РУС БЕЛ ENG 中文

Сакрэтамі паспяховай адаптацыі да школьнага жыцця дзеліцца педагог-псіхолаг школы № 3 Смаргоні

15.09.2023

Новы этап у жыцці нават у дарослага чалавека часта выклікае трывогу і турботу. Што ўжо казаць пра дзіця. Пра асаблівасці адаптацыі ў 1, 5 і 10 класах карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог­-псіхолаг сярэдняй школы № 3 Смаргоні Таццяна Калакольцава.

— Залічэнне ў школу з’яўляецца адным з пераломных момантаў у жыцці кожнага школьніка, — упэўнена Таццяна Аляк­сандраўна. — Другі складаны этап — гэта пераход з пачатковай школы ў сярэдняе звяно, трэці — набыццё навучэнцам статусу старшакласніка. Вельмі важна ў перыяд адаптацыі першакласніка звяр­нуць увагу на эмацыянальны і фізіялагічны стан дзіцяці, які ў многім залежыць ад бацькоў, наколькі дзіця гатова да навучання і далейшай сацыялізацыі ў грамадстве. Залежыць гэты перыяд ад індывідуальных асаблівасцей развіцця дзіцяці, яго гатоўнасці да школы ў цэлым, ступені развіцця сацыяльных навыкаў.

— Наколькі важна аказ­ваць дапамогу вучню ў перыяд адаптацыі? І ці ўсім дзецям, на ваш погляд, яна неабходна?

— Дапамога педагога-псіхолага неабходна, калі дзіця адчувае страх перад чымсьці новым і невядомым, неспакой, калі ў яго мяняюцца паводзіны, назіраецца пасіўнасць у навучанні, павышаная трывожнасць. Вельмі важна своечасова аказаць дапамогу тым навучэнцам, у якіх можа ўзнікнуць школьная дэзадаптацыя. Задача бацькоў у гэты няпросты момант — быць цярплівымі, спакойнымі і ўважлівымі, дапамагчы пераадолець цяжкасці.

Цяжкасці можа адчуваць літаральна кожнае дзіця, і неабходна знайсці той самы падыход для паспяховага іх пераадолення. Вялікае значэнне мае псіхалагічнае суправаджэнне дзіцяці ў перыяд яго адаптацыі ў школе.

— Галоўныя стрэсы ў жыцці школьніка — якія яны?

— Калі мы гаворым аб першакласніках, галоўнымі стрэсамі мо­гуць з’яўляцца так званыя фізіялагічныя стрэсы (праяўляюцца частымі хваробамі на працягу першага месяца навучання), змена дзейнасці і рэжыму дня, новая абстаноўка і, вядома ж, вучэбная нагрузка. З асабістага вопыту працы па псіхалагічным суправаджэнні навучэнцаў 1-х класаў, у якіх узнікалі цяжкасці адаптацыі да школьных умоў (страхі, трывогі, агрэсія, парушэнне камунікатыўных навыкаў), магу сказаць, што сродкі арт-тэрапіі, прайграванне школьных сітуацый з дапамогай маннатэрапіі, пясочнай тэрапіі дапамага­юць працэсу адаптацыі прахо­дзіць паспяхова. Працуючы з дзецьмі, акцэнтую ўвагу на рэгуляцыі іх эмацыянальнага стану, прыняцці пазіцыі школьніка, навыках зносін з дарослымі, фарміраванні сама­ацэнкі і ўзроўню прэтэнзій.

З пераходам вучня з малодшага звяна ў сярэдняе сітуацыя мяняецца: са з’яўленнем новых прадметаў можа зніжацца паспяховасць, з’яўляюцца ўсё новыя і новыя патрабаванні. Гэты перыяд звязаны з фарміраваннем даросласці. Гэта значыць, дзіця пераходзіць са ступені малодшага школьнага ўзросту на прыступку падлеткавага перыяду.

Калі мы гаворым аб дзесяцікласніках, то асноўнымі фактарамі стрэсавых сітуацый могуць з’яўляцца новыя ўмовы навучання, звязаныя з павелічэннем школьнай нагрузкі, падлеткавыя фізіялагічныя змяненні, змяненні сацыяльна значнага статусу дзіцяці ў класным калектыве, псіхалагічныя асаблівасці падлетка.

— Таццяна Аляксандраўна, а на што звярнуць увагу бацькам першакласнікаў?

— Татам і мамам варта акцэнтаваць увагу на падтрымцы і зацікаўленасці ў дзіцяці, у яго школьных справах, першых дасягненнях і, наадварот, няўдачах, дапамагчы іх пераадолець, не па­кідаць дзіця без увагі, ласкі, любові, у якіх яно мае велізарную патрэбу. Абавязкова разам з дзіцем важна скласці распарадак дня, вызначыць час карыстання гаджэтамі, бо часта бацькі гэта не кантралююць, што можа прыводзіць да дэзадаптацыі першакласніка. Выкарыстоўваючы тайм-мене­дж­мент, вы здольны забяспе­чыць дзіцяці высокую паспяховасць, нармальны сон і харчаванне, цудоўнае самаадчуванне і добры настрой. Абмяркоўвайце з дзіцем нормы і правілы знаходжання ў школе, цікаўцеся яго справамі. Не прапускайце ўзніклыя ў першакласніка цяжкасці, паспрабуйце справіцца з імі на першым годзе навучання.

І не забывайце, што ў першакласніка павінна заставацца дастаткова часу для гульняў.

