РУС БЕЛ ENG 中文

Ала Іадкоўская са Скідзеля: «Наш цэнтр па духоўна-маральным выхаванні нарадзіўся як вынік шматгадовай работы»

27.11.2023

На працягу многіх гадоў тэма духоўна­-маральнага выхавання — адна з ключавых у адукацыйнай прасторы сярэдняй школы № 3 Скідзеля імя Я.М.Шаўчэнка. Работа ў гэтым напрамку дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў Але Іадкоўскай пачалася тут яшчэ ў 2007 годзе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Сёння педагог курыруе работу гро­дзенскага раённага рэсурснага цэнтра “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз узаемадзеянне сям’і і школы на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа”, з’яўляецца суаўтарам дапаможніка для школьнікаў усёй краіны і радуецца шматлікім поспехам сваіх выхаванцаў у конкурсах і фестывалях ад раённага да міжнароднага ўзроўню.

Нельга не адзначыць важны момант, які шчыра здзівіў: рэсурсны цэнтр у скі­дзельскай школе № 3 існуе ўсяго год, а дыпломы навучэнцаў і педагога ледзь змяшчаюцца ў шафе.

— У нашым выпадку цэнтр нарадзіўся як вынік шматгадовай работы. Больш за 15 гадоў супрацоўнічаем з храмам Навамучанікаў і Вызнаўцаў зямлі Беларускай у Скідзелі. Менавіта столькі гадоў для вучняў пачатковай школы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Храм душы маёй”, — тлумачыць Ала Іадкоўская.

Першыя некалькі гадоў заняткі са школьнікамі праводзіла жонка настаяцеля храма. Нязменным удзельнікам і слухачом гэтых урокаў пра душу і для душы была і Ала Уладзіміраўна. Тады яна яшчэ не так выразна, як сёння, усведамляла, што пераймае вопыт вядзення заняткаў на тэму духоўнасці. А праз час умацавалася ва ўпэўненасці, што аб важных тэмах можа гаварыць з дзецьмі ўжо сама.

Эстафета ад першага настаўніка

Ала Уладзіміраўна выкладае ў пачатковых класах. Цікава, што 35 гадоў назад яна ўпершыню як педагог пераступіла парог установы адукацыі, у якой вучылася сама. Да таго ж яна змяніла сваю першую настаўніцу, якая пайшла на пенсію, перадаўшы настаўніцкую эстафету сваёй выпускніцы. У Алы Уладзіміраўны быў вопыт работы намеснікам дырэктара ў роднай сярэдняй школе № 3 Скідзеля, і ўсё ж фармат цеснага ўзаемадзеяння з вучнямі суразмоўніца вызначыла для сябе галоўным. І канечне, менавіта яе пачаткоўцы першымі азнаёміліся з аб’яднаннем па інтарэсах “Храм душы маёй”.

— Наш горад, як і большая частка Беларусі, шматканфесійны. Цікава, што калі на старце работы названага аб’яднання па інтарэсах яго наведвалі толькі дзеці з праваслаўных сем’яў, то на працягу года далучыліся і іншыя вучні. На занятках мы гаворым пра рэчы, якія аб’ядноўваюць усіх, — пра хрысціянскія традыцыі, міласэрнасць.

Заняткі пабудаваны на аснове зацверджанай праграмы “Асновы праваслаўнай культуры”. У гэтую тэму дзеці паглыбляюцца ў цікавай форме: малююць і робяць віншавальныя паштоўкі бацькам, становяцца ўдзельнікамі маштабных праектаў, прысвечаных гісторыям сем’яў навучэнцаў. Сачыненні трох вучняў Алы Ула­дзіміраўны ўвайшлі ў раённы зборнік “Галасы дзяцей вайны”. Тут жа апублікаваны ўспаміны суразмоўніцы аб родных бабулі і дзядулю — удзельніках вайны.

Цэнтр духоўна-маральнага выхавання аб’ядноўвае навучэнцаў не толькі пачатковых класаў. Тэматычны факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” наведваюць школьнікі з 5 па 7 клас, а на ўзроўні старшага звяна створаны валанцёрскі атрад “Адраджэнне”.

Батлейка з цікавай гісторыяй

З 2022 года ў школе ёсць свая батлейка з цікавай гісторыяй. Як расказала Ала Уладзіміраўна, яна доўга шукала мініяцюрны тэатр для сваіх навучэнцаў. А знайшла зусім выпадкова падчас наведвання ў сталіцы храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай.

— Стала сведкай размовы, з якой даведалася: настаяцелем Фёдарам Поўным распрацаваны ўнікальны дызайн школьнай батлейкі, якая ў раскрытым стане змяшчаецца на школьнай парце. Вядома, я яе адшукала і набыла, — успамінае Ала Уладзіміраўна.

