РУС БЕЛ ENG 中文

Вялікае хаваецца ў маленькім — як у навагрудскім дзіцячым садзе №6 прымяняюць крэатыўную методыку

13.02.2024

Значны плюс тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач у тым, што яна дае прастору для крэатыўных ідэй педагогаў, лічаць у дзіцячым садзе № 6 Навагрудка. 

— Методыка не новая, але ў нашай установе яна добра сябе зарэкамендавала, таму мы ёй верныя ўжо не першы год, — адзначае загадчыца сада Алена Сапега. — Яна хутка і эфектыўна вучыць дзяцей прыдумваць і ствараць, шукаць і вынахо­дзіць, крэатывіць і разважаць.

Тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач выкарыс­тоўвае шмат метадаў. Адзін з іх — метад маленькіх чалавечкаў: гуляючы ў цацкі і гульні, якія складаюцца з мноства невялічкіх дэталей і персанажаў, дзіця нібыта ўваходзіць у гэты маленькі свет, адчувае сябе яго часткай і спазнае яго законы. У яго развіваецца гібкасць мыслення, творчыя здольнасці.

— У нашым садзе сапраўды звычайны свет суседнічае з чароўным, які так любяць дзеці. Яны прыходзяць сюды з вялікай ахвотай, бо ім цікава — амаль уся работа з выхаванцамі пабудавана ў форме гульні, — заўважае загадчыца дашкольнай установы. — Адметна, што многія дапаможнікі, гульні і цацкі для такіх заняткаў рабілі нашы педагогі з пад­ручных матэрыялаў — паперы, кардону і інш. За гэта я ім вельмі ўдзячна.

Заходжу ў адну з груп і здзіўляюся: у вялікім пакоі ўсюды невялічкія домікі з кардону, мадэлі аўтамабільных дарог, самаробныя гульні, плакаты, цэлыя папяровыя фермы, населеныя маленькімі жывёламі і чалавечкамі. З дзецьмі працуюць выхавальніцы Алена Амялько і Алена Шынтар.

— Па гульнях-дапаможніках, якія мы робім, хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца вызначаць пры­меты прадметаў, іх асноўныя ўласцівасці, суадносіць сапраўднае і казачнае, мінулае і будучыню, — расказвае Алена Амялько. — Вось, напрык­лад, машынка ці званочак: наша гульня дазваляе спазнаць іх форму, даведацца, якімі яны былі ўчора і якімі, ма­быць, бу­дуць праз пэўны прамежак часу. На прыкладзе маленькіх жывёл малышы вывучаюць узае­масувязь усяго жывога ў прыродзе: хто з кім сябруе, а хто для каго з’яўляецца ворагам. Ці гульня “Паравозік часу”. Мы прапануем дзецям некалькі варыянтаў выяў аднаго аб’екта ў розныя часавыя перыяды. Паравозік едзе, час мя­няецца — мяняюцца і фігуркі. Такім жа чынам у падарожжа можна адпра­віць дрэва і пагля­дзець, як яно мяняецца на працягу сезона, і гэтак далей. Выхаванцы часта фантазіруюць, агучваюць свае ідэі. Часам выдаюць такія версіі, што і дарослым цяжка прыду­маць! Але на гэта і накіравана тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач — на развіццё творчага мыслення. Падыхо­дзіць яна для дзетак ад 3 да 5—7 гадоў. Мы распрацавалі шмат сваіх дапаможнікаў, гульняў і метадычных рэкамендацый да іх, якія суадносяцца з праграмай дашкольнай адукацыі. Свае напрацоўкі мы прэзентавалі на раённым, гарадскім і абласным узроўнях. Вядома, такая работа патрабуе шмат часу, але мы ўкладваем у яе душу.

У дзіцячым садзе ёсць нават міні-музей транспарту. Тут прадстаўлены і розныя мадэлі маленькіх машынак, і водны, павет­раны транспарт. Педагогі лічаць: добра, калі малыя могуць усё ўзяць у рукі, разгледзець. У калідоры нават вісіць святлафор, які функцыянуе, як сапраўдны, — усё як у жыцці.

Источник: https://nastgaz.by