РУС БЕЛ ENG 中文

Канікулы з карысцю: дзе летам працавалі навучэнцы Навагрудчыны

07.09.2023

Кожны год юнакі і дзяўчаты з задавальненнем ідуць у лагер працы і адпачынку, які арганізаваны ў Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна. Яркі таму прыклад — навучэнец Ягор Куцко. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Ужо другі год запар школьнік працаваў у сельскагаспадарчым атрадзе ў СВК «Нягневічы». Кажа, што праца ў полі яму падабаецца — сам ён хлопец вясковы, з маленства з сястрой назіраў, як бацькі даглядаюць уласны агарод.

— У гэтым годзе ў атрадзе былі і тыя, хто працаваў са мной мінулым летам, — адзначае адзінаццацікласнік. — У 9.30 мы выходзілі на поле, працавалі да абеду. У асноўным займаліся праполкай збожжавых. Дружна, весела, на свежым паветры! Час пралятаў непрыкметна. За смену, якая працягвалася два тыдні, паспелі стаць сябрамі. Акрамя добрай практыкі атрымалі і заробак, што вельмі стымулюе.

Дырэктар школы Галіна Ісаенка гаворыць, что гэты лагер працы і адпачынку — адзіны ў Навагрудскім раёне:

— Для таго каб яго адкрыць, патрэбна цеснае супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі арганізацыямі: дагавор паміж школай і гаспадаркай, грамадзянска-прававыя дагаворы з дзецьмі, а таксама штодзённыя планы работ, якія складаюцца ў залежнасці ад надвор’я. Трэба арганізаваць і своечасовую аплату. Старшыня СВК «Нягневічы» Юрый Куцко ніколі не адмаўляе. «Гэта ж на карысць дзецям!» — заўважае ён. І на самой справе  на карысць: старшакласнікі разумеюць важнасць працы, вучацца зарабляць грошы. Кожны год юнакі і дзяўчаты з задавальненнем ідуць у наш лагер.

Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людмілы Мароз, школьнікам расказваюць пра няпростую працу на палях, амаль у кожнай установе адукацыі ёсць стэнд з актуальнай інфармацыяй пра лепшых з аграрыяў.

— Кожны год мы хварэем за сваіх аграрыяўведаем, як складана ім у сезон. Дзеці павінны ведаць сваіх герояў, — лічыць Л. Мароз. — Прыемна, што навучэнцы і самі імкнуцца працаваць — штогод у студатрадах колькасць байцоў павялічваецца. Словы ўдзячнасці за плённую працу і ўклад, унесены ў агульную справу раёна, хачу адрасаваць усім, хто запісваецца ў студатрады, каб правесці канікулы з карысцю. Дзяцей вучым: ні адзін дзень не павінен быць пражыты дарма, прывучаем іх да працы. Дарэчы, менавіта з гэтага года студатрады ў нас арганізаваны ўжо не толькі на базе сельскагаспадарчых арганізацый, але і на прадпрыемствах горада. Гэта, напрыклад, Навагрудскі завод газавай апаратуры і Навагрудскі завод металавырабаў.

Источник: https://nastgaz.by