РУС БЕЛ ENG 中文

Андрэй Іванец: у Беларусі выбудавана сістэмная работа па дзяржаўнай падтрымцы моладзі

23.01.2024

Пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі прайшло надоечы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. На ім разглядалася пытанне ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй.

Тэма калегіі больш чым актуальная. У нашай краіне моладзь складае 1,6 млн грамадзян. Па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, у Рэс­публіцы Беларусь выбудавана сістэмная работа па дзяржаўнай падтрымцы моладзі, створаны ўсе неабходныя ўмовы для паўнавартаснай рэалізацыі кожнага маладога беларуса — у адукацыі, прафесійнай дзейнасці, навуцы, мастацтве і г.д. Сёння ў краіне афіцыйна зарэгістраваны і дзейнічаюць каля 180 маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, але толькі два з іх — БРСМ і БРПА — наліч­ваюць у сваіх шэрагах больш за 800 тысяч маладых грамадзян.

Андрэй Іванец адзначыў, што зараз больш чым 75% членаў БРСМ — навучэнцы ўстаноў адукацыі. Сістэма ўзаемадзеяння кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, мясцовых органаў улады, кіраўніцкай вертыкалі БРСМ і БРПА ў цэлым выбудавана.

Міністр адукацыі таксама падкрэсліў, што саюз моладзі і піянерская арганізацыя — гэта не дзве арганізацыі, якія функцыянуюць паасобку, гэта адна арганізацыя з маладзёжным і дзіцячым крылом. Таму не варта раздзя­ляць работу з акцябратамі і піянерамі і работу з членамі БРСМ. Па словах Андрэя Іванавіча, гэта адзіная вертыкаль, якая павінна працаваць з усёй моладдзю.

Андрэй Іванец заклікаў удзель­нікаў калегіі адкрыта гаварыць аб праблемах у дзейнасці названых маладзёжных аб’яднанняў і найперш аб ратацыі кадраў на месцах і рабоце са школьнікамі і навучэнцамі каледжаў.

Па словах намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў, акцый і праектаў. Падчас падрыхтоўкі да іх і правядзення варта вылучаць матываваную мо­ладзь для далейшай работы з ёй, каб малады чалавек выразна бачыў траекторыю свайго развіцця.

Вопытам, назапашаным у Брэсц­кім рэгіёне, падзяліўся з удзель­нікамі калегіі намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Віталь Шчэрба. Так, па яго словах, органамі выканаўчай улады падтрымліваюцца ініцыятывы моладзі ў галіне патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання, здаровага ладу жыцця, другаснай занятасці і інш. Прыкладам такой маладзёжнай ініцыя­тывы можна назваць дні мола­дзі і студэнцтва, якія праходзяць у горадзе над Бугам ужо 6 гадоў. Асаб­лівае месца ў патрыятычным выхаванні моладзі займае будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі — унікальнай крыніцы патрыятычнага выха­вання.

Грамадская дзейнасць для маладых людзей з’яўляецца самай эфектыўнай школай выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, маральных якасцей — у гэтым упэўнена начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. Дарэчы, у гэтым рэгіёне пераходзяць ад колькасці да якасці, працуючы так, каб прыцягнуць да членства ў БРПА і БРСМ матываваную, зацікаўленую, крэатыўную моладзь. Па меркаванні Кацярыны Анатольеўны, у многім гэтаму садзейнічаюць маладзёжныя праекты.

— Упэўнена, што нам неабходна слухаць і чуць моладзь на месцах і не пакідаць без падтрымкі іх ідэі на рэгіянальным узроў­ні. Сярод маладзёжных ініцыятыў, што знайшлі падтрымку ў кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, — абласны праект “Мая зямля — Прыдняпроўе”. Гэта праект па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы і краіны ў цэлым. Важна, што ў праекце прымаюць удзел дзеці ўсіх узростаў: ад дашкольнікаў да выпускнікоў каледжаў. Яшчэ адзін наш знакавы праект — “Дарогамі памяці і славы” — рэалізуецца на працягу 2 гадоў. Галоўная яго мэта — згуртаванне мола­дзі на аснове гістарычных і гераічных традыцый Беларусі. У 2023 го­дзе ўдзельнікі праекта разам з равеснікамі з Расійскай Федэрацыі наведалі знакавыя мясціны Магілёўскай і Бранскай абласцей. У бягучым годзе праект будзе прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Запрашаю калег далучыцца да нашага праекта, — сказала Кацярына Музычэнка.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся са спецыфікай узае­мадзеяння маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў з установамі адукацыі ўсіх тыпаў на прыкладзе тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ Партызанскага раёна Мінска, даведаліся пра тое, як арганізавана работа пярвічкі БРСМ са студэнцкай моладдзю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і як эфектыўна працу­юць з піянерамі ў гімназіі № 1 Барысава Мінскай вобласці.

Завяршаючы пасяджэнне калегіі, міністр адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь Андрэй Іванец адзначыў:

— Бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. І якасць тычыцца кожнага з нас — я­касць работы кожнага кіраўніка, супрацоўніка на сваім месцы. Нам трэба працаваць так, каб напрыканцы 2024 года мы паглядзелі ў вочы адно аднаму і сказалі, што кожны на сваім месцы зрабіў тое, што павінен зрабіць. Якасна і ў поўным аб’ёме.

Источник: https://nastgaz.by