Васілій і Алеся Санукевіч лічаць: ідэальны ўрок павінен быць дынамічным, сучасным дзяцям неабходна хуткая змена дэкарацый
16.09.2026Пяцікласнікі Елкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна часта жартуюць, што ў іх два класныя кіраўнікі. Прадстаўнікоў педагагічнага дуэта Васілія Васільевіча і Алесю Валер’еўну Санукевіч яны нярэдка называюць мамай і татам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Класны кіраўнік у іх, вядома, адзін — у меру строгі і сапраўды захоплены сваёй справай настаўнік фізічнай культуры Васілій Санукевіч. Але Алеся Валер’еўна міма гэтага класа прайсці не можа. Маючы ўласны вопыт класнага кіраўніцтва, яна стараецца дапамагчы мужу згуртаваць вучняў.

— Школа ў аграгарадку з прыгожай, амаль навагодняй назвай Елка стала для нас і месцам старту ў прафесіі, і пунктам адліку сямейнай гісторыі, — з усмешкай дзеляцца педагогі.
Іх сумесны стаж пакуль невялікі. Але абое ўпэўнены: у прафесіі яны надоўга. Хоць прызнаюцца, што такая ўпэўненасць з’явілася не адразу. У першы год работы настаўніца нямецкай мовы Алеся Валер’еўна лічыла абавязковую адпрацоўку не больш чым часовым этапам. Але сёння зусім інакш успрымае і прафесію, і сябе ў ёй. На рахунку яе вучаніцы ўжо ёсць перамогі на раённай алімпіядзе, а ў запісной кніжцы ўвесь час з’яўляюцца цікавыя прыёмы для будучых урокаў.
— Мне здаецца, з цяжкасцямі ў пачатку настаўніцкага шляху сустракаецца кожны малады спецыяліст. Хвіліны сумненняў — варыянт нормы, — разважае Алеся Валер’еўна. — Важна, каб у гэтыя моманты побач быў патрэбны чалавек. Для нас такімі людзьмі сталі не толькі замацаваныя настаўнікі, але і намеснік дырэктара Наталля Чаславаўна Давыдчык.
Білет у Елку
Яшчэ падчас вучобы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце Алеся Валер’еўна пачала шукаць першае месца працы самастойна. Для ўраджэнкі Слонімшчыны вызначальным фактарам была блізкасць да дома.
— Нямецкая мова, скажу прама, сёння не самая папулярная, — адзначае маладая настаўніца. — А ў Елцы яе вывучае ўсё старшае звяно, і тут патрабаваўся спецыяліст. Для мяне гэта быў шчаслівы білет. 15 кіламетраў ад Слоніма, ездзіць зручна. Усё склалася.
Склалася нават лепш, чым Алеся Санукевіч магла ўявіць. Самая вялікая сельская школа раёна, калектыў, дзе маладосць суседнічае з вопытам, — сёння тут працуюць адразу 6 маладых настаўнікаў.
— У той год, калі да нас прыйшла Алеся, я зрабіў вымушаны перапынак у выкладанні — служыў у арміі, — удакладняе Васілій Васільевіч.
Яго шлях у педагогіку быў куды больш звілісты. З 7 гадоў ён часта дапамагаў святару ў царкве непадалёк бацькоўскага дома ў Дзярэчыне. У праваслаўнай сям’і будучыня хлопца здавалася прадвызначанай. Але, пасталеўшы, будучы настаўнік зразумеў, што яго стыхія — спорт. Па рэкамендацыі трэнера паступіў у ГрДУ імя Янкі Купалы і размеркаваўся ў Елку.
— Усё дзяцінства думаў, што стану святаром. Гэта было настаўленне бацькі. Але маё рашэнне тата прыняў спакойна, хоць яшчэ не страціў надзеі, што я перадумаю, — усміхаецца Васілій Санукевіч. — Мама падтрымала адразу. Калі ўдумацца, розніца паміж шляхамі педагога і святара не такая ўжо велізарная — абодва працуюць са словам і з даверам.
Сёння ў педагогіцы ён адчувае сябе на сваім месцы. Яму падабаецца ставіць перад дзецьмі канкрэтныя задачы, назіраць, як вучні прыслухоўваюцца да парад і мяняюцца ў лепшы бок.
Калі праца дапамагае
Маладых педагогаў часта пытаюцца: ці не цяжка 24 гадзіны ў суткі быць разам? Абое адказваюць аднолькава: не.
— Наадварот, прасцей. На рабоце няма лішніх думак. У мяне “акно” ў раскладзе — я да Алесі зазірну спытаць, як справы. У яе “акно” — яна да мяне завітае, — гаворыць Васілій Васільевіч.
— А мне гэта яшчэ і дапамагае, — дадае яго жонка. — Гэтым летам мы разам працавалі ў лагеры “Блакітная хваля”. У розных атрадах, але ўсведамленне таго, што побач ёсць падтрымка блізкага чалавека, дадавала ўпэўненасці.