Падтрымайце першакласніка і пахваліце за невялікі, але ўжо вынік у яго жыцці, бо пахвала і эмацыянальная падтрымка робяць цуды. Калі вы заўважылі трывожныя моманты ў паводзінах дзіцяці, як мага раней звярніцеся па дапамогу да педагога-псіхолага і настаўніка.

— Якія асаблівасці мае адаптацыя ў пяцікласнікаў і дзесяцікласнікаў?

 У малодшым падлеткавым узросце адбываюцца фізіялагічныя змяненні, якія могуць уплы­ваць на паспяховасць праходжання адаптацыйнага перыяду школьніка. Могуць назірацца павышаная стамляльнасць, жаданне зацвердзіцца ў сваёй самастойнасці, патрэбнасць у зносінах з аднагодкамі, жаданне незалежнасці і эмацыянальнасць.

Пераходзячы ў 10 клас, падлеткі могуць сутыкацца з цяжкасцямі ва ўзаемаадносінах з аднакласнікамі, бо ў падлеткавым узросце вельмі важна быць прынятым у класным калектыве, знайсці сяброў, калі гэта тычыцца падлетка, які змяніў установу адукацыі, аднак не ва ўсіх гэта атрымліваецца. У такой сітуацыі педагог-псіхолаг сумесна з класным кіраўніком могуць дапамагчы навучэнцам вырашыць гэтую праблему. Вельмі важна дапамагчы падлетку выбудаваць узаемаадносіны з навучэнцамі, бацькамі, педагогамі, даць магчымасць звярнуцца па дапамогу, выказаць свой пункт гледжання, каб навучэнец адчуваў задаволенасць і эмацыянальны камфорт у школе. Вялікую ролю адыгрываюць сумесныя і групавыя заданні на ўроках, яны дапамагаюць матываваць навучэнцаў працаваць у камандзе, зніжаюць узровень сітуатыўнай і асобаснай трывожнасці, паляпшаюць псіхалагічную атмасферу ў класе.

У сваёй рабоце мне даводзілася сутыкацца з падобнымі цяжкасцямі, і вельмі важна, калі дзеці самі зацікаўлены ў вырашэнні праблемы і ідуць на кантакт.

— Якія методыкі (індыві­дуальныя і групавыя) вы лічыце самымі прыдатнымі для работы з дзецьмі з праб­лемамі адаптацыі?

— У дыягнастычнай рабоце з першакласнікамі на пачатковым этапе іх адаптацыі да навучання выкарыстоўваю карту назірання. Гэтая методыка ацэньвае эфектыўнасць вучэбнай дзейнасці, эмацыянальны дабрабыт, засваен­не дзіцем школьных норм. Выкарыстоўваю анкету для бацькоў расійскага псіхолага Марыны Біцянавай. Анкета накіравана на вызначэнне ўзроўню сфарміраванасці ўмоў вучэбнай дзейнасці і адаптацыі першакласніка да школьнага навучання. Наступная методыка — шкала трывожнасці Сірса, якая вымярае трывожнасць дзіцяці нароўні з ацэнкай напружанасці. Любімы дзецьмі праектыўны тэст “Дрэва” дазваляе даволі хутка вызначыць асаблівасці праходжання адаптацыйнага перыяду, выявіць магчымыя праблемы дзіцяці.

Эфектыўным метадам работы з адаптацыяй першакласнікаў лічу практыкаванні з пяском у рамках карэкцыйных казак “Лясная школа” (аўтар Марына Панфілава). Казкі для школьнай адаптацыі, а менавіта аб стаўленні навучэнцаў да ўрокаў, ведаў, рэчаў, аб школьных канфліктах прайгра­ваем у пяску з фігуркамі звяроў. Для дзяцей гэтая форма работы вельмі займальная, з вялікай цікавасцю яны слухаюць казкі і перажыва­юць за герояў.

Таксама навучэнцам вельмі падабаецца методыка “Сонца, хмарка, дожджык”. У інструкцыі ім прапануецца вызначыць іх самаадчуванне ў класе, дома, з сябрамі з дапамогай з’яў надвор’я, што даз­валяе зразумець, як сябе адчувае дзіця ў розных сітуацыях. Настрой у школе дзеці пазначылі сонцам — гэта звязана са з’яўленнем новых сяброў і новай сацыяльнай ролі.

— Хто звычайна накіроўвае дзіця да педагога-псіхолага ў перыяд адаптацыі да новых умоў навучання? Падлеткі часта прыходзяць самі з такім запытам?

— Як правіла, з першых дзён навучання дзіцяці ва ўстанове адукацыі забяспечваецца псіхалагічнае суправаджэнне яго адаптацыі да новых школьных умоў. Але бываюць выпадкі, калі класны кіраўнік, своечасова заўважыўшы прыкметы, што паказваюць на неспрыяльную сітуацыю ў вучня, адразу звяртаецца па дапамогу.

Ёсць у маёй практыцы падлеткі, якія самі звярталіся па дапамогу ва ўсталяванні міжасобасных адносін у класе, падлеткі, якія адчувалі страх пры праверцы ведаў, страх самавыяўлення, у якіх былі канфлікты з аднагодкамі. Больш за ўсё ў прафесіі мяне радуе, калі навучэнцы прыхо­дзяць на кансультацыі рэгулярна і я магу ўба­чыць станоўчую дынаміку ў рабоце.

Источник: https://nastgaz.by