Ансамбль цымбалістаў і студыя выяўленчага мастацтва. Як ашмянскія школьнікі раскрываюць свае таленты
27.05.2026У сценах сярэдняй школы № 3 Ашмян нараджаюцца смелыя ідэі і светлыя мары. І абавязкова здзяйсняюцца… Усё дзякуючы творчаму калектыву ўстановы. Сёння гэта 685 навучэнцаў і больш за 70 педагогаў. Настаўнікі падтрымліваюць кожнае вучнёўскае пачынанне, а да карысных спраў абавязкова далучаюцца бацькі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца музыкі Людміла Высоцкая з юнымі баяністамі
Раскрываючы таленты
Па словах дырэктара Уладзіміра Віктаравіча Войнюша, адметнасць школы ў тым, што тут больш за 30 гадоў функцыянуюць класы эстэтычнай накіраванасці, дзейнічаюць два ўзорныя калектывы: ансамбль цымбалістаў “Перазвон” і студыя выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль”. Так, у ансамблі цымбалістаў займаюцца 16 навучэнцаў, якія выконваюць музычныя творы розных эпох, стыляў і жанраў, аднак значнае месца займаюць п’есы беларускіх кампазітараў, апрацаваныя народныя песні. “Перазвон” удзельнічае не толькі ў школьных мерапрыемствах, канцэртах, фестывалях, але і ў конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, з’яўляецца неаднаразовым пераможцам абласнога этапу конкурсу “Прывітанне, свет!”, рэспубліканскіх “Беларускія таленты”, “Веснавы праменьчык”, міжнародных конкурсаў “Новыя вяршыні”, “Крыштальны васілёк”, “Вянок дружбы”, “Ключ да таленту”.
Не менш таленавітыя і ўдзельнікі студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль”. Для навучэнцаў 5—9 класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Жывапіс”, “Малюнак”, “Кампазіцыя”, на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць тэхнікі акварэльнага малюнка, жывапісу гуашавымі і акрылавымі фарбамі, маляванне алоўкам. Юныя мастакі ганарацца прызавымі месцамі на конкурсах “Прывітанне, свет!”, “АрхНавацыя”, удзелам у міжнародным праекце “Культурны код маёй краіны” ў рамках супрацоўніцтва з Маскоўскай цэнтральнай мастацкай школай пры Расійскай акадэміі мастацтваў.

Момант “Ашмянскай кадрылі”
Асвойваюць ашмянскія школьнікі і сакрэты ігры на баяне, фартэпіяна, займаюцца танцамі. Атрымліваецца гэта ў іх выдатна, у чым журналісты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся падчас знаёмства з “Ашмянскай кадрыляй”.
— Найлепшы час для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў — пачатковыя класы. Менавіта ў гэтым узросце мы пачынаем з дзецьмі падрыхтоўку да алімпіяднага руху. Нам пашчасціла з кіраўніком інавацыйных праектаў Святланай Іванаўнай Гін, з якой супрацоўнічаем з 2017 года. За гэты час рэалізаваны два праекты па рабоце з высокаматываванымі дзецьмі і па развіцці функцыянальнай адукаванасці. З гэтага навучальнага года пачалі праект па развіцці крэатыўнага мыслення, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Мар’янаўна Яскель, а яе калегі настаўнікі пачатковых класаў Данута Мікалаеўна Кулік, Святлана Міхайлаўна Амбражэвіч і Вольга Іванаўна Масальская правялі для вучняў пачатковых класаў інтэлектуальную гульню “Крэатыў-бой”.

Памятаем кожнага
Гордасцю сярэдняй школы № 3 Ашмян з’яўляюцца не толькі творчыя калектывы, але і ваенна-патрыятычны клуб “Снайпер” і пошукавы атрад “Аўдзееўцы”. Па словах кіраўніка “Снайпера” Івана Іванавіча Малашкевіча, клуб створаны сумесна з Ашмянскім РАУС у студзені 2025 года. Заняткі праходзяць кожную суботу на базе школы, а таксама РАУС.

Іван Малашкевіч і ўдзельнікі клуба “Снайпер”
— Сённяшнія ўдзельнікі вучацца па адпаведнай праграме першы год. На наступны ў іх будуць два заняткі на тыдзень, а праз год — чатыры, што прыраўноўвае іх да кадэтаў і дае пэўныя льготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі ваеннага профілю, — адзначыў Іван Іванавіч.
Назву “Аўдзееўцы” пошукавы атрад атрымаў у гонар лётчыка Аляксандра Мікалаевіча Аўдзеева, які загінуў у баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў небе над Ашмяншчынай. Дарэчы, піянерская дружына носіць імя Аляксандра Аўдзеева, а сама школа знаходзіцца на вуліцы, названай у яго гонар.
— Я неяк спытаў у бабулі, дзе пахаваны яе бацька, і бабуля заплакала… — паведаміў адзін з вучняў.
Прыкладна так пачыналася асабістая гісторыя пошукаў для кожнага з юных “аўдзееўцаў”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Данута Янцэвіч з “аўдзееўцамі”
— Аднойчы супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К.Багушэвіча адкрылі нам папкі, а ў іх былі спісы — 2 тысячы прозвішчаў, 2 тысячы герояў, якія вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны, пражылі годнае жыццё, але, на жаль, пакінулі нас. Мы пайшлі на гарадскія могілкі і зразумелі, што магілы некаторых з іх даўно ніхто не наведваў, а гэтыя ж людзі калісьці вярталіся ў родныя мясціны з Перамогай. Так мы знайшлі амаль што забытыя 89 імён, 89 гісторый жыцця. Педагогі далі нам шыльдачкі-зоркі, і мы зноў пайшлі да магіл. Там палолі траву, фарбавалі агароджу, устанавілі гэтыя зоркі і ціха называлі імёны салдат Вялікай Айчыннай вайны. Мы саджалі бэз, алею ў памяць пра ветэранаў, ускладалі кветкі да мемарыяла пагранічнікам і нават самі зрабілі гірлянду.
А потым у Гродзенскай вобласці з’явіўся праект “Чырвоная зорка Героя”, і нашай школе першай у раёне даручылі ўстанавіць зорку на магіле ветэрана Івана Цімафеевіча Навумава, ганаровага грамадзяніна Ашмян, які вярнуўся жывым з вайны і не заслужыў забыццё. Мы па крупінках збіралі звесткі пра ветэранаў-землякоў і змясцілі інфармацыю на сайце праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. У выніку з’явіўся наш праект “Героі маёй сям’і”, — з гордасцю паведамілі вучні.
Аднайменны сайт па сваёй ініцыятыве стварыў вучань 10 класа Сяргей Дудойць. Па словах хлопца, гэта месца, дзе любы школьнік можа знайсці шмат цікавай інфармацыі і сказаць: “Вось мой прадзед, вось яго медалі, вось яго вочы, якія глядзелі смерці ў твар”. Менавіта такія канкрэтныя справы, да якіх ахвотна далучаюцца вучні 3-й школы, ляжаць у аснове паспяховай работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
Источник: https://nastgaz.by