У маладых педагогаў шмат агульнага нават у тым, чаму яны выбралі гэтую прафесію. У кожнага перад вачыма быў яскравы прыклад.
Алеся Санукевіч пайшла па слядах сваёй школьнай настаўніцы нямецкай мовы:
— Галіна Яўгенаўна Рэмез вазіла мяне на ўсе алімпіяды. У 7 класе я, памятаю, спакойна выступала за 8-ы. Было б дзіўна з такім вопытам не пайсці ў педагогіку. А цяпер часта лаўлю сябе на тым, што гавару словамі сваёй настаўніцы. Выходзіць, я — яе працяг.
За сваю спартыўную апантанасць Васілій Санукевіч удзячны трэнеру Валянціне Пятроўне Навойчык.
— Яна любіла паўтараць, што ў камандным спорце галоўны прынцып — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Стараюся данесці гэтую думку і да школьнікаў. Бо кожны клас — гэта таксама каманда, — дзеліцца настаўнік, які паспяхова сумяшчае школу з трэнерскай работай у Зэльвенскай ДЮСШ.
Нягледзячы на рознасць прадметаў, да словазлучэння “ідэальны ўрок” яны падбіраюць аднолькавы прыметнік — “дынамічны”.
— Для сучасных дзяцей вялікае значэнне мае хуткая змена дэкарацый: прыёмаў, відаў дзейнасці, фарматаў работы, — тлумачыць настаўніца. — У мяне заўсёды падрыхтаваны шэраг дадатковых заданняў для тых, хто спраўляецца хутчэй, а абавязковы элемент амаль кожных заняткаў — гульнявыя моманты. На замацаванне лексікі, напрыклад, выдатна працуюць такія формы гульнявых інтэрактываў, як даміно, бінга, карткі-пазлы.
Менавіта ў гэты момант размовы настаўнік тактоўна дадае, што напярэдадні такіх урокаў у іх дома адкрываецца гурток “Умелыя ручкі”: маладыя педагогі разам выразаюць, ламініруюць і рыхтуюць раздатачны матэрыял. У сваім Instagram ён нават часта захоўвае ідэі не толькі для фізкультуры, але і для ўрокаў замежнай мовы.
— На маіх занятках дынаміка таксама ключавы момант, — працягвае Васілій Васільевіч. — Летась дзеці ўсіх узростаў з захапленнем успрынялі гульню, якая адначасова спрыяе развіццю рэакцыі і памяці. Чатыры конусы ставяцца квадратам. Пяць удзельнікаў бегаюць па перыметры, а па сігнале займаюць месца ля конуса. Хто не паспеў — выконвае заданне настаўніка. Умова наступнага круга: двойчы запар адзін і той жа конус выбіраць нельга.
Нагода для гордасці
Гэтым летам у Васілія Санукевіча ўпершыню з’явілася педагагічная задачка з зорачкай. Пасля выпускных экзаменаў адна з вучаніц прызналася, што плануе паступаць на настаўніка фізкультуры. Заставаўся месяц на падрыхтоўку. Педагог склаў для яе персанальны графік трэніровак, пільна сачыў за дынамікай — і на ўступным спартыўным іспыце дзяўчына паказала годны вынік.
Свае нагоды для гордасці ёсць і ў Алесі Валер’еўны: яе вучаніца Маша два гады запар станавілася лепшай на раённай алімпіядзе па замежнай мове.
— Яе вынікі — падмурак для майго далейшага росту. Падрыхтоўка да алімпіяд — гэта асобная старонка педагогікі. Яна патрабуе шмат часу, няспыннага пошуку, самаразвіцця педагога, — лічыць маладая настаўніца.
У прафесіі яна ўсяго чацвёрты год, але ўжо два выпускі адзінаццацікласнікаў з асаблівай цеплынёй называе сваімі. Прызнаецца, што стаць класным кіраўніком у першы год работы было хвалююча. Затое на выпускным плакалі ўсе.
— А сёння пяцікласнікі Васілія часам называюць нас мамай і татам, — усміхаецца Алеся Валер’еўна. — З цікавасцю назіраю, як ён хвалюецца за поспехі дзяцей. Памятаю, у аднаго здольнага вучня за чвэрць выходзіла сямерка, здаецца, па матэматыцы. Дык мы некалькі дзён па дарозе дадому абмяркоўвалі, як матываваць хлопца палепшыць вынік
— Праца класнага кіраўніка — гэта няпроста, — далучаецца да размовы Васілій Васільевіч. — Але калі ў канцы года бачыш, што замест сямёркі ў журнале стаіць дзявятка, успрымаеш гэта ўжо як агульную перамогу. І такія вынікі таксама матывуюць быць для вучняў максімальна ўключаным і сапраўды блізкім дарослым.
Источник: https://nastgaz.by
