У дзяржаўнай установе адукацыі “Дзіцячы сад № 110 г.Гродна” адзначылі Каляды
12.01.2024У дзяржаўнай установе адукацыі “Дзіцячы сад № 110 г.Гродна” адбылося адно з самых таямнічых і вясёлых свят – Каляды.
Каляды – даўняе народнае свята нашых продкаў. Калядныя святы прыносілі радасць у кожную хату, іх чакалі, да іх адказна рыхтаваліся.
Вось і нашы выхаванцы з задавальненнем акунуліся ў святочную атмасферу ў час фальклорнага свята “Калядныя цуды”.
У музычнай зале гасцей сустракалі гаспадар з гаспадыняй. Гаспадыня прыбрала ў хаце і прынялася звіваць ніткі ў клубочкі. Гэта першае павер’е, якое абяцае гаспадарам добры ўраджай бульбы. Гаспадар жа расказаў выхаванцам аб іншых павер’ях на час каляд: сад абвязаць невымалачанай саломай – да добрага ўраджаю садавіны, галінкі дуба ўтыкаць у вокны на шчодрую куццю – да моцнай і здаровай гаспадаркі, як дуб. Гаспадар пачаставаў куццёй мароз, каб не замерзлі палеткі.
Вельмі цікавай з’явай для маленькіх выхаванцаў было тое, што на свята ўсцілалі стол сенам, а затым засцілалі яго абрусам. Выцягнуўшы з-пад абруса саломіну, прадказвалі, якім будзе год. Калі саломіна доўгая і прамая – год чакаецца добры!
Якія Каляды без калядоўшчыкаў? Не абышлі калядоўшчыкі і нашу беларускую хату. Сюды завіталі Цыган з Цыганкай, Мядзведзь з Казою. Яны запрасілі выхаванцаў у карагод, каб весяліць увесь народ!
Разам з Казою дзеці закружыліся ў беларускім народным танцы “Дранікі”. Напрыканцы танца Каза стамілася і ўпала, а каб яна ўстала – патрэбна ёй даць кавалак сала. З Мядзведзем выхаванцы пагулялі ў беларускую народную гульню “Лапці”. Пасля гульняў, танцаў, песень гаспадары падзякавалі калядоўшчыкам.
Усе дзеці і дарослыя на нейкі час трапілі ў дзівосны свет народнай культуры, атрымалі добры настрой і пачастункі.
Фальклорныя святы, якія адзначаюцца ў дзіцячым садку, спрыяюць далучэнню дзяцей да нацыянальнай культуры, знаёмяць выхаванцаў з беларускай культурай, бытам, традыцыямі.
Источник: https://udo110.oktobrgrodno.gov.by