РУС БЕЛ ENG 中文

Каб ні адзін ветэран педпрацы не быў абдзелены ўвагай. Як праходзіць акцыя «Ад усёй душы» на Гродзеншчыне

12.01.2024

Дзякавалі за работу, цікавіліся здароўем і дарылі ўвагу… Такімі на Гродзеншчыне ў рамках акцыі «Ад усёй душы» былі дзясяткі цёплых сустрэч з ветэранамі педагагічнай працы. Прымалі віншаванні і тыя з іх, хто ў свой час працаваў ва ўпраўленні адукацыі вобласці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

З найлепшымі пажаданнямі да ветэранаў, чый жыццёвы шлях даўно перасёк адзнаку ў 85 гадоў, зазірнулі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак і старшыня абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы Вера Грышэчка.

—  Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» праводзіцца ў нашай краіне другі раз і ахоплівае клопатам пажылых людзей. Не пакідаем без увагі тых, хто прысвяціў сваё жыццё педагагічнай працы, — адзначыў Р. Абрамчык.

— Вы не ўяўляеце, што зрабілі! Вы ў маё жыццё яркія фарбы дабавілі! — шчыра падзялілася ветэран педпрацы Клаўдзія Аляксандраўна Кулік.

У ганаровыя 88 гадоў сваім галоўным багаццем яна справядліва лічыць чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў, з цеплынёй успамінае ўласны прафесійны шлях і па-ранейшаму трымае руку на пульсе — стараецца не прапускаць выпускі навін.

— Літаральна за дзень да гэтай сустрэчы адзначыла 88-ы год нараджэння. Мой асабісты новы год абавязкова будзе добрым, калі ён пачаўся з такой прыемнай ноты, — сказала Валянціна Васільеўна Іванова.

Ужо больш за 30 гадоў яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а яшчэ большы жыццёвы адрэзак прысвяціла педагогіцы. Працоўны шлях Валянціны Васільеўны пачаўся з работы піянерважатай у Екацярынбургу (тады Свярдлоўск), а самай значнай стала работа ў сістэме адукацыі Гродзеншчыны, дзе многія гады курыравала пытанні дзейнасці ўстаноў прафтэхадукацыі вобласці.

На пытанне, у чым сакрэт бадзёрасці духу ў такім ганаровым узросце, суразмоўніца толькі паціскае плячыма. А адказ становіцца відавочным з успамінаў пра маладыя гады.

— Актывісткай была і ў творчым плане, і ў спартыўным, — кажа Валянціна Васільеўна, паказваючы на трохтомнік твораў Пушкіна як падарунак за ўдзел у лыжным забегу.

Яе асабістая жыццёвая геаграфія вельмі шырокая — вырасла ў Свярдлоўску, радасць мацярынства сустрэла ў Краснаярску, пажыла ў Казахстане і Узбекістане, а з Гроднам, які даўно стаў родным, звязана з 1982 г.

Напоўненай віншаваннямі і пажаданнямі была і сустрэча з ветэранам педагагічнай працы Вандай Казіміраўнай Буднік.

— На Гродзеншчыне створаны звыш 360 пярвічных арганізацый ветэранаў педагагічнай працы, якія аб’ядноўваюць больш за 12 тыс. чалавек, — адзначыла В. Грышэчка. — Асноўная наша задача — зрабіць так, каб ні адзін ветэран не быў абдзелены ўвагай. Сустрэчы праходзяць рэгулярна. Дапамагаюць у гэтым і школьнікі — ва ўстановах адукацыі вобласці створаны спецыяльныя валанцёрскія атрады.

Источник: https://nastgaz.by