Проста аб складаным: пачаткоўцы школы № 15 Ліды ўдзельнічаюць у пілотным праекце ПВТ «Лабараторыя адкрыццяў»
29.01.2024З гэтага навучальнага года пачаткоўцы сярэдняй школы № 15 Ліды ўдзельнічаюць у пілотным праекце Парка высокіх тэхналогій “Лабараторыя адкрыццяў”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Праект рэалізуецца ў рамках аднайменнага аб’яднання па інтарэсах. Другакласнікі знаёмяцца з прыродазнаўчымі навукамі, даведваюцца аб законах прыроды, вывучаюць фізічныя і хімічныя з’явы. Вядома, гэта ўдаецца дзякуючы цікавай для дзяцей форме работы — доследам.
— Адна з мэт такой займальнай лабараторыі — на пачатковым узроўні растлумачыць дзецям фізічныя з’явы. Яна накіравана на развіццё цікавасці да пазнавальна-даследчай дзейнасці з дапамогай эксперыментаў, — знаёміць з сутнасцю праекта дырэктар школы Таццяна Кучура.
Дзеці ўспрынялі новаўвядзенне з цікавасцю. Што тут казаць, і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах Дар’я Чаславаўна Ганевіч у свет адкрыццяў і цікавых доследаў уводзіць сваіх другакласнікаў з не меншай цікавасцю.
— Для пачатку кожны эксперымент праводжу дома. Парк высокіх тэхналогій забяспечыў поўным метадычным суправаджэннем. У дадатак да гэтага для педагогаў створаны спецыяльны чат, дзе пры неабходнасці можна задаваць пытанні арганізатарам, — гаворыць педагог.
Яе знаёмства з праектам “Лабараторыя адкрыццяў” ужо адзначана значнай перамогай. Літаральна напярэдадні сустрэчы з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Дар’я Чаславаўна даведалася, што стала лепшай у конкурсе Парка высокіх тэхналогій “Навагодняя віктарына”. Сутнасць конкурснай работы — распрацоўка выніковых заняткаў за паўгоддзе ў форме квеста, дзе за кожны правільны адказ вучні атрымліваюць пазл агульнай карціны, якая знаёміць з тэмай наступнага раздзела.
На конкурс было пададзена каля 15 работ педагогаў з усёй краіны. Цікава, што дадаткам да пераможнага дыплома стаў істотны фінансавы бонус. Такі грант ад Парка высокіх тэхналогій зрабіў заняткі другакласнікаў яшчэ больш займальнымі: у вучэбным класе з’явіўся ноўтбук, і пра складаныя законы дакладных навук дзеці зараз даведваюцца ў тым ліку ў цікавай мультымедыйнай форме.
Праект — гэта падрыхтоўка навучэнцаў да ўрокаў прыродазнаўча-матэматычнага профілю ў гульнявой форме. Дзеці знаёмяцца з законамі фізікі, якія сустракаюць у штодзённым жыцці. Напрыклад, не так даўно цэнтральным доследам адных з заняткаў было кантраснае афарбоўванне сурвэткі, якая толькі ледзь дакраналася да вады з фарбай. У ходзе эксперымента дзеці даведаліся, што ў паперы ёсць капіляры, па якіх праходзіць вада. Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах даўно ў курсе, што прэсная і салёная вада не змешваюцца паміж сабой, кінуты ў шклянку з вадой пластылін тоне, а лодка з яго ж — не. Знаёміліся яны і з павярхневым нацяжэннем вады, з цікавасцю будавалі аквавежу шчыльнасці, дзе кожны ярус кантрасна афарбаванай вадкасці рознай шчыльнасці не змешваецца з суседнім.
— Абыходзячы складаныя паняцці і азначэнні, малекулы вады заву воднымі чалавечкамі. І ў гэтым заключаны галоўны лейтматыў аб’яднання па інтарэсах — аб складаным мы гаворым простай мовай. Пры гэтым усведамленне з’яў, з якімі дзіця сутыкаецца ў сваім жыцці, выходзіць на зусім іншы ўзровень. Вельмі спадзяюся, што сённяшняя цікавасць дапаможа вырасціць з іх будучых даследчыкаў, — адзначае Дар’я Ганевіч.
Некаторыя доследы трымаюць дзіцячую ўвагу на працягу ўсяго навучальнага дня. Актуальна гэта для эксперыментаў з так званым адкладзеным у часе вынікам. Так было, напрыклад, з доследам, калі з дапамогай жгута вада з адной шклянкі перабіралася ў другую, пустую.
— Пачаўся наш з дзецьмі эксперымент яшчэ да пачатку ўрокаў на класнай гадзіне. І той дзень, мабыць, яскрава сведчыць пра дзіцячую цікавасць да аб’яднання па інтарэсах: правяралі вынік яны і на перапынках, і штораз пазіралі ў той бок падчас урокаў.
Цалкам заканамерна, што чараўніцтва школьнай “Лабараторыі адкрыццяў” не абмяжоўваецца сценамі вучэбнага кабінета. З усмешкай педагог заўважае, што бацькі раз-пораз дасылаюць фотапаведамленні з вынікамі ўжо дамашняй даследчай дзейнасці школьнікаў. Атрымліваецца, што ў свет ведаў яны ідуць не толькі за руку з педагогам, але і бяруць з сабой мам і татаў, якія ў немудрагелістай форме асвяжаюць веды школьнай праграмы ў галіне фізікі.
Плануюць ва ўстанове адукацыі арганізаваць заняткі аб’яднання па інтарэсах у тым ліку ў фармаце адкрытага ўрока для іншых хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Гэта вельмі перспектыўны кірунак. Сёння 13 навучэнцаў нашай установы знаёмяцца з ім у рамках пілотнага праекта, але, думаю, “Лабараторыя адкрыццяў” атрымае працяг, — адзначае Таццяна Кучура.
На Лідчыне з такой жа цікавасцю ў свет ведаў адпраўляюцца вучні яшчэ некалькіх устаноў адукацыі. Усяго створана 12 груп навучэнцаў, якія ахопліваюць 162 чалавекі.
Источник: https://nastgaz.by