РУС БЕЛ ENG 中文

Сучасны стан і перспектывы развіцця мытных класаў абмеркавалі ў БДУ

10.11.2023

Сучасны стан і перспектывы развіцця мытных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абмеркавалі падчас круглага стала на факультэце міжнародных адносін БДУ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У мерапрыемстве прынялі ­ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта, рэгіянальнай і цэнтральнай мытні сталіцы, кіраўніцтва сярэдніх школ і гімназій, дзе ёсць профільныя мытныя класы, супрацоўнікі кафедр мытнай справы БДУ і БНТУ.

Прадстаўнікі мытных органаў на чале з першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандрам Валіевым выказалі зацікаўленасць у тым, каб да іх на службу прыхо­дзілі высокаматываваныя і патрыятычна настроеныя супрацоўнікі. Менавіта з гэтай мэтай сёння ў 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыяну­юць 35 мытных класаў, дзе займаюцца 782 навучэнцы. Першы такі клас быў адкрыты ў 2013 годзе ў сярэдняй школе № 13 Гродна, а ў Мінску — у 2018 годзе ў сярэдняй школе № 46. Акрамя таго, такія класы працуюць у сталічных сярэдняй школе № 28 і гімназіях № 23 і № 30, у Бараўлянскай гімназіі, ва ўстановах адукацыі кожнага абласнога цэнтра, а таксама ў Бабруйску, Мазыры і Полацку. 

— Мытныя класы — гэта профільныя класы прафесійнай накіраванасці. Сёння іх варта разглядаць як ваенна-патрыятычныя класы, якія арыентуюць вучняў на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі спецыялістаў у інтарэсах дзяржаўных органаў гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — адзначыла кансультант Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Аляксеева.

Мытныя класы маюць сваю спецыфіку. У іх вучняў ёсць асаблівыя знакі адрознення ў элементах адзення, некаторыя носяць спецыяльную форму з шаўронамі і пагонамі. У такіх класах асобныя прадметы (па выбары дзяцей) вывучаюцца на павышаным узроўні, а прафарыентацыйная дзей­насць, у тым ліку і ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі мытні, ажыццяўляецца ў рамках выхаваўчай работы. У планах — канчатковая распрацоўка і зацвярджэнне вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў з рабочай назвай “Уводзіны ў мытныя прафесіі”.

Выпускнікі мытных класаў маюць магчымасць атрымлі­ваць мэтавыя накіраванні для паступ­лення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на адпаведныя спецыяльнасці. Аднак яшчэ патрабуецца прапрацоўка сістэмы льгот пры залічэнні ва ўніверсітэты такіх абітурыентаў пры іншых роўных умовах.

У рамках круглага стала адбыліся экскурсія па спецыялізаваных кабінетах кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ і  прэзентацыя тэматычных кніжных фондаў бібліятэкі факультэта і тэматычнай прадукцыі “Белмытвыдат”.

Сёння атрымаць спецыяльнасць “Мытная справа” прапаноўваюць у БДУ, БНТУ, БелДУТ, ГрДУ імя Я.Купалы, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай і БрДТУ.

***

 У 2013 годзе на базе сярэдняй школы № 13 імя У.Ц.Цабо Гродна быў адкрыты першы ў краіне спецыялізаваны мытны клас і падпісаны дагавор аб супрацоўніц­тве з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй.

— У мытныя класы нашай школы навучэнцы адбіраюцца па сярэднім бале пасведчання аб базавай адукацыі. Акрамя таго, праводзіцца субяседаванне з вучнямі аб матывах выбару названага профілю. Для юных мытнікаў уведзена адзіная форма адзення з шаўронамі і пагонамі (МК — мытны клас), — расказаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Пад­ручны. — Супрацоўнікі мытні запрашаюць нашых вучняў да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах, арганізоўва­юць экскурсіі, знаёмяць з многімі аспектамі сваёй дзейнасці: работай пунктаў пропуску, прымяненнем тэхнічных сродкаў кантролю, сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, кіналагічнай службай і г.д. Адным з найважнейшых мерапрыемстваў у школьным жыцці з’яўляецца прысяга. Юнакі і дзяўчаты ў прысутнасці ганаровых гасцей, педагогаў і бацькоў у адміністрацыйным будынку мытні абяцаюць з гонарам і годнасцю несці званне навучэнцаў мытных класаў.

Важнай падзеяй 2022 года ў школе стала сустрэча навучэнцаў мытных класаў са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь У.М.Арлоўскім і начальнікам Гродзенскай рэгіянальнай мытні А.К.Піхуном. Падчас той сустрэчы выдатнікам у вучобе і актывістам у грамадскім жыцці школы былі ўручаны заснаваныя беларускай мытняй значкі “За адзнаку. Мытны клас”. Адпаведны вопыт работы з дэманстрацыяй імправізаванага пункта мытнага кантролю вучні прадстаўлялі і міністру адукацыі А.І.Іванцу.

У гэтым годзе дзве каманды вучняў 10—11 класаў школы прынялі ­ўдзел у гульні-віктарыне, прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арганізаванай Гродзенскай рэгіянальнай мытняй. Каманда 11 класа “Вясёлыя мытнікі”, якая сапернічала з супрацоўнікамі мытні і трыма камандамі студэнтаў юрыдычнага факультэта, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Мытная справа”, была ўзнагароджана дыпломам III ступені.

Яшчэ адной важнай падзеяй гэтага года ў 13-й школе Гродна стала ўрачыс­тае падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве з Гродзенскай абласной калегіяй адвакатаў.

З 2013 года ў сярэдняй школе № 13 імя У.Ц.Цабо Гродна адбылося 9 выпускаў спецыялізаваных мытных класаў. Большасць выпускнікоў сталі студэнтамі спецыяльнасцей эканамічнай і юрыдычнай накіраванасці, а таксама спецыяльнасці “Мытная справа”. Выпускнікі школы сёння з’яўляюцца супрацоўнікамі розных мытных падраздзяленняў. У 2023 годзе заключаны тры дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы навучэнцаў па спецыяльнасці “Мытная справа”.

***

Першы спецыялізаваны мытны клас у сярэдняй школе № 46 Мінска быў адкрыты ў 2018 годзе, калі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж школай, Мінскай рэгіянальнай мытняй і факультэтам міжнародных адносін БДУ.

— Мінская рэгіянальная мытня запрашае навучэнцаў да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах, конкурсах мастацкай творчасці. Традыцыйна ў школе праходзяць урачыстая лінейка і першы ўрок з прадстаўнікамі мытных органаў, — расказала дырэктар школы Людміла Зязетка. — Штогод навучэнцы мытнага класа наведваюць заняткі  школы будучага мытніка на факультэце міжнародных адносін БДУ. Са школьнікамі займаюцца выкладчыкі кафедры мытнай справы, супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні і Дзяржаўнага мытнага камітэта.

 

Сумесна з загадчыкам кафедры мытнай справы, доктарам гістарычных навук, прафесарам В.А.Астрогам штогод складаецца план сумесных пазакласных мерапрыемстваў са студэнтамі і навучэнцамі мытнага класа. Сярод іх экскурсія па факультэце і сустрэча са студэнтамі 1—4 курсаў, дзень адкрытых дзвярэй, дзень кар’еры на ФМА, удзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, дыпламатычныя чытанні, інтэлектуальная гульня “Дэбаты” на англійскай мове. Акрамя гэтага, выкладчыкамі кафедры “Мытная справа” праводзяцца анлайн-урокі па тэмах, якія выбіраюць самі вучні.

У сярэдняй школе № 46 Мінска вучні ва ўмовах профільнага навучання маюць магчымасць выбіраць яшчэ і прафесіі авіяцыйнай і эканамічнай спецыяльнасцей. З 2018 года школа супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі. А ў маі гэтага года адбылася цырымонія падпісання пагадненняў паміж БДАА, сярэднімі школамі № 226 і № 46 і гімназіяй № 10 Мінска аб стварэнні авіяцыйных класаў. Да таго ж школа падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з эканамічным факультэтам БДУ.

Інспектар мытнай службы, дэкларант, менеджар па рабоце з мытняй, спецыяліст знешнеэканамічнай дзейнасці, спецыяліст па мытным афармленні, мытны брокер — з гэтымі прафесіямі знаёмяцца сёння вучні.

***

Першы выпуск мытнага класа ў сярэдняй школе № 1 ­Брэста адбыўся ў 2020/2021 навучальным годзе. Яго выпускнікі, вельмі матываваныя і добра падрыхтаваныя, паступалі ва ўніверсітэты на “Мытную справу” або сумежныя спецыяльнасці, бралі мэтавыя накіраванні. 

— Мытныя класы ў нашай школе функцыяну­юць з 8 (у рамках дапрофільнага навучання) па 11 клас, у кожнай паралелі па адным, — паведаміла класны кіраўнік мытнага класа Ірына Ліцкевіч. — Профільныя прадметы, якія старшакласнікі вывучаюць у гэтых класах на павышаным узроўні, — гэта матэматыка і замежная мова, іх здаюць для паступлення на “Мытную справу”. Вучні 8-х класаў дадаткова асвойваюць другую замежную мову, нямецкую альбо іспанскую, класічны танец і ўсходнія адзінаборствы. Свае навыкі васьмікласнікі ў поўнай меры дэманструюць падчас урачыстага мерапрыемства пасвячэння ў навучэнцы мытнага класа.

Ва ўстанове праводзіцца вялікая колькасць сумесных з Брэсцкай мытняй мерапрыемстваў. Юных мытнікаў з брэсцкай школы лёгка пазнаць па цёмна-сіняй форме, якую яны з гордасцю носяць: кіцель і штаны ў хлопчыкаў і штаны ці спадніца ў дзяўчынак. Кашулі купляюцца асобна ў форменным магазіне — парадная белая і сіняя паўсядзённая. Формы хапае на два гады, а ў 10—11 класах, як правіла, яна перашываецца.

***

Удзельнікі круглага стала выказалі зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва і абмене вопытам паміж установамі, дзе дзейнічаюць мытныя класы, правядзенні сумесных мерапрыемстваў. Знайшла падтрымку ідэя арганізаваць адпаведную тэматычную змену ў НДЦ “Зубраня”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: