РУС БЕЛ ENG 中文

Як выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна натхнілі паэта на творчасць?

31.01.2024

Як выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна натхнілі паэта на творчасць? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” азнаёмілася з вопытам установы, дзе праводзяцца літаратурныя гасцёўні для дзяцей і дарослых.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 58 Гродна ўпэўнены: вандроўку ў літаратурны свет трэба пачынаць змалку, бо менавіта кніга выхоўвае маленькага чалавека, дае яму магчы­масць гарманічнага развіцця. Гэта асабліва актуальна сёння, калі дзеці часта вырастаюць абыякавымі да літаратуры.

— Важна не проста наву­чыць малышоў слухаць казкі, але і з павагай ставіцца да творчасці сучасных паэтаў і пісьменнікаў, прывіць ім любоў да жывога паэтычнага слова, — падкрэслівае загадчыца дашкольнага цэнтра Вольга Клім. — Таму аднойчы мы прыдумалі праводзіць для дзяцей сустрэчы з паэтамі нашага Прынёманскага краю. Такіх гасцёўняў адбылося ўжо даволі шмат. Больш за тое, на працягу некалькіх гадоў мы абвяшчаем тыдзень пад назвай “Пісьменнікі Прынёманскага краю — дзецям”. Нашы самыя частыя госці — паэт і празаік Ірына Фамянкова і паэт Віктар Кудлачоў. Яны муж і жонка, абое з’яўляюцца ганаровымі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нашы выхаванцы з імі пасябравалі і нават натхняюць іх на творчасць.

Віктар Сямёнавіч і Ірына Васільеўна, якія, як яны самі прызнаюцца, “душой ловяць словы і гукі”, упершыню прыйшлі ў дашкольны цэнтр 10 гадоў назад. Тады там якраз праходзіла літаратурна-музычнае мерапрыемства пад назвай “Намалюю горад Гродна”. Цікава, што такую ж назву насіў і паэтычны зборнік Віктара Кудлачова. З таго часу ён і Ірына Фамянкова сталі штогод наведваць дзяцей. Да таго ж жывуць яны побач з дашкольным цэнтрам — на праспекце Янкі Купалы ў Гродне.

Традыцыйныя летнія сустрэчы з паэтам Кудлачовым адбываюцца на свежым паветры. Размова звычайна ідзе пра родную прыроду, славутасці Гродна, вельмі цікавяць дзяцей успаміны Віктара Сямёнавіча пра Вялікую Айчынную вайну. Тэма вайны невыпадкова праходзіць праз усю творчасць паэта: яе жорст­касць ён адчуў на сабе ў дзяцінстве, калі ад разрыву варожай міны страціў зрок на ўсё жыццё. Выхаванцы добра знаёмы з яго зборнікам “Вайна вачыма дзіцяці” і нават дэкламуюць адтуль любімыя вершы на конкурсе чытальнікаў “Шляхамі вайны”.

Ірына Фамянкова заваявала дзіцячыя сэрцы сваім зборнікам “Парады чараўніка Гантэлькіна”.

— Дзеці вельмі любяць спорт, актыўныя гульні, — расказвае яна. — Таму вершаваныя радкі з майго зборніка запалі маленькім слухачам у душу. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць веды пра вядомых беларускіх спарт­сменаў, розныя віды спорту, а таксама пра фізічную культуру, здаровы лад жыцця. І, вядома, мараць быць моцнымі, як галоўны персанаж вершаў чараўнік Гантэлькін.

У хуткім часе да літаратурных мерапрыемстваў захацелі далучыцца і бацькі. Так у дашкольным цэнтры ўзнікла ідэя право­дзіць сустрэчы разам з дзецьмі і дарослымі.

— І пачаліся нашы літаратурныя гасцёўні, якія прахо­дзяць пад прыгожымі назвамі “Паэтычнае падарожжа па родным горадзе”, “Мае лепшыя сябры”, “Сям’я — гэта сем Я”, — расказвае Вольга Клім. — Сумесна мы гля­дзім відэаролікі пра родны край, дэкламуем вершы, праводзім конкурсы чытальнікаў і тэматычныя вечарыны. Дзеці вельмі любяць маляваць, мы арганізоўваем выставы іх работ, створаных у тым ліку разам з баць­камі.

Менавіта такія выставы натхнілі Ірыну Фамянкову на выданне зборніка “Трэба верыць у казку”, вершы ў якім напісаны па матывах дзіцячых малюнкаў, а таксама аповедаў выхаванцаў, запісаных бацькамі, пра цацкі, забавы і сяброў.

— “Казка пра жар-птушку”, “Я сяброў намалявала”, “Ліст Дружку”, “Іншапланецянка”, “Вясёлыя рыбакі”, “Каралева кветкавых эльфаў”, “Я гісторыю вучу”, “Танк Т-34” і іншыя творы дапамогуць і дарослым лепш зразумець сучасных дзяцей, даведацца, пра што яны мараць і чым цікавяцца, што іх хвалюе і вабіць, — лічыць аўтар.

Першыя 50 экзэмпляраў зборніка “Трэба верыць у казку” разышліся яшчэ на прэзентацыі ў дашкольнай установе.

— Не думаю, што калі-не­будзь мы адхілімся ад нашага літаратурнага маршруту, — адзначае Вольга Клім. — Таму што добрая кніга — лепшы сродак выхавання падрастаючага пакалення. Мы імкнёмся, каб нашы малышы раслі сапраўднымі грамадзянамі, справы якіх накіраваны на развіццё і росквіт роднай краіны.

Источник: https://nastgaz.by