"Каляды" у ДУА "Дзіцячы сад № 102 г. Гродна"
12.01.2024У ДУА "Дзіцячы сад № 102 г. Гродна" сістэматычна праводзіцца работа па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей, змест якой заключаецца ў набыцці выхаванцамі першапачатковых уяўленняў аб сваёй сям'і, родным горадзе, краіне, дзяржаўных сімвалах, вядомых людзях і інш.
Педагагічныя работнікі разумеюць, наколькі важна далучаць дзяцей да культуры свайго народа, паколькі зварот да спадчыны мінулага выхоўвае гонар за сваю краіну, павагу да яе.
Добрай традыцыяй установы стала правядзенне забаў, якія садзейнічаюць далучэнню выхаванцаў да нацыянальнай культуры, яе традыцый. У зімовы перыяд - гэта «Калядкі». Гэты год не стаў выключэннем.
Выхавацелі ў даступнай форме пазнаёмілі дзяцей са значэннем кожнага дзеяння. Выхаванцы даведаліся, што прыход "калядоўшчыкаў" азначае шчасце, здароўе, дабрабыт сям'і на працягу ўсяго года.
У займальнай форме дзеці пазнаёміліся з традыцыяй святкавання "Каляд", разам з пераапранутымі героямі свята: Мядзведзем, Казой, Цыганкай, Зорканошам і Музыкантам паўдзельнічалі ў беларускіх народных гульнях, выканалі элементы народных танцаў, народныя калядныя песні на беларускай мове.
Святкаванне "Каляд" - адна з найпрыгажэйшых старажытных традыцый Беларусі. Хочацца спадзявацца, што з часам, дзякуючы працы з дзецьмі па патрыятычным выхаванні, традыцыі гэтага свята захаваюцца для наступных пакаленняў.