РУС БЕЛ ENG 中文

Дзіцячы сад № 7 Ашмян з’яўляецца адначасова філіялам кафедры БДПУ і абласным рэсурсным цэнтрам

26.02.2024

У дзіцячым садзе № 7 Ашмян з 2016 года створаны філіял галоўнай педагагічнай УВА краіны, а з мінулага года яшчэ і абласны рэсурсны цэнтр па выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік выяўленчай дзейнасці ў адукацыйным працэсе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сяброўства сада і БДПУ пачалося з падпісання дагавора аб супрацоўніцтве паміж універсітэтам і Ашмянскім райвыканкамам і стала важным крокам на шляху да эфектыўнага навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна і не толькі.

— Ужо больш за сем гадоў на базе нашага сада дзейнічае філіял кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацыі і перапад­рыхтоўкі педагагічных кадраў БДПУ, — знаёміць з цікавым вопытам работы загадчыца дзіцячага сада № 7 Алена Гудас.

Адукацыйнае супрацоўніцтва прадугледжвае ўзаемны абмен вопытам.

— З аднаго боку, гэта цікавыя майстар-класы і семінары з удзелам гасцей са сталіцы, магчымасць павышэння кваліфікацыі для педагогаў дашкольнай адукацыі нашага раёна, як кажуць, з дастаўкай дадому. А з другога — педагогі актыўна дзеляцца сваім вопытам работы са слухачамі такіх курсаў з Мінска, — працягвае Алена Гудас.

Узаемадзеянне з універсітэтам садзейнічае ў тым ліку прыцягненню маладых спецыялістаў. Бо яшчэ адным напрамкам сумеснай работы з’яўляецца развіццё і падтрымка валанцёрскай дзейнасці студэнтаў і слухачоў БДПУ ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна.

— Будучыя выхавальнікі падчас заняткаў з нашымі дзецьмі прымяняюць сучасныя тэхнікі і методыкі работы. Такія зносіны заўсёды вельмі цікавыя для малых. А для нас гэта яшчэ і магчы­масць прыгледзецца да будучых маладых спецыялістаў, — гаво­рыць Алена Вацлаваўна.

Будучым выхавальнікам сапраўды ёсць чаму павучыцца ў ашмянскай дашкольнай установе. Каманда яе педагогаў — лю­дзі, улюбёныя ў сваю справу і вельмі творчыя. Аб гэтым сведчыць не толькі створаная ў групах адукацыйная прастора. Ганаровае месца ў адным з холаў адведзена інтэрактыўным дапаможнікам з беларускімі казкамі, якія распрацавалі педагогі дзіцячага сада № 7. Героі ў іх у літаральным сэнсе падарожнічаюць па старонках і прапаноўваюць сваім маленькім чытачам тэматычныя заданні ў фармаце лэпбука. Аўтары казак — выхавальнікі дзіцячага сада № 7.

Сетка дашкольных устаноў Ашмянскага раёна сёння прадстаўлена 10 дзіцячымі садамі і 7 установамі, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі. Ужо ў маі яна папоўніцца яшчэ адным аб’ектам. Сад-новабудоўля на 190 месцаў рыхтуецца прыняць сваіх выхаванцаў у мікрараёне на вуліцы Барунскай.

З гэтага навучальнага года цікавымі методыкамі пабудовы творчага дыялогу з дзецьмі ашмянскія педагогі гатовы дзяліцца з калегамі з усёй вобласці. Тут адкрыты абласны рэсурсны цэнтр, работа якога накіравана на ўкараненне новых тэхнік выяўленчай дзейнасці. Выхаванцы сада не першы год малююць, напрыклад, ватнымі палачкамі і ніткамі, крупамі і соллю, займаюцца кляксаграфіяй з выкарыстаннем трубачак і з задавальненнем карыстаюцца штампамі з… бульбы.

— Нашы педагогі ўдзельніча­юць у вучэбных семінарах, праводзяць майстар-класы, транс­ліруюць свой вопыт на раённых метадаб’яднаннях і ў СМІ. Зрэшты, азнаёміцца з цікавымі напрацоўкамі можа кожны жадаючы на сайце нашай дашкольнай установы, — звяртае ўвагу суразмоўніца.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі Ашмян гэта не адзіны цэнтр, які актыўна трансліруе вопыт сваёй работы на ўсю вобласць.

Аб эфектыўных педагагічных практыках у арганізацыі патрыятычнага выхавання ў межах абласнога цэнтра расказваюць педагогі ашмянскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

— З 2022 года ў нас сфарміравана база метадычных і дыдактычных матэрыялаў. Такі “электронны партфель” на сайце ўстановы можа быць карысны педагогам дашкольнай адукацыі не толькі Гродзенскай вобласці, — працягвае размову галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Ашмянс­кага райвыканкама Жанна Загорская.

Асобнай увагі ў дачыненні да патрыятычнага выхавання заслугоўвае вопыт работы Гальшанскага дзіцячага сада. З улікам багатай гісторыі гэтага краю ў групах створаны сапраўдныя міні-музеі. Юныя жыхары Гальшан ма­юць магчымасць знаёміцца з такімі традыцыйнымі народнымі промысламі, як ганчарства і саломапляценне, выраб лёну і выці­нанка.

— Сёлета педагагічныя работнікі Гальшанскага дзіцячага сада разам з бацькамі і выхаванцамі старшых груп рэалізуюць праект “Дзецям аб Вялікай Айчыннай вайне”. Арганізавана пошукавая дзейнасць, праводзяцца экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчы музей імя Э.С.Корзуна Гальшанскай сярэдняй школы, сустрэчы з вязнем фашысцкага канцлагера М.Я.Селядцовай, якая пражывае ў аграгарадку.

Адным з вынікаў рэалізацыі праекта стала распрацоўка комплексу заняткаў і тэматычных лэп­букаў. З’явілася ў дашкольнай установе і свая сцяна памяці з імёнамі загінуўшых і зніклых без вестак, фатаграфіямі землякоў, якія змагаліся за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Штогод напярэдадні 9 Мая тэма Вялікай Айчыннай вайны аб’ядноўвае на адной сцэне ўсе дашкольныя ўстановы Ашмян. Канцэрт з удзелам самых юных жыхароў раёна нікога не пакідае абыякавым.

— Ужо працуем над сюжэтнай лініяй выступлення гэтага года. Нязменным у ім застаецца фінальны момант, калі ўсе дашкольнікі выходзяць на сцэну з партрэтамі землякоў — удзельнікаў вайны. Для кожнага з іх гэта не проста фатаграфіі. Падчас заняткаў дзеці знаёмяцца з гісторыямі іх жыцця, таму выходзяць на сцэну з вялікім трапятаннем, — дадае Жанна Загорская.

У кожнага сада Ашмянскага раёна ёсць свае адметнасці. Прычым сетка устаноў дашкольнай адукацыі пашыраецца. Так, у сучасным дзіцячым садзе, які, як плануецца, адкрыецца ў маі ў гарадскім мікрараёне на вуліцы Барунскай, садзейнічаць развіццю спартыўных інтарэсаў выхаванцаў будзе не толькі басейн, але і скаладром.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: