РУС БЕЛ ENG 中文

Беларускія школьнікі ўбачылі, як рамантуюцца самалёты, даведаліся аб асаблівасцях авіяцыйнай англійскай мовы

02.05.2024

У 14 гадоў Марыя Эверс упершыню скокнула з парашутам, а летась цяперашняя клімавіцкая дзесяцікласніца пасадзіла самалёт у аўстрыйскім Інсбруку, пілатуючы віртуальны Boeing. Вось такія мэтанакіраваныя абітурыенты захацелі адзін дзень пабыць курсантамі БДАА.

Прымяраючы форму

У гэтым навучальным годзе ў праекце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі “Курсант на адзін дзень” гасцямі ўстановы сталі 47 школьнікаў з усіх куткоў Беларусі. Разам з адной з груп школьнікаў, якая сабрала 16 навучэнцаў 9—11 класаў, адчула сябе курсантам БДАА і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У сувязі з вялікай колькасцю заявак, якія прыйшлі на электронную пошту акадэміі разам з матывацыйнымі лістамі, упершыню ў гісторыі праекта было вырашана арганізаваць тры групы пераможцаў і для кожнай асобна правесці пазнавальную аднадзённую экскурсію, — расказ­вае спецыяліст прэс-службы БДАА Данііл Шпілеўскі. — Асабіста размаўляючы з выкладчыкамі, абітурыенты могуць даведацца, як будуецца вучэбны працэс, які аб’ём ведаў ім трэба будзе засвой­ваць. Візіт на адно з прадпрыемстваў, якое з’яўляецца заказчыкам кадраў, дапамагае лепш уявіць перспектывы далейшага працаўладкавання, азнаёміцца з умовамі працы.

Стаўшы курсантамі на адзін дзень, першае, што мы наведалі, гэта практычныя заняткі на віртуальных вучэбных комплексах па тэхнічным абслугоўванні паветраных суднаў у транзітным аэрапорце. Школьнікі ўбачылі трэнажор, які ўяўляе сабой дакладную копію сапраўднай кабіны Diamond DA-42NG. Дзякуючы сістэме візуалізацыі, праекцыі малюнкаў на вялікім панарамным экране з аглядам у 180°, палёт імітуецца максімальна рэалістычна.

Наступным месцам для прызямлення школьнага дэсанта стаў лінгафонны кабінет, дзе праходзяць заняткі па авіяцыйнай англійскай мове. Яна значна адрозніваецца ад звыклай класічнай, пачынаючы з вымаўлення літар і лікаў. Ад загадчыка кафедры моўнай падрыхтоўкі БДАА Ганны Мацкевіч абітурыенты са здзіўленнем даведаліся, што, напрыклад, першая літара англійскага алфавіта А гучыць як “алфа”, літара С — “чарлі”, D — “дэлта”, S — “сьера”, а T — “тэнга” і г.д. Кожнай літары ў авіяцыйным алфавіце прысвоена свая ўнікальная назва. Гэта ўсё для таго, каб не было блытаніны і непаразумення ў працэсе зносін пілотаў і дыспетчараў, што можа прывесці да катастрофы. Літары выкарыстоўваюцца пры вымаўленні пазыўных паветранага судна, навігацыйных пунктаў, выкліку розных службаў. Здараецца, удзельнікі радыёабмену звяртаюцца да літар, каб перадаць асобныя словы ці тэрміны, калі іх прыём выклікае сумненні або цяжкасці ўспрымання з-за перашкод на рабочай частаце. Тое ж самае тычыцца і выкарыс­тання лікаў. Кожная лічба вымаўляецца асобна і гучыць часам зусім не так, як патрабуе англійская граматыка: 4 вымаўляецца як “фоур”, а 9 — “найнэр”.

Зрэшты, не для ўсіх школьнікаў гэтыя веды сталі адкрыццём, як, напрыклад, для мяне. Некаторыя з прэтэндэнтаў на навучанне авіяцыйнай справе былі знаёмы з гэтымі нюансамі.

Слухаючы ўрыўкі з радыёабмену паміж дыспетчарамі і пілотамі, юныя аматары авіяцыі спрабавалі распазнаць, пра што ідзе гаворка. Гледзячы на карту аэрапорта, школьнікі вывучалі структуру аб’екта, вучыліся правільна называць узлётна-пасадачную паласу, рулёжную дарожку, старанна запаміналі, якія спецыялісты працуюць у розных сектарах аэрапорта і як узаемадзейнічаюць службы аэрапорта.

Разглядаючы карцінкі з выявай не­спрыяльных метэаўмоў, абітурыенты запаміналі тэрміналогію, якую выкарыстоўваюць пры абазначэнні такіх з’яў надвор’я, як туман, моцны бакавы вецер, кучава-даж­джавыя аблокі, вулканічнае воблака, а таксама трап­лянне птушак у рухавік, і тут жа разбіралі, як гэтыя фактары ўплываюць на ўзлёт або пасадку самалёта, бяспеку палёту.

Новае жыццё на зямлі

Наступным прыпынкам у нашым падарожжы па акадэміі стаў аэрадром авіяцыйнага навукова-тэхнічнага цэнтра, дзе апошні прыстанак знайшлі 8 адзінак авіясуднаў. Зрэшты, тут жа яны атрымалі і новае жыццё, стаўшы наглядным практычным дапаможнікам для будучых тэхнікаў, тэхнікаў-механікаў і інжынераў.

Як расказаў супрацоўнік лабараторыі авіяцыйных рухавікоў Ігар Пішчук, рухавікі і сістэмы на ўсіх самалётах знаходзяцца ў рабочым стане. У курсантаў на практычных занятках ёсць магчымасць разаб­раць канструкцыю рухавіка, паглядзець і вывучыць, як працуюць розныя бартавыя сістэмы: гідраўліка, пнеўматыка.

Цікава было даведацца, што тутэйшы “навабранец” CRJ-200LR канадскай вытворчасці папоўніў авіяпарк у жніўні мінулага года. А вось Ту-134, адзін з самых масавых пасажырскіх самалётаў СССР, з’явіўся на балансе ўстановы адукацыі ў далёкіх 80-х. Сёння, вывучаючы багаты ўнутраны свет гэтага лайнера, курсанты бачаць, што сістэмы і агрэгаты савецкіх самалётаў былі падобныя і ўзаемазамяняльныя.

Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю разглядалі самы вялікі авіялайнер на пляцоўцы — Ту-154, аналаг якога быў задзейнічаны ў здымках вядомага фільма-катастрофы “Экіпаж”, а таксама Ан-24, прызначаны для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы, і рэгіянальны Як-40. Пра два верталёты Мі-8 мы даведаліся, што яны прыбылі сюды сваім ходам. Адзін раней выкарыстоўваўся ў санітарнай авіяцыі, а другі калісьці быў асабістым транспартным сродкам шэйха.

Навацыі прыёмнай кампаніі

Расказваючы гасцям пра асаблівасці ўступнай кампаніі гэтага года, Данііл Шпілеўскі акцэнтаваў увагу на тым, што спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў”, якая прадугледжвае прафілізацыю “Паветраныя судны і рухавікі”, “Бартавыя авіяцыйныя сістэмы”, “Сродкі радыётэхнічнага забеспячэння палётаў”, увайшла ў гэтым годзе ў пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей, а гэта значыць, што ва ўладальнікаў атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём або дыплома аб сярэдняй спецыяльнай (прафесійна-тэхнічнай) адукацыі з адзнакай ёсць усе шансы стаць курсантамі без уступных выпрабаванняў.

Выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія паспяхова адвучыліся на кірунку “Авіяцыйныя тэхналогіі”, будуць залічаны ў БДАА без праходжання ўступных выпрабаванняў, а толькі па рэкамендацыйным лісце назіральнага савета на спецыяльнасці “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы”, “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў”, “Арганізацыя паветранага руху”.

Тым, хто будзе спрабаваць свае сілы стаць пілотам ці дыспетчарам сёлета, Данііл Шпілеўскі нагадаў аб абавязковым і своечасовым праходжанні ўрачэбна-лётнай экспертнай медкамісіі. Тым жа, хто ў наступным годзе плануе паступаць па мэтавым накіраванні, ён параіў звяртацца да заказчыкаў кадраў загадзя, яшчэ ў сту­дзені — лютым, калі фарміруюцца мэтавыя месцы, і заяўляць пра сябе.

Для Марыі Эверс, вучаніцы 10 класа сярэдняй школы № 3 Клімавіч, якая з 14 гадоў марыць быць пілотам, гэтая інфармацыя аказалася вельмі карыснай, паколькі дзяўчына хацела б паступаць якраз па мэтавым накіраванні:

 Праз год планую падаць дакументы на спецыяль­насць “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі”. Выбрала яе, таму што з дзяцінства люблю неба і самалёты. Мая першая мара палятаць на самалёце ажыццявілася, калі мне было 14 гадоў і мы адправіліся адпачываць. У тым жа годзе я ўпершыню скокнула з парашутам разам з інструктарам. Праўда, эмоцыі захліствалі так, што свой першы скачок я амаль не памятаю. Затое другі раз, праз год, паспела атрымаць асалоду ад імклівага зніжэння. Пасля гэтых скачкоў у мяне і з’явілася жаданне стаць пілотам. З 8 класа пачала ўзмоцнена займацца беларус­кай мовай, а з 9-га — англійскай. У мінулым годзе бацькі падарылі мне на дзень нараджэння сертыфікат на віртуальны палёт на авіятрэнажоры Boeing 737 NG, які ўяўляе сабой дакладную копію сапраўднай кабіны. Усе прыборы, авіёніка і нават крэс­лы пілота сапраўдныя. На працягу дзвюх гадзін пад кіраўніцтвам сапраўднага пілота я адпрацоўвала ўзлёт і пасадку самалёта. Там можна выбіраць аэрапорты розных краін, задаваць любыя ўмовы надвор’я і час сутак. Больш за ўсё мяне парадавала, што ў выніку я ўсё ж змагла пасадзіць самалёт у аўстрыйскім Інсбруку. Дарэчы, пра гэта я пісала і ў сваім матывацыйным лісце.

