Беларускія педагогі годна прадставілі краіну на ІV Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства
06.10.2026Беларускія педагогі годна прадставілі краіну на ІV Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіў у межах 9-га з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дыпломы пераможцам уручыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Як заўважыў намеснік міністра, заваяваныя дыпломы пацвярджаюць прызнанне прафесіяналізму беларускіх настаўнікаў на міжнародным узроўні. Метадычную падкаванасць нашых педагогаў не раз падкрэслівалі ўдзельнікі фестывалю з Казахстана, Расіі і Кыргызстана.

Напрыклад, з майстар-класа Святланы Цыбрук усе выходзілі ўзрушаныя. Святлана Васільеўна гаварыла пра развіццё эмацыянальна-валявой сферы, у прыватнасці пра выкарыстанне сенсорна арыентаваных прыёмаў з кінестэтычным пяском для развіцця самарэгуляцыі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.
Удзельнікі майстар-класа з задавальненнем пагрузіліся ў засваенне гэтых прыёмаў, прычым літаральна апусціўшы рукі ў пясок, каб атрымаць прамы сенсорны вопыт. Яны, нібы дашкаляты, стваралі пясочныя ўзоры, потым разбуралі іх, каб зрабіць нешта новае. У выніку гульня з пяском дала магчымасць адчуць сваю апору, з якой і нараджаецца падтрымка для дзіцяці.
— Кінестэтычны пясок дазваляе раскрыць унутраныя рэзервы для вырашэння праблем у развіцці эмацыянальна-валявой сферы дзяцей, пераадолець псіхалагічныя цяжкасці, закласці базу для фарміравання навыкаў сацыяльнай адаптацыі і пазітыўнай камунікацыі, раскрыць індывідуальнасць кожнага выхаванца, — заўважыла Святлана Цыбрук.
Яна падкрэсліла, што яе майстар-клас не з’яўляецца тэрапіяй. Гэта прастора для ўсведамлення ўласнага стрыжня.

Наталля Макарэвіч на сваім майстар-класе запрасіла ўсіх прысутных у медыяпадарожжа, якое яны самі і стварылі. Наталля Анатольеўна паставіла перад сабой амбіцыйную мэту — павысіць прафесійную кампетэнтнасць калег у пытаннях выкарыстання адукацыйных медыяпадарожжаў для фарміравання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту пазнавальнай цікавасці да гісторыі і культуры роднага горада.

Педагогі ўключыліся ў дзейнасць з энтузіязмам. Дзеці растуць ва ўмовах насычанай медыяпрасторы: з ранніх гадоў узаемадзейнічаюць з экранамі, мультымедыйнымі прыладамі, інтэрактыўнымі цацкамі, таму многія задаюцца пытаннем, як гэтае ўзаемадзеянне зрабіць карысным. Наталля Анатольеўна прапанавала фармат віртуальнай экскурсіі з адпаведным алгарытмам. У выніку ўдзельнікі майстар-класа азнаёміліся з гісторыяй Магілёва і павезлі дамоў іструменты для стварэння ўласных медыяпадарожжаў.

Найбольш шматлюдна было ў аўдыторыі, дзе свае майстар-класы прадстаўлялі педагогі ў намінацыі “Настаўнік”. І зноў сэрцы калег з розных краін пакарылі два нашы педагогі. Настаўніца інфарматыкі з сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Афанасьева знаёміла прысутных з выкарыстаннем сродкаў візуалізацыі для развіцця інфармацыйнай адукаванасці навучэнцаў. У яе прафесійнай скарбонцы ментальныя карты, радыяльная схема (дапамагае ўбачыць, як розныя паняцці звязаны паміж сабой і якім чынам суадносяцца), правілы сеткавага этыкету і інш.

Яе калега, настаўніца хіміі з 210-й сталічнай школы Юлія Кашырава, расказвала пра магчымасці прымянення ў адукацыйным працэсе інструментарыю для структуравання вучэбнага матэрыялу. Удзельнікі майстар-класа вучыліся арганізоўваць паэтапнае навучанне школьнікаў самастойнай рабоце з інфармацыяй, складаць шаблоны для структуравання вучэбнага матэрыялу па распрацаваным алгарытме з выкарыстаннем розных тыпаў інфармацыйных блокаў.

Дыплом І ступені ў гэтай намінацыі атрымаў настаўнік матэматыкі з Казахстана Бауыржан Базарбаеў, які прэзентаваў практычны дапаможнік (трэнажор) для фарміравання карысных фінансавых звычак, навыкаў планавання і адказнага стаўлення да грошай.

У намінацыі “Псіхолаг/сацыяльны педагог” дыплом І ступені атрымала педагог-псіхолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды Святлана Цыбрук, а дыплом ІІІ ступені — педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 14 Мазыра Юлія Зялімава.

У намінацыі “Выхавальнік” дыпломам І ступені ўзнагароджана Ірына Апанасік, выхавальніца дзіцячага сада № 1 Дзяржынска, дыпломам ІІ ступені — Наталля Макарэвіч, выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва.

Намінацыя “Настаўнік” таксама стала пераможнай для нашых педагогаў. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Вольга Афанасьева, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч, і Юлія Кашырава, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 210 Мінска.
Источник: https://nastgaz.by
