У Беларусі абноўлены праграмы факультатываў для школьнікаў «Дамашняя кулінарыя» і «Школа моды»
16.01.2024Пастановай № 313 ад 29 верасня 2023 г. Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «Дамашняя кулінарыя» і «Школа моды».
Факультатыў «Дамашняя кулінарыя» прызначаны для 5—9-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Ён разлічаны на 175 гадзін (па 35 у кожным класе, 1 гадзіна ў тыдзень).
Праграма накіравана на фарміраванне культуры харчавання і гатавання ежы. Сярод асноўных задач — набыццё вопыту практычнай дзейнасці школьнікамі як неабходнай умовы паспяховай сацыялізацыі ў самастойным жыцці, выхаванне культуры працы і паводзін у працэсе індывідуальнай і групавой дзейнасці, развіццё творчых здольнасцей, сенсорных, рухальных і маніпуляцыйных навыкаў.
Формы і метады навучання рэкамендаваны з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Асноўнымі метадамі з’яўляюцца дэманстрацыя, практыкаванні, доследы і назіранні, практычныя работы, якія рэалізуюцца ў працэсе падрыхтоўкі кулінарных страў. Большая частка вучэбнага часу адводзіцца практычнай дзейнасці. Педагог, які праводзіць заняткі, можа выбраць любыя рэцэптуры, прапанаваныя ў праграме (рубрыка «Прыкладны пералік страў») або падабраць іншыя, якія адпавядаюць зместу тэмы.
Змястоўны і працэсуальны (дэманстрацыі, практычныя заняткі) кампаненты вучэбнага матэрыялу размеркаваны па наступных тэмах: «Закускі», «Першыя стравы» (для 7-х, 8-х класаў — «Абед у рыбны дзень» і «Сытны абед»), «Другія стравы», «Дэсерты», «Напоі». Колькасць вучэбных гадзін, адведзеная праграмай на засваенне матэрыялу па той ці іншай тэме, з’яўляецца прыкладнай і залежыць ад відаў дзейнасці, якія арганізуюцца настаўнікам, і вучэбна-пазнавальных магчымасцей дзяцей.
У выніку навучэнцы павінны мець уяўленні аб асартыменце страў, тэхналогіі іх падрыхтоўкі; умець чытаць і разумець рэцэптуру кулінарных страў, распрацоўваць меню; ажыццяўляць выбар прадуктаў харчавання, інструментаў, прыстасаванняў, абсталявання для гатавання розных страў; афармляць згатаваную ежу і сервіроўку стала.
Факультатыў «Школа моды» прызначаны для 8-га (9-га) класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Ён разлічаны на 35 гадзін (адна ў тыдзень). Праграма накіравана на развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу школьнікаў, паглыбленне іх ведаў па асновах праектавання, вырабе адзення, мастацкай апрацоўцы вырабаў, культуры знешняга выгляду і здаровага ладу жыцця, прафесійным самавызначэнні.
Педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць такія формы і метады навучання, як гутаркі, гульні, дыспуты, трэнінгі, экскурсіі і інш.
У выніку асваення факультатыўнага курса навучэнцы будуць мець уяўленне аб гісторыі ўзнікнення адзення, развіцці вытворчасці гатовага адзення і ўзнікненні высокай моды, тэндэнцыях развіцця сучаснай моды. Яны атрымаюць веды пра класіфікацыю адзення на асартыментныя групы ў залежнасці ад прызначэння і сезона; уласцівасці як натуральных, так і тканін з хімічных валокнаў; асаблівасці тэхналагічнай паслядоўнасці стварэння і дэкору швейных вырабаў; спосабы перароблівання і абнаўлення адзення. Плануецца, што школьнікі будуць умець распрацоўваць эскізы калекцыі адзення, устанаўліваць адпаведнасць чарцяжа і мадэлі, а таксама паміж тыпамі фігур і сілуэтамі адзення, ствараць швейныя вырабы і выконваць розныя віды дэкаратыўнага аздаблення, падбіраць фасон, аксесуары. Адным словам, будуць гатовы да стварэння цэласнага вобраза і ўласнага іміджа як спосабу самавыяўлення.
Источник: https://nastgaz.by