РУС БЕЛ ENG 中文

СУСТРАКАЛІСЯ МУДРАСЦЬ І МАЛАДОСЦЬ

12.01.2023

Прыемныя ўспаміны і конкурсы за кубачкам чаю – менавіта так у Хвінявіцкай сярэдняй школе прайшло пасяджэнне круглага стала з цёплай назвай “Дружна разам”.

Мерапрыемства ўваходзіла ў праграму раённай тэматычнай чатырохдзёнкі “Цімураваланцёры Дзятлаўшчыны з паклонам і любоўю” і ладзілася ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”, ініцыіраванай Прэзідэнтам. У ім удзельнічала старшыня раённага савета ГА “БРПА”, кіраўнік раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка.

– У кожнай пары года, як і ў кожнага ўзросту – свае фарбы і свае радасці, – адзначыла вядучая сустрэчы Таццяна Санцэвіч.

Яна прадставіла прысутным гасцей, сярод якіх былі педагогі-ветэраны і настаўнікі, якія прадаўжаюць працаваць, – Аліна Барбоўская, Алена Сіўко, Леанід Сцяцко, Валянцін Грынцэвіч, Марына Цілігузава.

– На нашу сустрэчу запрошаны землякі, якія ўсё жыццё прысвяцілі настаўніцкай дзейнасці, аддавалі сваім вучням веды, любоў, душэўную цеплыню, – звярнулася да ўдзельнікаў круглага стала дырэктар школы Святлана Цілігузава. – Яны – прыклад для маладых педагогаў і ўзор адданасці выбранай справе.

Каб прыўнесці ў фармат сустрэчы творчую нотку, зрабіць яе больш яркай, цікавай і сардэчнай, вучні чыталі для гасцей вершы, спявалі, танцавалі. З нагоды святаў прадстаўнікі двух пакаленняў абмяняліся віншавальнымі паштоўкамі, якія падпісалі ў online-рэжыме. Не абышлося і без успамінаў настаўнікаў мудрага ўзросту аб гадах працы і былых вучнях.

Аліна Барбоўская прызналася, што заўсёды старалася прытрымлівацца прынцыпу: “кепскіх вучняў не бывае”, але і самі дзеці імкнуліся да ведаў, марылі паступіць, прычым большасць выбірала тэхнічныя спецыяльнасці. Шмат цёплых успамінаў у Аліны Браніславаўны засталося аб яе роднай Жыбартоўскай школе, дзе паспела папрацаваць, 13 гадоў яна настаўнічала і была завучам у Хвінявічах, затым – у Дзятлаве. Сярод вучняў, якімі ганарыцца – Дзмітрый Залеўскі, Раіса Паўлоўская, Вольга Акулевіч, многія іншыя.

Леанід Сцяцко падлічыў, што настаўнічае ўжо 53 гады і школа яго не адпускае. У прафесію Леанід Міхайлавіч прыйшоў, дзякуючы матулі, а ў след за ім педагагічную справу абралі дзеці і ўнукі, ужо склалася свая сямейная дынастыя, хаця сярод былых вучняў настаўнікаў таксама нямала.

Валянцін Грынцэвіч расказаў, што адносіць сябе да хвінявіцкіх педагогаў “другога пакалення”, тут ён больш за 30 гадоў выкладае фізічную культуру. Валянцін Іванавіч выказаў пажаданне, каб пабольш сучаснай моладзі таксама атрымлівала прафесію настаўніка і яе прэстыж рос.

Настаўніца працоўнага навучання Марына Цілігузава, якая ў якасці класнага кіраўніка выхоўвае свой 6-ы выпуск, зазначыла, што сумаваць з дзецьмі ёй ніколі не даводзіцца, бо яны надта актыўныя і сітуацыі бываюць розныя, тым не менш Марына Мар’янаўна яшчэ ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у школу.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Алена Сіўко, якая раней была настаўніцай музыкі і піянерважатай, прызналася, што аб тых днях у яе засталіся яркія, незабыўныя ўспаміны, падзякавала калегам, якія ішлі поруч у прафесіі

Крыху хвалюючай, але ад гэтага не менш прыемнай для настаўнікаў старэйшага ўзросту стала гульня “Экзамен” з выцягваннем білетаў і адказамі на пытанні, сярод якіх былі і каверзныя, напрыклад, аб адносінах да шпаргалак, аб вучнях-любімчыках. Задумацца над выкарыстаннем на ўроку нехарактэрных для школы рэчаў вымусіла гульня “Педагагічная скарбонка”, якая ў чарговы раз даказала, што ў кожнага прадстаўніка гэтай прафесіі ёсць творчая жылка. Жартоўныя прадказанні на 2023 год і прыемныя падарункі з пажаданнямі прынёс удзельнікам круглага стала інтэрактыў ад Ірыны Мішчанкі.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцы Хвінявіцкай сярэдняй школы таксама ўручылі невялікія сюрпрызы сваім гасцям, пафатаграфаваліся з імі на памяць аб сустрэчы “Ад усёй душы”. Развітваючыся, і дарослыя, і дзеці зазначалі, што ім было вельмі прыемна правесці час разам.

Ірына СТЫРНІК

 

Источник: http://diatlovonews.by

поделиться в: