І малюе, забыўшыся, рука… Пра асаблівасці зенарту раскажа Тамара Аукштулевіч з Воранаўскага раёна
16.09.2026Каб зняць напружанне пасля працоўнага дня, настаўніца хіміі і біялогіі Канвелішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Тамара Аукштулевіч бярэ чорную гелевую ручку і пачынае маляваць на белым аркушы паперы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Што ў выніку атрымаецца, яна не ведае. Можа, спіраль Архімеда, а магчыма, прамавугольнікі, квадраты ці нават зоркі з кветкамі… Як кажуць, пад настрой.
— Гэта потым я прачытала ў інтэрнэце, што захапляюся зенартам і малюю ў тэхніцы дудлінгу, а спачатку называла сваю творчасць “што сэрца падкажа”, — з усмешкай расказвае Тамара Яўгенаўна.
Працэс стварэння арыгінальных чорна-белых малюнкаў яна называе лекамі ад стрэсу і прафесійнага выгарання.
— Хімія — не самы лёгкі вучэбны прадмет, і не заўсёды тыя сілы, што ўкладваеш у вучняў, даюць жаданы вынік. Каб супакоіць сябе, падбадзёрыць, пачынаю маляваць, — працягвае суразмоўніца.
Гартаючы альбом са сваімі работамі, яна ўспамінае, які настрой панаваў у душы, калі рука, забыўшыся на штодзённыя клопаты, выводзіла адмысловыя ўзоры:
— Вось гэты нагадвае знак бясконцасці. Калі яго малявала, то думала пра тое, наколькі кароткі век чалавека на Зямлі і што трэба спяшацца рабіць дабро. А на гэтым малюнку, калі прыгледзецца, лініі ад адной кропкі разыходзяцца ў розныя бакі і блукаюць па паперы, але ў рэшце рэшт сыходзяцца. У той момант мне трэба было вырашыць сур’ёзную праблему, і ў мяне гэта атрымалася. Вось тут усе фігуры сіметрычныя, роўныя — якраз прыводзіла думкі ў парадак.
Прытрымліваючыся гэтай логікі, я выказаў здагадку, што, напрыклад, кветкі, няхай і чорна-белыя, з’явіліся, калі Тамара Яўгенаўна адчувала радасць. Яшчэ заўважыў, што на адных малюнках пераважае белы колер, на іншых чорны. Тут усё проста… Да цікавай гульні “Які настрой на малюнку?” прапаную далучыцца і нашым чытачам.
— Люблю сіметрыю. Нават дываны на падлогу апошнім часам выбіраю са строгім геаметрычным арнаментам. Магу доўгі час сядзець каля такога дывана і вызначаць, якія на ім фігуры, нешта потым пераношу ў свае работы, — падзялілася педагог.
Зенартам Тамара Аукштулевіч займаецца тры гады. Наогул маляваннем захапілася, калі прыйшла працаваць у школу. Тут, як кажуць, статус абавязваў, бо педагагічны шлях пачынала ў якасці піянерважатай. Трэба было часта афармляць насценгазеты, з радасцю дапамагала ў гэтай справе калегам.

Ёсць у яе багатай калекцыі і работы, створаныя з дапамогай фарбаў і пэндзля. На карцінах пераважаюць вобразы прыроды, што нядзіўна для настаўніцы біялогіі. Любіць Тамара Яўгенаўна і эксперыментаваць. Некаторыя элементы сваіх чорна-белых малюнкаў замалёўвае, у залежнасці ад настрою, то жоўтым, то чырвоным, то зялёным, то сінім колерам. Увогуле, настрой, з якім яна прыходзіць на работу, заўсёды добры, таму і любяць Тамару Яўгенаўну вучні, калегі. Калі ж і здараюцца ў яе жыцці складаныя моманты, настаўніца дастае аркуш паперы і пачынае ствараць чорна-белую казку.
Источник: https://nastgaz.by



