РУС БЕЛ ENG 中文

Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Гродне святкуе 25-годдзе

03.10.2023

Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-­развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Гродне святкуе 25­-годдзе, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Наша ўстанова — самы вялікі ЦКРНіР у рэспубліцы. На сённяшні дзень 94 дзіцяці-інваліды з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі ў ім атрымліваюць дапамогу. Гэта адукацыйныя паслугі, якасная карэкцыйная дапамога і поўны спектр медыцынскай рэабілітацыі. Таксама арганізавана дапамога для 45 дзяцей-інвалідаў дома, — удакладніла дырэктар ЦКРНіР Таццяна Валюкевіч.

Ва ўстанове спецыяльнай адукацыі актыўна ўкараняюць сучасныя метады карэкцыйнай дапамогі дзецям. У абодвух карпусах цэнтра сёння абсталяваны інтэрактыўныя платформы “Разумнае люстэрка”, а таксама пакоі сенсорнай інтэграцыі. Важнай падзеяй у пачатку гэтага навучальнага года стала адкрыццё дзіцячай гульнявой пляцоўкі са спецыялізаваным абсталяваннем.

— Спецыялісты ўстановы-юбіляра першымі ў вобласці пачалі работу з дзецьмі з кахлеарным імплантатам. Былі першаадкрывальнікамі яны і ў рабоце з дзецьмі з аўтызмам. Прафесійны вопыт дазволіў установе стаць абласным рэсурсным цэнтрам па рабоце з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі, — адзначыла дырэктар абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Алена Федарэнка, зачытваючы віншавальны адрас за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслана Абрамчыка.

У святочны дзень словы падзякі калектыву ўстановы адрасаваў таксама начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Андрэй Сяманчык. Ён адзначыў, што з адкрыццём гарадскога дыягностыка-рэабілітацыйнага цэнтра ў 1998 годзе ў асаблівых дзяцей з’явілася магчымасць рэгулярна бываць у дзіцячым калектыве, кантактаваць са сваімі аднагодкамі, атрымліваць працоўныя навыкі і знайсці сваё месца ў свеце.

Установа спецыяльнай адукацыі пастаянна імкнецца да развіцця. Яна з’яўляецца нязменным удзельнікам раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, а яе выхаванцы — рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, конкурсу “Усе разам” па развіцці рухальнай актыўнасці. На працягу трох гадоў пры падтрымцы Беларускага дзіцячага фонду цэнтр арганізуе гарадскі конкурс “Свет вачыма асаблівых дзяцей”. Толькі летась яго ўдзельнікамі сталі каля 80 дзяцей.

Адкрыты цэнтр і для міжнароднага дыялогу з калегамі. Сустракаліся і дзяліліся вопытам тут з дэлегацыяй з Узбекістана, праводзілі міжнародны анлайн-тэлемост з дэпартаментам адукацыі расійскага Паўднёва-Сахалінска.

Источник: https://nastgaz.by