Распісвалі батлейку для скідзельскіх школьнікаў у дзіцячай іканапіснай студыі пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне. Ужо больш за год трэцякласнікі нашай суразмоўніцы з задавальненнем ставяць спектаклі ў рамках яшчэ аднаго аб’яднання па інтарэсах “Батлейка”, самі падбіраюць музыку і прыдумваюць касцюмы герояў. Летась напярэдадні Каляд вынік іх творчасці — спектакль “Тры жытнія каласы” — ацанілі бацькі, педагогі і вучні трэцяй школы, а таксама выхаванцы размешчанага непадалёк дзіцячага сада № 4.

Вынікі — у кнігах

Выхаванцы Алы Уладзіміраўны актыўна ўдзельнічаюць у розных інтэрнэт-конкурсах і фестывалях, здымаюць цікавыя відэаролікі. Апошні з іх стаў пераможцам рэспубліканскага маладзёжнага праваслаўнага патрыятычнага праекта “Малюся за Беларусь”. Вершы для відэароліка, які расказвае аб рабоце аб’яднанняў па інтарэсах для пачаткоўцаў, напісала сама Ала Уладзіміраўна, а галоўныя героі і дык­тары трохмінутнага сюжэта — яе вучні.

Працягваючы дыялог аб удзеле ў конкурсах, з асаблівай цеплынёй у голасе Ала Уладзіміраўна расказвае пра апублікаваныя ў розных выданнях работы дзяцей:

— Сачыненні адразу некалькіх вучняў увайшлі ў 45-томнік эсэ навучэнцаў, выданне якога стала вынікам агульнанацыянальнага праекта “Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”. Яшчэ ў адной кнізе — “Краіна свету” — Беларус­кага фонду міру апублікавана даследчая работа вучня, які ў 2022 годзе стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Мір у душы — мір у краіне”.

Зрэшты, яна і сама мае вопыт у галіне кніжнай справы. Распрацоўкі Алы Ула­дзіміраўны ўвайшлі ў вучэбны дапаможнік “Духоўнасць і патрыятызм” для навучэнцаў 6—7 класаў. У раздзел аб прыгажосці душы ўвайшлі матэрыялы педагога са Скідзеля і ў рамках тэматычнага факультатыву аб’ядноўваюць усіх школьнікаў краіны, якія займаюцца па гэтым дапаможніку.

Ключ да сэрцаў

Ёсць у кіраўніка рэсурснага цэнтра і свае сакрэты, як зацікавіць школьнікаў. Адзін з іх — далучэнне да маштабных праектаў.

— У мінулым годзе разам з настаўніцай гісторыі Юліяй Кармызавай і школьнікамі рэалізавалі праект, вынікам якога стала стварэнне інтэрактыўнай карты храмаў раёна. Валанцёрскі атрад школьнікаў з вялікай цікавасцю збіраў інфармацыю аб храмах Гродзенскага раёна. Важкую дапамогу ў гэтай справе аказаў настаяцель храма Навамучанікаў і Вызнаўцаў зямлі Беларускай Кірыл Блізнюк, — гаворыць суразмоўніца.

Цікава, што дапаўняюць віртуальны аповед складзеная педагогамі кніга з цікавымі звесткамі пра гісторыю кожнага храма і тэматычны банер.

Яшчэ адзін праект — “Няхай не патухне ў душах святло” — у рэспубліканскім конкурсе “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” сёлета заняў 2-е месца. І ён асабліва цікавы для нашага выдання, бо ў цэнтры ўвагі ў ім — ветэраны педагагічнай працы. Вынікам гэтага праекта стала выданне альбома “Настаўнік вечны на зямлі”.

Праект выклікаў шырокі водгук і актуальны да гэтага дня. За кожным класам установы адукацыі замацаваны ветэран педагагічнай працы, і своеасаблівае шэфства над імі навучэнцы ажыццяўляюць з вялікай цікавасцю — памятаюць аб важных датах і імкнуцца радаваць іх увагай на працягу года. У планах — афармленне стэнда ў школьным музеі “Прафесія, якая ўсім дае пачатак”.

Падзяка за шчырую працу

Старанні педагога шануюць не толькі ў роднай для яе ўстанове адукацыі. У мінулым годзе Ала Уладзіміраўна была ўзнагароджана падзякай Патрыяршага ­Экзарха ­ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна, прэміяй імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і медалём Святога мучаніка Уладзіміра Хіраскі ІІ ступені за шматгадовую працу, педагагічны прафесіяналізм і выніко­васць у сферы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення.

Источник: https://nastgaz.by