РУС БЕЛ ENG 中文

Блог класа: як педагог з Поразава Марыя Галась зацікавіла навучэнцаў і іх бацькоў

10.01.2024

Настаўніца матэматыкі Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Марыя Чаславаўна Галась шэсць гадоў назад пачала весці блог свайго тады яшчэ 5 класа і змагла зацікавіць гэтай справай дзяцей.

Цяперашнія адзінаццацікласнікі не толькі чытачы, але і суаўтары блога “Школьная краіна”. У мінулым годзе на абласным конкурсе “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” ён атрымаў дыплом II ступені, а ў 2017 годзе на аналагічным конкурсе быў адзначаны дыпломам III ступені.

“Наш клас вельмі вясёлы, жыццярадасны, яркі, актыўны, гарэзлівы, дружны, разумны, смелы. Увогуле, самы лепшы! Мы разам ужо 10 гадоў”, — так прэзентуюць сябе школьнікі ў класным блогу. Тут Марыя Чаславаўна расказвае пра жыццё і дзейнасць класа, інфармуе навучэнцаў і іх бацькоў аб цікавых падзеях, конкурсах, класных і школьных навінах, карысных і цікавых інтэрнэт-рэсурсах. Блог стаў своеасаблівым інструментарыем класнага кіраўніка для ажыццяўлення супрацоўніцтва з вучнямі і іх бацькамі.

— Я пачала весці блог класа ў жніўні 2017 года. З таго часу мае вучні раслі, спасцігалі школьныя навукі, удзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах школы і раёна, займаліся валанцёрскай дзейнасцю, і ўсё гэта знаходзіла адлюстраванне на старонках блога, — расказвае Марыя Галась. — Было жаданне ісці ў нагу з часам, мець зносіны з дзецьмі не толькі ў класе, але і праз сацыяльныя сеткі. Атрымалася зацікавіць і бацькоў навучэнцаў — яны актыўныя чытачы блога. Спачатку вяла яго сама, цяпер дапамагаюць дзяўчынкі. Аўтарамі блога сталі Яна Глякоўская, Вікторыя Пачэбут, Дамініка Якіменка і Юльяна Хлусевіч. Такая дзей­насць дапамагае школьнікам развіваць камунікатыўныя навыкі, выказваць свае думкі.

На старонцы “Проба пяра” навучэнцы могуць друкаваць свае артыкулы. У блогу кожны можа выказаць сваё меркаванне альбо атрымаць адказ на пастаўленае пытанне. Тут жа праводзіцца анкетаванне сярод школьнікаў і іх бацькоў. Мамы і таты з задавальненнем знаёмяцца са школьнымі справамі сваіх дзяцей, глядзяць фотаздымкі і відэа з розных мерапрыемстваў.

— Калі пачынала гэтую справу, блогерства не было так распаўсюджана, як сёння, прыхо­дзілася самой вывучаць новыя праграмы, шукаць сэрвісы, — прызнаецца Марыя Чаславаўна. — А калі ўсё атрымалася, зацікавіліся і дзеці. Цяпер мы разам напаўняем блог разнастайнай інфармацыяй. А друкаваць там ёсць што, бо мае вучні актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, адгукаюцца на працоўныя справы, займаюцца валанцёрскай работай.

Марыя Чаславаўна са шкадаваннем чакае той час, калі яе цяперашнія адзінаццацікласнікі пакінуць школу. Гэта ўжо чацвёрты выпуск класнага кіраўніка, 20 гадоў назад адбыўся першы.

Настаўніца любіць усіх сваіх выпускнікоў. Кожны раз думае, што такіх ужо не будзе. Але надыходзіць 1 верасня, і яна знаёміцца з пяцікласнікамі, да якіх зноў пранікаецца любоўю.

Толькі ў Поразаўскай сярэдняй школе Марыя Галась працуе 25 гадоў, а раней настаўнічала ў спецшколе-інтэрнаце. Педагогам яна стала невыпадкова, на гэтае рашэнне паўплывала мама-настаўніца, за што Марыя Чаславаўна ёй вельмі ­ўдзячна. Спачатку атрымала спецыяльнасць настаўніка працоўнага навучання ў Ваўкавыскім педвучылішчы. Там дзякуючы педагогу Я.Ч.Грушэўскай захапілася матэматыкай. І ўжо атрымаўшы вышэйшую адукацыю, стала выкладаць інфарматыку і матэматыку.

— У Поразаўскай сярэдняй школе я адразу стала класным кіраўніком, — успамінае М.Ч.Галась. — Цяпер разумею, што без класнага кіраўніцтва настаўнік не адчувае сябе сапраўдным педагогам. Мне вельмі цікава з маімі вучнямі, нават не ўяўляю сябе без іх. Не толькі я, але і дзеці мяне многаму вучаць, у першую чаргу сучасным тэхналогіям, выбудоўванню ўзаемаадносін і, безумоўна, дабрыні, дружбе. Я памятаю ўсіх сваіх выпускнікоў, і яны не забываюць мяне, тэлефануюць, пішуць, віншуюць са святамі, прыходзяць у школу.

Марыя Галась рыхтуе школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах па матэматыцы. Пад яе кіраўніцтвам дзеці пішуць навукова-даследчыя работы, якія на працягу апошніх пяці гадоў атрымліваюць дыпломы на раённых канферэнцыях. У скарбонцы дасягненняў — дыплом III ступені на абласным конкурсе “IT-майстар”, дыплом II ступені на абласным конкурсе відэаролікаў “Мы розныя, але мы роўныя”.

— Я вельмі задаволена, што ў нашай школе працуюць сапраўдныя прафесіяналы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, адна з іх — Марыя Чаславаўна Галась, — падкрэсліла дырэктар Поразаўскай сярэдняй школы Ларыса Іванаўна Паплаўская. — Яна цудоўны педагог і класны кіраўнік, майстар сваёй справы, яе любяць і паважаюць дзеці. Мае сыны таксама ў розныя гады вучыліся ў класе Марыі Чаславаўны. Старэйшы сын ужо 20 гадоў як скончыў школу, але не забывае перадаць прывітанне ці віншаванне свайму былому класнаму кіраўніку, як, дарэчы, і малодшы сын. Ведаю, з якой цеплынёй адносяцца да яе іншыя былыя вучні, якія шчырыя словы ўдзячнасці гавораць ёй на вечарах сустрэчы з выпускнікамі. Марыя Чаславаўна заўсёды вучыць дзяцей дабрыні, і дабро з боку людзей вяртаецца ёй.

М.Ч.Галась стварае электронныя сродкі навучання, якімі актыўна карыстаюцца педагогі ўстаноў адукацыі ўсяго раёна. На працягу многіх гадоў яна з’яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта школы.

Источник: https://nastgaz.by