Пытанні супрацоўніцтва і падзеі новага навучальнага года абмеркавалі начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”
15.09.2023У раён прыбыло 15 маладых спецыялістаў, 6 з іх — ураджэнцы Дзятлаўшчыны, чацвёра — мэтавікі. У сваю чаргу на навучанне з раёна адправілі 6 мэтавікаў. Лепшы вынік у гэтым кірунку ў Дварэцкай СШ, дзе ўсе трое навучэнцаў педагагічнай групы паступілі па мэтавым накіраванні на педагагічныя спецыяльнасці.
На базе гімназіі Дзятлава з гэтага навучальнага года пачаў працаваць інжынерны клас, а ў Казлоўшчынскай СШ створаны раённы рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Сярод значных падзей 2023 года — прысваенне Новаяльнянскай СШ звання “Школа міру”. Тут знаходзіцца народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця”. У практыку работы ўкаранёны персаніфікаваныя экскурсіі з элементамі тэатралізацыі, ІТ-тэхналогіі. Увогуле, у 12 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна функцыянуе 17 музеяў і 3 музейныя пакоі.
Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна ахоплены інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасцю.
Сярод іх дзіцячы сад № 2 Дзятлава, дзе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Па выніках мінулага года дзіцячы сад № 2 прызнаны лепшай гарадской установай дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці.
Ганарыцца раён і сваімі прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”. Гэта настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вензавецкай СШ Сяргей Карнэлік і настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай СШ Жанна Цяцерына.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 3 Дзятлава Святлана Урбан узначальвае ва ўстанове навуковае таварыства навучэнцаў і педагогаў “Пошук”. На рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” Гродзенскую вобласць сёлета будзе прадстаўляць дырэктар СШ № 1 Дзятлава Марына Нячай.
Матэрыялы пра лепшы вопыт устаноў адукацыі і педагогаў Дзятлаўскага раёна чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.
Источник: https://t.me/nastgaz