РУС БЕЛ ENG 中文

Бібліятэкар Скідзельскага дзяржаўнага каледжа працуе тут з моманту адкрыцця ўстановы — амаль 40 гадоў

30.01.2024

Ужо 39 гадоў адзінай захавальніцай кніжных скарбаў Скідзельскага дзяржаўнага каледжа з’яўляецца Кацярына Іванаўна Будзіловіч. Бібліятэкарам яна працуе тут з моманту адкрыцця ўстановы ў 1984 годзе і добра памятае бацькоў некаторых з сённяшніх навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аповед пра шлях у прафе­сію сённяшняй гераіні “Настаўніцкай газеты” можна пачаць з яе шасцігадовага ўзросту. Вядома, у той час Кацярына Іванаўна яшчэ не ведала, што сабой уяўляе прафесія бібліятэкара. Затое з шасці гадоў яна чытала пры кожным зручным выпадку. І не толькі пры зручным.

— Галоўнай крыніцай святла ў бацькоўскай хаце была газавая лямпа. Зразумела, усе вельмі беражліва адносіліся да паліва для яе. Дык я па падказцы старэйшага брата, які, дарэчы, больш за дзясятак гадоў узначальваў адну з рэспубліканскіх газет, чытала па начах з ліхтарыкам. А ў ясную ноч і ўвогуле замест лямпы было святло месяца, — прыгадвае Кацярына Іванаўна.

У той час у школу ішлі з сямі гадоў. А наша суразмоўніца ў літаральным сэнсе слова выплакала вучобу на год раней.

— Памятаю, сяброўка-суседка пайшла ў школу, а я ў слёзы: як жа без мяне?! Мае слёзы вельмі расчулілі тату, і ён пайшоў да настаўніцы Ніны Мікалаеўны Ільюшонак з просьбай дазволіць мне пабыць на ўроках, каб самой ад гэтай ідэі адмовіцца.

Але ад свайго жадання хутчэй пайсці ў школу суразмоўніца не адмовілася. Вучылася з цікавасцю і задавальненнем.

З кнігай яна заўсёды поруч па жыцці. Сярод твораў, якія моцна ўзрушылі ў старшых класах, яна называе “На ростанях” Якуба Коласа. Гэты твор Кацярына Іванаўна чытала з прыгодамі:

— У вёсцы жыццё пабудавана па прынцыпе “што пасееш, тое і пажнеш”. Заўсёды трэба было працаваць і дапамагаць бацькам. Аргументам для ўхілення ад працы для школьнікаў магла быць вучоба. Вось я і карысталася адной хітрасцю: на падручнік па алгебры клала мастацкую кнігу і не заўважала, як бяжыць час…

Кацярына Іванаўна ўпэўнена, што па-сапраўднаму яркае ўражанне ад кнігі застаецца з чалавекам на ўсё жыццё. У яе выпадку аднымі з першых такіх кніг класе ў пятым сталі “Мы — хлопцы жывучыя” і “Мы з Санькам у тыле ворага” Івана Сяркова. Творы гэтага аўтара ёсць і ў фондзе бібліятэкі Скідзельскага дзяржаўнага каледжа. Ён, дарэчы, налічвае больш за 18 тысяч кніг, а дзённая кнігавыдача складае ў сярэднім 60 экзэмпляраў.

На заканамернае журналісцкае пытанне, ці чытае сучасная моладзь, суразмоўніца адказвае з эфектам візуалізацыі. Як? Запрашае зірнуць на паліцу з кнігамі сучасных аўтараў. Папулярнасць акуратна выстаўленых кніг выдае тое, што іх вокладкі даўно падклееныя ад частага карыстання.

— У кожнай групе абавязкова знаходзяцца аматары чытання. Калі гэта група дзяўчынак, то такіх, як правіла, больш: звычайна каля дзесяці чалавек. Дастаткова прыкладаў і сярод хлопцаў. Так, з гэтага навучальнага года вучыцца на электрыка малады чалавек, які чытае выключна класіку: Дастаеўскага, Тургенева… Бывае, раю паспрабаваць сучасную літаратуру, але ён рашуча стаіць на сваім, — з усмешкай адзначае Кацярына Іванаўна.

Фонд мастацкай літаратуры ў бібліятэцы Скідзельскага дзяржаўнага каледжа вельмі багаты. Штогод суразмоўніца папаў­няе яго новымі выданнямі і прымае рашэнні, чым разнаста­іць бібліятэчныя паліцы з улікам пераваг навучэнцаў.

Да таго ж бібліятэка кале­джа — гэта яшчэ і месца карысных сустрэч. Незадоўга да візіту карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” тут прайшла гутарка навучэнцаў з настаяцелем храма на тэму сям’і і сямейных традыцый. Трэба сказаць, што не зарастае сцяжынка ў бібліятэку яшчэ па адной прычыне: яна размешчана ў інтэрнаце каледжа. А яшчэ да добрага бібліятэкара нярэдка прыходзяць па дапамогу ў падрыхтоўцы рэферата або пошуках інфармацыі для куратарскіх гадзін.

Кожны дзень бываючы ў асяроддзі тысяч кніг, бібліятэкар прытрымліваецца думкі, што прымушаць чытаць не варта. Трэба знайсці тую кнігу, якая зро­біць чалавека сапраўдным аматарам чытання.

Яскравым прыкладам такога падыходу з’яўляецца яе сын.

— Памятаю, акрамя школьнай праграмы, рэдка чытаў штосьці іншае да 5—6 класа, пакуль у яго рукі аднойчы не трапіў адзін з твораў Кінга, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Мена­віта пасля гэтага кніга стала яго што­дзённым спадарожнікам. Прычым услед за любоўю да чытання сфарміраваўся і літаратурны густ. Каб праілюстра­ваць гэта, скажу толькі, што сёння “Злачынства і пакаранне” сын ведае амаль на памяць, а “Майстра і Маргарыту” цытуе вялікімі ўрыўкамі.

Сёння Кацярына Іванаўна — гераіня публікацыі, але не раз ёй здаралася выступаць і ў якасці аўтара на старонках друкаваных выданняў. Пацешныя гісторыі Кацярыны Іванаўны не аднойчы публікаваліся ў рубрыцы “Алё, народ на провадзе” рэспубліканскай газеты “Звязда”. А гады тры назад Кацярына Іванаўна стала пераможцай конкурсу пазаштатных аўтараў гэтага выдання.

Источник: https://nastgaz.by