РУС БЕЛ ENG 中文

Чатыры змены — розныя вобразы: лагер «Свіцязь» прысвяціў летні сезон беларускім жанчынам

29.06.2026

Праграма ўсіх чатырох змен у Навагрудскім аздараўленчым лагеры “Свіцязь” аб’яднана агульнай тэмай, прымеркаванай да Года беларускай жанчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзень за днём

Гэтым летам у лагеры адпач­нуць 788 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Усяго заплаваны чатыры змены, і на першую ўжо прыехалі 157 дзяцей.

Па словах дырэктара лагера Іны Адашкевіч, штодзень прахо­дзіць мноства мерапрыемстваў, і ўсе яны звязаны адзінай канцэпцыяй.

— Паколькі летні сезон прымеркаваны да Года беларус­кай жанчыны, мы распрацавалі праект-мадэль на ўсе чатыры змены. Кожная з іх унікальная па тэматыцы. Так, падчас першай змены дзеці даведаюцца пра традыцыйную культуру Беларусі і спрадвечныя заняткі жанчын, другая будзе прысвечана жанчынам, якія пакінулі значны след у гісторыі краіны, трэцяя — подзвігу жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны, а чацвёртая — знакамітым сучасніцам, — адзначыла Іна Мікалаеўна.

Адпаведна агульнай канцэпцыі ў лагеры рэгулярна праходзяць дні сям’і і мацярынскай мудрасці. А падчас дзён творчасці і народных традыцый хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з беларускімі рамёствамі.

Акрамя таго, перад калектывам лагера стаіць і амбіцыйная мэта — падрыхтаваць да рэспуб­ліканскага конкурсу інавацыйных праектаў “Педагагічны форум ідэй”, што праходзіць сярод аздараўленчых лагераў краіны, праект, у якім будзе адлюстравана лета “Свіцязі” 2026 года.

Пры складанні праграмы летняга адпачынку ў лагеры не забыліся і пра духоўнае, грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне, краязнаўства.

— Усе нашы мерапрыемствы цесна звязаны з вывучэннем гісторыі малой радзімы, — усміхаецца Іна Мікалаеўна. — Часта ладзім для дзяцей прагулкі па экалагічнай сцежцы, якая пракладзена вакол возера Свіцязь — бадай, самага таямнічага і загадкавага ў Беларусі. Пра яго пісаў наш славуты зямляк Адам Міцкевіч, з гэтымі мясцінамі звязана мноства легенд. Мы ахвотна расказваем выхаванцам пра горад, што знік пад вадой, пра ахоўніцу возера Свіцязянку.

Наведаюць дзеці і краязнаўчы музей Валеўскай сярэдняй школы, а таксама мясцовы праваслаўны храм святых апосталаў Пятра і Паўла. Дарэчы, амаль штодзень у лагер прыязджае святар, праводзіць з выхаванцамі духоўна-­асветніцкія гутаркі. Вельмі падабаюцца хлопчыкам і дзяўчынкам сустрэчы каля вогнішча, падчас якіх яны зада­юць шмат пытанняў пра адносіны з бацькамі, сябрамі і настаўнікамі. Айцец Яўген размаўляе з імі і пра любоў, дабрыню, шчырасць, уменне дараваць.

У найбліжэйшых планах першай змены лагера — выезд у Баранавіцкі раён да месца гібелі Героя Беларусі лётчыка Уладзіміра Карвата.

Ад педагога да педагога

Сёлета ў лагеры сярод выхавальнікаў працуюць 12 маладых спецыялістаў. Побач з імі — вопытныя педагогі, стаж некаторых з іх перавышае 40 гадоў.

Каб калегі заставаліся ў рэсурсе, малады псіхолаг лагера Крысціна Саўко праводзіць з імі заняткі па прафілактыцы прафесійнага выгарання.

— Такія сустрэчы дапамага­юць педагогам знайсці неабходныя ўнутраныя сілы праз сучасныя методыкі, — адзначае Крысціна Міхайлаўна. — Метафарычныя асацыятыўныя карты выкарыстоўваю для глыбокага самапазнання і пошуку рашэнняў. Арт-тэрапія падыходзіць для зняцця штодзённага стрэсу і эмацыянальнай разгрузкі, а складанне індывідуальных карт рэсурсаў дапамагае захоўваць баланс сіл на працягу ўсёй змены.

Сучасны камфорт

Дзякуючы дапамозе мясцовых прадпрыемстваў, лагер сустрэў сезон 2026 года абноўленым.

— Каля жылых домікаў уклалі новую тратуарную плітку, дзесьці залілі адмостку, пабудавалі новы санітарны модуль, адрамантавалі клуб, бібліятэку і часткова — адміністрацыйны будынак, — дзеліцца Іна Адашкевіч.

На тэрыторыі “Свіцязі” функ­цыя­нуе і палатачны лагер. За лета ў ім адпачнуць 80 дзяцей — па 20 чалавек у кожнай з чатырох змен працягласцю 12 дзён. У сучасных модульных палатках створаны камфортныя ўмовы: усталяваны ложкі і тумбачкі для асабістых рэчаў.

Выхаванцы палатачнага гарадка хоць і жывуць па сваім уласным графіку, аднак актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх агульналагерных справах — дыскатэках, спартыўных спаборніцтвах, сустрэчах з прадстаўнікамі МНС і іншымі гас­цямі, якія прыязджаюць у “Свіцязь”. Таксама яны забяспечаны медыцынскім абслугоўваннем і карыстаюцца харчаблокам стацыя­нарнага лагера.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: