РУС БЕЛ ENG 中文

Выхаванне па-беларуску. Як у дзіцячым садку №54 горада Гродна дзецям з маленства прывіваюць любоў і павагу да роднай мовы

21.02.2024
Выхаванне па-беларуску. Як у дзіцячым садку №54 горада Гродна дзецям з маленства прывіваюць любоў і павагу да роднай мовы

Карэспандэнты «ГП» даведаліся, як выхавацелі прабуджаюць у дзяцей цікавасць да заняткаў.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы карэспандэнты «ГП» завіталі ў ДУА «Дзіцячы садок №54 горада Гродна», дзе ўжо шмат гадоў функцыянуюць беларускамоўныя групы. Далучыўшыся да адукацыйнага працэсу, мы даведаліся, як маленькія гродзенцы вывучаюць мову і як самі выхавацелі прабуджаюць у дзяцей цікавасць да заняткаў. 

Варта адзначыць, што гэтая ўстанова дашкольнай адукацыі была адной з першых у Гродне, якая пачала арганізоўваць адукацыйны працэс на беларускай мове. Сёння ў садку навучаюцца амаль 150 дзяцей, дзейнічаюць 5 беларускамоўных груп і 5 груп, дзе выхаванне арганізавана на рускай мове. Кожны дзень дашкаляты паглыблена вывучаюць родную мову па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі, выкарыстоўваецца дыдактычны матэрыял, дзіцячая літаратура і, канешне, захапляльныя гульні. Акрамя гэтага, у садку арганізаваны заняткі па музыцы, харэаграфіі, мерапрыемствы ў творчай майстэрні і многае іншае. 

Як адзначыла загадчык дзіцячага садка Святлана Янулевіч, знаёмства дзяцей з роднай мовай пачынаецца з самых першых дзён іх знаходжання ва ўстанове. Перад супрацоўнікамі стаіць няпростая задача – зацікавіць маленькіх выхаванцаў і далучыць іх да заняткаў. 

заведующая.jpg
 
 У гэтай сапраўды нялёгкай справе выключную ролю адыгрываюць, напрыклад, тыя ж словы ветлівасці, якія дзеці павінны чуць кожны дзень. З кожным годам формы работы з дашкалятамі пашыраюцца і ўскладняюцца, разам з тым яны становяцца больш цікавымі, змястоўнымі, – расказала Святлана Янулевіч. – Калі дзіця пераступае парог дашкольнай установы, першае, што аказвае на яго непасрэднае ўздзеянне, – тое, што ён бачыць вакол сябе. Таму кожны куточак установы ўпрыгожаны рознакаляровымі малюнкамі, прысвечанымі гісторыі Беларусі, дзяржаўным сімвалам, архітэктурным помнікам Гродна, народным святам і непасрэдна мове.  А кожная з груп установы мае прыгожыя назвы – «Вясёлка», «Крынічка», «Пралеска» і іншыя. 

IMG_8967.jpg

Развіваць маўленчыя здольнасці выхаванцаў педагогам дапамагае выкарыстанне беларускіх народных рухомых і карагодных гульняў. Так, да прыкладу, мы завіталі на музычны занятак да адной са старэйшых груп садка. Падчас занятку дзеці не толькі спявалі беларускія песні, выконвалі народныя танцы і ігралі на музычных інструментах, але і вызначалі, чым беларускі народ адрозніваецца ад іншых народаў і чаму нашу краіну называюць Сінявокай. 

Пасля музычнага занятку мы адправіліся знаёміцца з выхаванцамі групы «Жавароначкі». Дарэчы, увесь тыдзень ва ўстанове быў прысвечаны знаёмству дзяцей з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь. На адзін з такіх заняткаў мы і патрапілі. Разам з выхавальнікам дашкаляты ўспомнілі, якія бываюць дзяржаўныя і прыродныя сімвалы Беларусі і чым яны адрозніваюцца. А пасля дзеці перайшлі да творчага этапу занятку і сваімі рукамі зрабілі адзін з прыродных сімвалаў нашай краіны – блакітны васілёк. 

лолита.jpg
 
– Для таго, каб уся наша работа мела паспяховы вынік, неабходна працаваць не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Я заўсёды гавару ім, што вельмі важна, каб беларускую мову дзеці чулі дома, ад матуль і бацькоў. Тады дашкаляты будуць лягчэй засвойваць беларускую мову ў садку, а пасля ў школе, – гаворыць выхавальнік Лаліта Шмідт. 

IMG_9229.jpg

IMG_9075.jpg

Дарэчы, асабліва актыўнай на занятку была Паліна Дубанос, і на гэта ў дзяўчынкі свая прычына:

полина.jpg
 
– Мне падабаецца беларуская мова, я хацела б навучыцца добра на ёй размаўляць. Потым буду вучыць іншых і, магчыма, стану настаўнікам беларускай мовы, – падзялілася марай Паліна.

Святлана Янулевіч падкрэсліла, што ў садку дзеці не проста вучацца размаўляць на роднай мове, але і даведваюцца пра беларускую культуру, актыўна ўдзельнічаюць у народных святах і абрадах, дзякуючы чаму становяцца падрыхтаванымі да школы і вывучэння роднай мовы на больш сур’ёзным узроўні.
 
 
 
 
Источник: https://grodnonews.by
поделиться в: