Педагогі здзіўляюць творчасцю, а вучні штогод адпачываюць на моры. Чым яшчэ адметная сярэдняя школа №3 Астраўца?
13.11.2023Апынуўшыся ў сярэдняй школе № 3 аднаго з самых сучасных гарадоў краіны — Астраўца, мімаволі заўважаеш: гэта больш чым установа адукацыі! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Школа самая вялікая ў раёне: кожны дзень на заняткі сюды спяшаюцца амаль 900 дзяцей. Калідоры ўражваюць сваім афармленнем, а педагогі — неабмежаванымі творчымі магчымасцямі і мастацкім бачаннем. Усё, што створана тут для ўтульнасці дзяцей, зроблена рукамі педагогаў.
Забягаючы наперад, скажу, што ёсць у школе і свая карцінная галерэя, і архітэктурныя жамчужыны краю ў мініяцюры, выкананыя ў ляпніне, і куток чытача са зручнай лаўкай і кніжнымі паліцамі пад стылізаваным дубам, і тэматычныя выставы-інсталяцыі, і нават шахматна-шашачны астравок з намаляванымі фігурамі на сценах.
Школа вялікіх талентаў
Цікавая сучасная фотазона са штучным мохам сустракае ў фае гасцей установы адукацыі і запэўнівае: гэта школа вялікіх талентаў. У гэтым можна пераканацца, нават не заходзячы ў вучэбныя класы. Тут і сцены прывіваюць пачуццё густу, а разам з тым змяшчаюць важную інфармацыю.
— Наша ўстанова адукацыі ўпершыню сустрэла школьнікаў у 2019 годзе. З таго часу і пачалося яе пераўтварэнне, — пачынае размову дырэктар Людміла Сасноўская. — Канечне, усё, што вы бачыце сёння, стала магчымым дзякуючы творчаму калектыву. Ён у нас пераважна малады: сярэдні ўзрост настаўнікаў — 29 гадоў.
У фае другога паверха нас сустракае сімвалічная выява настаўніка. Аўтар цікавай работы ў гіпсе — малады педагог Вераніка Міронцава. Дарэчы, у ліку памочнікаў амаль у кожнай творчай справе заўсёды ёсць зацікаўленыя вучні: у школе арганізавана навучанне старшакласнікаў па прафесіі афарміцель мастацкіх работ. Так, агульнымі намаганнямі нарадзілася школьная карцінная галерэя. Тут прадстаўлены палотны вядомых мастакоў на школьную тэму ў творчым увасабленні школьнікаў і педагогаў.
Памятаць у імя міру
З улікам спецыфікі раёна, дзе на атамнай станцыі працуе нямала запрошаных спецыялістаў, у названай школе вучацца дзеці з розных куткоў Расіі, Казахстана і не толькі. Адна са школьных рэкрэацый расказвае пра нацыянальныя адметнасці беларусаў, знаёміць з традыцыямі і асаблівасцямі Сінявокай.
Сімвалічна, што побач з гэтай арт-тэрыторыяй суседнічае экспазіцыя, якая аб’ядноўвае ўсе постсавецкія народы.
— У мінулым годзе адкрылася выстава “Памятаць у імя міру”, якая расказвае пра лёс беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На карце Астравецкага раёна вогненнымі кропкамі адзначаны месцы, дзе былі расстраляны мірныя жыхары і знаходзіліся гета. Што хаваецца за гэтымі чырвонымі кропкамі, лепш за ўсякія словы кажуць чорна-белыя здымкі, героі якіх — дзеці і дарослыя, змучаныя няволяй і пакутамі, — праводзіць экскурсію настаўніца гісторыі Юлія Гаваноўская.
Яшчэ адзін стэнд расказвае аб спаленых вёсках Беларусі і ў прыватнасці Гродзенскай вобласці. Працягваюць тэму створаны вучнямі сумесна з педагогамі макет разбуранага бамбёжкай будынка і падораныя ў дзень адкрыцця выставы супрацоўнікамі раённай пракуратуры выданні “Сёстры Хатыні” і “Генацыд беларускага народа”.
Замежнае падарожжа
Ідучы далей па школьным калідоры, гартаем ужо мірныя старонкі гісторыі краіны. Нас сустракае фрагмент пакоя вясковай хаты. Тут кожны дарослы абавязкова спыняецца, бо шмат якія рэчы абуджаюць ва ўспамінах замалёўкі дзяцінства.
Творчыя настаўнікі прапаноўваюць школьнікам нават замежныя падарожжы, напрыклад, у кабінеце геаграфіі і не толькі.
— Нашы вучні з другога па сёмы клас знаёмяцца і з асновамі кітайскай мовы. У вучэбным памяшканні, дзе праходзяць факультатыўныя заняткі, мы пастараліся стварыць адпаведную атмасферу для паглыблення ў моўнае асяроддзе, — працягвае цікавую экскурсію дырэктар установы адукацыі.
З традыцыйнымі кітайскімі ліхтарыкамі суседнічае цікавае пано з ляпнінай, на якім адлюстраваны пейзаж Паднябеснай. Той факт, што і гэта работа рук педагогаў, ужо не так здзіўляе, як падчас экскурсіі на першым паверсе. Неабмежаванасць творчых здольнасцей настаўнікаў сярэдняй школы № 3 відавочная.
Зямны шар вышэйшы за любога пачаткоўца
Выказванне пра таленавітага чалавека, які таленавіты ва ўсім, актуальнае і для калектыву школы. Акрамя багатага творчага асяроддзя, ёсць тут і надзвычай тэхнічная прастора. Дзейнічае адзіны ў краіне атамклас.
Маштабнасць праекта адчуваеш ужо на падыходзе да тэрыторыі, якую ў школе назвалі атамным крылом. Тут зямны шар вышэйшы за любога пачаткоўца, абняць яго можа толькі карагод з дзесяці вучняў. Геаграфічная мадэль яшчэ і дынамічная, яна круціцца.
Побач — тры памяшканні, адно цікавейшае за другое. У пакоі займальных навук дзеці знаёмяцца з навукоўцамі, якія ўнеслі ўклад у развіццё тэхналогій. Дастаткова сказаць, што ў распараджэнні вучняў — ківач Ньютана, крэсла з сядзеннем з цвікоў, якое ілюструе паняцце ціску, прысвечанае Эйнштэйну драўлянае пано з шасцярэнькамі, якія рухаюцца.
У музеі атама можна падрабязна прасачыць гісторыю будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. У храналагічнай паслядоўнасці прадстаўлены фотаздымкі — ад першага экскаватара на пляцоўцы да пускавых работ на энергаблоку. Спецыяльная мадэль з агенчыкамі і схемамі ў даступнай нават для пачаткоўцаў форме тлумачыць, як наладжана работа станцыі.
Своеасаблівай кульмінацыяй прасторы з паметкай “тэхна” з’яўляецца памяшканне галоўнай славутасці ўстановы адукацыі — атамклас. Яго абсталяванне дазваляе школьнікам праводзіць самыя розныя даследаванні. Тут ёсць сучасная лічбавая лабараторыя па фізіцы. Пры дапамозе пераноснай лабараторыі SenseDisc вучні могуць праводзіць даследчыя і праектныя работы па біялогіі, хіміі, фізіцы.
З цікавасцю ў атамкласе вучні займаюцца 3D-мадэляваннем, праграмуюць робатаў з канструктара LEGO. З вялікім задавальненнем юныя астраўчане выкарыстоўваюць падчас заняткаў яшчэ і планшэтны стол, які адразу звяртае на сябе ўвагу сярод абсталявання класа. Гэты высокатэхнічны інвентар аб’ядноўвае ў сабе дзясяткі вучэбных праграм рознай тэматыкі.
Школьная ўнікальнасць
З 2019 года астравецкая школа № 3 пачала свой шлях па ўступленні ў праект “Школы Расатама”. У лютым 2020 года адміністрацыя ўстановы адукацыі ўдзельнічала ў форуме гарадоў-атамшчыкаў у Маскве.
— Пры непасрэдных зносінах з калегамі азнаёміліся з вопытам работы атамкласаў у розных кутках Расіі. З гэтага часу з’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі маштабнага праекта. Запазычваем чужы і прэзентуем свой вопыт работы ў фармаце відэаканферэнцый, — расказвае Людміла Сасноўская.
У школе ёсць профільныя класы, дзе на павышаным узроўні дзеці вывучаюць матэматыку і фізіку, але атамклас — гэта значна больш маштабны праект. Ён ахоплівае ўсіх навучэнцаў.
У рамках праекта “Школы Расатама” вучні сярэдняй школы № 3 Астраўца ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах. Толькі ў кастрычніку шасцікласнікі, напрыклад, на конкурснай аснове вырошчвалі крышталі, дзесяцікласнікі вывучалі будову атамных станцый і распрацоўвалі свой праект будаўніцтва, з якім занялі 2-е месца.
— На працягу года праходзіць больш за дзясятак конкурсаў, і нашы школьнікі пры падтрымцы педагогаў нязменна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу ўсіх школ — удзельніц глабальнага праекта. А такіх сёння больш за пяцьдзясят, — дадае дырэктар.
Вынік актыўнасці школьнікаў заўсёды шчодра ўзнагароджваецца. Некалькі разоў на год вучні сярэдняй школы № 3 адпачываюць у папулярным Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” на марскім узбярэжжы. Пры падрыхтоўцы матэрыялу якраз два школьнікі, Ігнат Урбановіч і Аляксей Ярох, былі ўдзельнікамі тэматычнай змены “Наш клас — атамклас!”.
Источник: https://nastgaz.by