кірко
Тут сур’ёзна займаюцца цяжкай атлетыкай не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Прычым менавіта дзяўчынкі аказаліся больш перспектыўнымі. За 10 гадоў педагог падрыхтаваў трох майстроў спорту (усе дзяўчаты) і чатырох кандыдатаў у майстры спорту (з іх толькі адзін — хлопчык). Усе яны станавіліся чэмпіёнамі, уваходзілі ў склад нацыянальнай зборнай. Восем школьнікаў былі прынятыя ў Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Дзве яго выпускніцы — сёстры Дар’я і Вікторыя Кірко — атрымалі адукацыю і працуюць трэнерамі ў яго роднай школе, якая ўжо стала Гродзенскай СДЮШАР № 9 імя А.М.Курловіча.
— Мне з навучэнкамі заўсёды шанцуе. Яны больш мэтанакіраваныя, больш зацікаўленыя, больш вынослівыя, — гаворыць Аляксей Пілюкоў і дадае: — Існуе міф, быццам бы цяжкая атлетыка шкодзіць жаночаму, і тым больш дзявочаму, арганізму, што стаць маці ў будучым ім будзе цяжэй, а іх фігура стане мужападобнай. Насамрэч, наадварот, бо на трэніроўках умацоўваюцца мышцы тазавага дна, мышцы корпуса (прэс), ногі, сцёгны. Не ставім мы і мэты набраць мышачную масу — бодзібілдзерам ні адна дзяўчынка ў нас не стане, бо спецыфіка нашага спорту іншая. У цяжкай атлетыцы галоўнае — не накачаць аб’ёмныя мышцы, а зрабіць дзіця вынослівым і хуткім. А хуткасць і аб’ём — рэчы супярэчлівыя і несупаставімыя, бо чым большая мышца, тым яна менш хуткасная. У выніку фігура атрымліваецца атлетычная, але без перагібаў.
Не шкодзіць цяжкая атлетыка і маленькім спартсменам. У секцыі трэнера займаецца і яго сын — 10-гадовы Ігар. Хлопчык у пяць гадоў папрасіў у Дзеда Мароза штангу, з якой і сёння не развітваецца. На апошніх спаборніцтвах хлопчык у штуршку падняў 42 кг і 35 кг — у рыўку. Яшчэ трошкі — і да Ігара далучыцца Ілля. Яму ўсяго 4 гады, але ён ужо рады паднесці старшаму брату гантэлі.
— Я ніколі не фарсірую рэзультат. Дзеці павінны развівацца паступова. Нельга весці дзіця да перамог любой цаной, праз яго “не магу”. Так і тэхніка зламаецца, з’явяцца траўмы, — гаворыць Аляксей Пілюкоў і дадае, што ў цэлым цяжкая атлетыка — не траўманебяспечны від спорту: — Куды большую небяспеку нясуць кантактныя віды спорту — адзінаборствы, рухомыя гульні (футбол, баскетбол), бо тут ужо не толькі ад цябе ўсё залежыць — цябе можа выпадкова траўміраваць іншы, гэтага ты не пракантралюеш.
Не навешваць ярлыкі
У Аляксея Уладзіміравіча ёсць свая методыка працы з дзецьмі, уласныя падыходы. Але самае галоўнае, што трэнер выбудоўвае даверлівыя адносіны са сваімі навучэнцамі, умее быць для іх сябрам, дарадцам, нават бацькам (асабліва для дзяцей, якіх выхоўваюць толькі мамы), вучыць ніколі сваю сілу і навыкі не накіроўваць для агрэсіі.
— Тут нельга зацыклівацца толькі на спартыўным баку іх жыцця. Для мяне важна і тое, хто з кім сябруе, а ў каго, наадварот, няма сяброў, якія ў іх сямейныя праблемы і інш. Ёсць сярод маіх навучэнцаў і падлеткі, якіх называюць цяжкімі. Мой прынцып — ніколі гэтых дзяцей не вылучаць, не прадумваць для іх нейкі асаблівы падыход, не навешваць ярлыкі. Я стараюся паказаць усім, у тым ліку і сваім калегам-прадметнікам, што і гэтае дзіця — такое ж, як і астатнія, і працаваць з ім прыемна, бо мэт яно таксама ўмее дасягаць. Яно ж не вінавата, што неяк не так яго лёс складваецца, можа, дзе бацькі не даглядзелі. А вось са шкоднымі звычкамі мы змагаемся. І тут спорт — лепшы памочнік. Як толькі зацікавіцца гэты падлетак спортам, як толькі ўбачыць свае першыя поспехі, то і сам будзе старацца разіваць сілу, каб перамагчы сапернікаў. Таму і курыць ён не будзе, і харчавацца будзе правільна, і паўнацэнна высыпацца па начах, — гаворыць Аляксей Пілюкоў.
Спартыўныя планы
Акрамя цяжкай атлетыкі, педагог кіруе і суботняй секцыяй па лёгкай атлетыцы. Два гады назад у школе, дзе была толькі спартыўная пляцоўка, з’явіўся новенькі стадыён — з сучасным пакрыццём. Думаецца, што і тут гожскія школьнікі дасягнуць поспехаў. Пачатак ужо ёсць — у мінулым годзе другакласнік Арсеній Сідараў на рэспубліканскім конкурсе “300 талентаў для Каралевы” стаў абсалютным лідарам, сабраўшы ўсе магчымыя ўзнагароды.
На занятках настаўнік фізкультуры і двое яго калег развіваюць дзяцей у фізічным кірунку ў цэлым. У школе і на стадыёне ёсць магчымасці для многіх гульнявых відаў спорту, у тым ліку і хакея (спецыяльную пляцоўку для заняткаў на каньках яны заліваюць кожную зіму). Па суботах праводзяць агульнашкольныя мерапрыемствы, спартландыі, фестывалі, спартыўныя святы. Частыя госці па суботах — бацькі навучэнцаў. Яны ўжо самі, гледзячы на сваіх дзяцей, прызвычайваюцца да спорту. Многія з іх таксама некалі займаліся ў секцыях, а цяпер забыліся. Напомніць пра гэта хоча ў бліжэйшым будучым і Аляксей Уладзіміравіч — ён ужо сабраў групу бацькоў навучэнцаў для заняткаў фітнесам.
Источник: https://nastgaz.by