Праект «Нельга забыць! Нельга маўчаць!» рэалізавалі педагогі Лунненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна
01.11.2023У Лунненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета праект рэалізоўваўся на працягу мінулага навучальнага года. Ён прысвечаны памяці ахвяр генацыду беларускага народа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўстанове адукацыі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, накіраваных на развіццё ў вучняў патрыятычных пачуццяў і грамадзянскай адказнасці.
— Пачалося з таго, што сярод нашых навучэнцаў 8—11 класаў і іх законных прадстаўнікоў мы правялі анкетаванне “Генацыд беларускага народа”, у якое былі ўключаны пытанні аб генацыдзе на тэрыторыі Лунненскага краю, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Эйсмант. — Высветлілася, што ўдзельнікі анкетавання добра разумеюць, што такое генацыд, ведаюць пра Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, але 43% апытаных маюць недастатковы ўзровень ведаў аб генацыдзе беларускага народа на тэрыторыі Лунненскага краю. Вынікі апытання засведчылі, што вучні і іх бацькі гатовы папоўніць свае веды, а гэта лепш за ўсё зрабіць праз даследчую дзейнасць. Пошукава-даследчая работа развівае ў вучняў здольнасць і гатоўнасць самастойна атрымліваць новыя веды, прапаноўваць ідэі, выказваць гіпотэзы ў выніку вывучэння праблемы, работы з рознымі крыніцамі ведаў. Так у нашай школе нарадзіўся праект “Нельга забыць! Нельга маўчаць!”. Праект рэалізоўваўся на працягу мінулага навучальнага года.
Школьнікі вывучалі звязаныя з генацыдам беларускага народа архіўныя матэрыялы ў народным музеі баявой славы Лунненскай сярэдняй школы, гісторыка-краязнаўчым музеі Дубненскай сярэдняй школы, Мастоўскім раённым ваенным камісарыяце і Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, азнаёміліся з фактамі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе. Затым сістэматызавалі і абагульнілі сабраныя матэрыялы для стварэння экспазіцый музея ўстановы адукацыі, напісання кнігі і выдання альбома. Педагогі выкарыстоўвалі прадукты праектнай дзейнасці ў выхаваўчай рабоце.
Праект па генацыдзе ў Лунненскім краі ўключае тры модулі: “Трагічны лёс 1549 жыхароў Лунна яўрэйскага паходжання”, “Лёс спаленай вёскі Княжаводцы” і “Успаміны малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў”.
У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел вучні 8—11 класаў, члены ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”, законныя прадстаўнікі вучняў, педагогі. На працягу навучальнага года раз у месяц праходзіла пасяджэнне пад пэўным дэвізам. Удзельнікі атрымлівалі заданні ад кіраўнікоў праекта на наступны месяц, да выканання якіх далучаліся і бацькі. Арганізоўваліся шматлікія мерапрыемствы: экскурсіі, экспедыцыі, сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі з вязнямі фашысцкіх канцлагераў, якія пражываюць на тэрыторыі Лунненскага краю, прэзентацыі пошукавага матэрыялу, школьная канферэнцыя.
Як расказала Л.У.Эйсмант, у выніку работы над праектам удалося паглыбіць веды вучняў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Лунненскага краю. Школьнікі зацікавіліся пошукавай і навукова-даследчай дзейнасцю. Была створана экспазіцыя “Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць”, выдадзены кніга “Повязь часоў праз лёсы людзей” і альбом “Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць”. Адбылося ўкараненне новай мадэлі шостага школьнага дня.
Вопыт работы Лунненскай школы па гэтай тэматыцы быў паспяхова прадстаўлены на рэспубліканскім семінары для педагагічных работнікаў, на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Матэрыялы народнага музея баявой славы былі выкарыстаны для выставы-прэзентацыі Гродзенскай вобласці ў межах семінара “Сацыяльна-актыўныя тэхналогіі” ў Маскве (красавік 2023 года), у Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці (чэрвень 2023 года).
У перспектыве ў школе плануецца стварэнне электроннага банка даных для выкарыстання матэрыялаў вучнямі, а таксама настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна для падрыхтоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных генацыду беларускага народа.
Источник:https://nastgaz.by