На спецыяльнасці “Арганізацыя паветранага руху” факультэта грамадзянскай авіяцыі з’явілася новая прафілізацыя — “Захаванне бяспекі на паветраным транспарце”. Спецыялісты будуць ажыццяўляць кантрольна-рэвізійныя праверкі аэрапортаў, праводзіць тэхнічныя працэдуры надгляду, правяраць планіруючую дакументацыю, а таксама адказваць за ўмацаванне авіяцыйнай бяспекі ў сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму.

Апошнім пунктам у насычаным экскурсійным графіку стала наведванне Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407, які апошнія 5 гадоў размяшчаецца на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. На прадпрыемстве займаюцца рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем, мадэрнізацыяй самалётаў савецкай і расійскай вытворчасці.

— Сёння ў нас на рамонце знаходзяцца самалёты Ту-134, Як-40. Тыя лайнеры, што падлягаюць буйнамаштабнаму капрамонту, цалкам разбіраюцца: знімаецца лакафарбавае пакрыццё, шасі, усе помпы, прыборы, электрыка. Усё адпраўляецца на рамонт у розныя цэхі, — пачынае аповед начальнік аддзела кадраў Юрый Траццякевіч. — Напрыклад, цэх № 9 — самы вялікі, тут працуюць больш за 90 чалавек, зай­маючыся дэмантажнымі і мантажнымі работамі. Цэх № 3 знаходзіцца ў Смалявічах, там рамантуюць стойкі шасі, колы, тармазныя сістэмы, помпы. Пасля рамонту і выпрабаванняў яны вяртаюцца назад, на мантаж. У цэху № 4 ажыццяўляецца рамонт фюзеляжа, у цэху № 5 абнаўляюцца ўнутраныя элементы салона: крэслы, туалеты, багажныя паліцы і г.д. Цэх № 14 складаецца з трох участкаў, дзе новае жыццё знахо­дзяць электраабсталяванне, радыётэхніка і іншыя складаныя прыборы. Тэхнічная дакументацыя на кожны з вырабаў — ад 10 да 100 лістоў. Кожная дэталь у самалёце мае свой нумар і разбіраецца-збіраецца пэўным інструментам. І ніякай імправізацыі!

У кожнай дэталі самалёта ёсць свой рэсурс. Нават калі дэталь выглядае цалкам рабочай, яе ўсё роўна памяняюць. Яшчэ адзін важны момант: кожны выканаўца, які прыклаў руку да рамонту самалёта, — маляр, токар, слесар, фрэзероўшчык, электраманцёр, мантажнік, інжынер, выпрабавальнік, ставіць свой подпіс у вытворча-кантрольнай дакументацыі, пацвярджаючы тым самым якасць выкананых работ. Пры гэтым на кожным этапе ў авіяцыі ўсё адсочваецца. Адрамантаваны і зноў сабраны праз 9—10 месяцаў самалёт праходзіць трайны кантроль якасці.

У гэтым годзе на ўсе 5 спецыяльнасцей узроўню ССА вядзецца набор пасля 9 класа.

Сёння на заводзе працуюць больш за 800 чалавек. Пры гэтым ёсць патрэба як у маладых спецыялістах, так і ў вопытных высокакваліфікаваных кадрах.

— Апошнія некалькі гадоў мы падаём заяўку на мэтавую падрыхтоўку. У мінулым годзе заявілі аб неабходнасці трох мэтавікаў, у гэтым — дзесяці: трох з вышэйшай інжынернай адукацыяй і семярых тэхнікаў-механікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, — удакладняе Юрый Іванавіч.

Магчыма, гэты завод у хуткай будучыні стане месцам працы сённяшняга адзінаццацікласніка барысаўскай гімназіі № 1 Багдана Валенкі:

— Першапачаткова ў акадэміі мяне прыцягвалі розныя спецыяльнасці, у тым ліку бачыў сябе пілотам і нават некалькі гадоў правёў, лятаючы анлайн на авіясімулятары ў інтэрнэт-супольнасці сапраўдных дыспетчараў і пілотаў. Але рэальна ацэньваючы свае шансы па праходжанні медкамісіі, вырашыў паступаць на спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў” (прафілізацыя “Паветраныя судны і рухавікі”).

Источник: https://nastgaz.by